АЛАДЖА́-ХЮЮ́К
(Alaca Hüyük),
узгорак недалёка ад г. Багазкёй на Пн Цэнтр. Турцыі, дзе выяўлены археал. напластаванні ад эпох энеаліту і бронзавага веку (4—3-е тыс. да н.э.) да 7—6 ст. да н.э. Раскопкамі з 1935 выяўлены царскі (?) могільнік з 13 пахаваннямі (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.). У грунтавых камерах разам з касцякамі нябожчыкаў знойдзена шмат залатых і медных вырабаў (посуд, зброя, фігуркі быкоў і аленяў, упрыгожанні). Да хецкага часу (2-е тыс. да н.э.) адносяцца рэшткі абарончых сцен з варотамі (упрыгожаны фігурамі сфінксаў), храма і інш. збудаванняў.
т. 1, с. 226
АЛА́ДКІ,
бел. традыцыйны мучны выраб. Пшанічную муку (вышэйшых гатункаў) замешваюць на заквасцы, разведзенай малаком, сыраквашай, сыроваткай. У цеста дадаюць яйкі, масла, соду або дрожджы. Пякуць на змазанай тлушчам патэльні ў гарачым духу печы. Гатовыя аладкі мажуць маслам, мачаюць у тук, смятану ці варэнне, даўней палівалі цёртым макам (найчасцей на Каляды). Пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі. На Палессі аладкамі наз. бліны з таркаванай бульбы.
т. 1, с. 226
АЛАЗА́НЬ-АЎТАРА́НСКАЯ РАЎНІ́НА,
Алазань-Агрычайская даліна, у Грузіі і Азербайджане, уздоўж паўд. падножжа В. Каўказа, па далінах рэк Алазань і Агрычай. Цягнецца на 200—225 км, шыр. ад 20 да 40 км, выш. да 450 м. Характэрны пераважна ўзараныя стэпы, дубовыя і альховыя лясы, сады. Грузінская ч. Алазань-Аўстрыйскай раўніны наз. Кахецінскай раўнінай. Раён вінаградарства.
т. 1, с. 226
АЛАЗЕ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у міжрэччы рэк Індыгірка, Калыма, Алазея і Ажогіна. Даўж. 300 км. Выш. да 954 м. Складзена пераважна з гнейсаў, перакрытых вулканагеннаасадкавымі і туфагеннымі адкладамі, перарванымі гранітамі. Характэрны ізаляваныя масівы і хрыбты з плоскімі вяршынямі. На схілах да выш. 450 м забалочаныя лістоўнічныя рэдкалессі, да 600 м зараснікі кедравага сланцу, вышэй — горная тундра.
т. 1, с. 226
АЛАЗЕ́Я,
рака на ПнУ Рэспублікі Саха (Якуція). Даўж. 1590 км, пл. бас. 64,7 тыс. км². Утвараецца ў сутоках рэк Нелькан і Кадылчан на Алазейскім пласкагор’і. Цячэ па Калымскай нізіне, упадае 2 пратокамі ва Усх.-Сібірскае мора. Найбольшы прыток Расоха (злева). Ледастаў з канца вер. — пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Сярэднегадавы расход у ніжнім цячэнні 300 м³/с. У бас. Алазеі больш за 24 тыс. азёраў.
т. 1, с. 226
АЛА́ІД,
дзеючы вулкан на в-ве Атласава, у Ахоцкім м., найвыш. ў В. Курыльскай градзе. Выш. да 2339 м. Падводная ч. ўтворана асновай уласна Алаіда, размешчанай на больш стараж. вулканічным конусе. Складзены з андэзітабазальтавых лаваў. Каля асновы амаль 30 пабочных конусаў. Схілы ўкрыты альхова-рабінавымі зараснікамі, высакатраўем. З выш. 700—800 м — палосы лёду і снегу. За 200 апошніх гадоў каля 6 вывяржэнняў.
т. 1, с. 226
АЛА́ІЗБЕРГ,
возера ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіліца, за 16 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,46 км². Даўж. 4,1 км, найб. глыб. 19 м. Пл. вадазбору 17 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, на У укрыты лесам. Дно плоскае, пясчанае. Выцякае ручай у р. Свіліца.
т. 1, с. 226
АЛА́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,
у сістэме Гісара-Алая, у Кыргызстане і часткова ў Таджыкістане. Падзяляе Ферганскую і Алайскую даліны. Даўж. каля 400 км. Выш. да 5539 м. Складзены з пясчана-гліністых парод і крышт. сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На схілах сухія кавыльна-ціпчаковыя стэпы, лугастэпы, арчоўнікі, вышэй — альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. 811 км²).
т. 1, с. 226