АЛАДЖА́-ХЮЮ́К

(Alaca Hüyük),

узгорак недалёка ад г. Багазкёй на Пн Цэнтр. Турцыі, дзе выяўлены археал. напластаванні ад эпох энеаліту і бронзавага веку (4—3-е тыс. да н.э.) да 7—6 ст. да н.э. Раскопкамі з 1935 выяўлены царскі (?) могільнік з 13 пахаваннямі (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.). У грунтавых камерах разам з касцякамі нябожчыкаў знойдзена шмат залатых і медных вырабаў (посуд, зброя, фігуркі быкоў і аленяў, упрыгожанні). Да хецкага часу (2-е тыс. да н.э.) адносяцца рэшткі абарончых сцен з варотамі (упрыгожаны фігурамі сфінксаў), храма і інш. збудаванняў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)