Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЗАРЫДЗІ́Н,

тое, што этыленімін.

т. 1, с. 151

АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.

Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.

т. 1, с. 151

АЗА́РЫЦКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадамі «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін), А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, Капаткевіцкім (камандзір А.А.Жыгар) і ням.-фаш. акупантамі ў в. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. 17 лютага. Аперацыяй кіраваў Герой Сав. Саюза Ф.І.Паўлоўскі. Партызаны, знішчыўшы фаш. гарнізон у в. Валосавічы, накіраваліся да в. Азарычы, дзе размяшчаліся гарнізон ворага з 70 чал. і склады са збожжам для адпраўкі ў Германію. Раніцай партыз. атрады занялі зах. частку вёскі, ударныя групы атакавалі каравульнае памяшканне. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны без страт са свайго боку разграмілі гарнізон, захапілі зброю, раздалі насельніцтву 850 т збожжа.

т. 1, с. 151

АЗА́РЫЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Віша. Цэнтр пасялковага Савета і саўгаса «Азарычы». За 42 км на Пн ад Калінкавіч, 22 км ад чыг. ст. Халоднікі на лініі Жлобін — Калінкавічы, на аўтадарозе Калінкавічы — Бабруйск. 1,7 тыс. ж. (1995).

У сярэдзіне 16 ст. вёска ў Мазырскім пав. ВКЛ. З 1786 у Азарычах праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1793 у складзе Рас. імперыі. З канца 19 ст. мястэчка, цэнтр Бабруйскага пав: У 1878 — 900 ж. У 1924—31 цэнтр сельсавета і раёна, у 1931—35 цэнтр сельсавета Мазырскага р-на, у 1935—60 — Даманавіцкага р-на і Азарыцкага сельсавета. З 1938 вёска. У Вял. Айч. вайну ў сак. 1944 ням.-фаш. захопнікі стварылі паблізу Азарыч Азарыцкі лагеры смерці. З 1959 гар. пасёлак. З 1960 у Калінкавіцкім р-не.

Сепаратарнае аддз. Мазырскага малочнага з-да, участкі Калінкавіцкага лясгаса і лясніцтва, хлебапякарня, геафіз. экспедыцыя. Сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, дзіцячы сад-яслі, аддз. сувязі, кафэ. Брацкая магіла і брацкія могілкі сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.

т. 1, с. 152

АЗА́РЫЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Валішчанскім с/с Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Рассвет». За 44 км на ПнЗ ад Пінска, 232 км ад Брэста, 45 км ад чыг. ст. Пінск, 0,5 км ад шашы Пінск—Івацэвічы. 905 ж., 305 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 1, с. 152

АЗАРЭ́ВІЧ Дзмітрый Іванавіч

(1.11.1848, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 1912),

расійскі вучоны. Д-р юрыд. н. (1877), праф. Новарасійскага (Адэскага, 1882) і Варшаўскага (1887) ун-таў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1870). З 1874 праф. у Дзямідаўскім юрыд. ліцэі ў Яраслаўлі. Навук. працы па гісторыі і практыцы рым. права.

Тв.:

История византийского права. Ч. 1—2. Ярославль, 1876—77;

Античный мир и христианство. Ярославль, 1880;

Система римского права. Т. 1—3. Спб., Варшава, 1887—89.

В.А.Гапоненка.

т. 1, с. 152

АЗАРЭ́ВІЧЫ,

Азарэвічавы, сям’я бел. і рус. акцёраў 18—19 ст.

Пелагея (па сцэне Жывакіна; ?, Шклоў — ?), артыстка балета. Прыгонная. Вучылася ў балетмайстра Марыядзіні. Пры мадонна балета Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1799 адпушчана на волю, выступала на пецярбургскай, потым да 1812 на маскоўскай сцэне. Маці акцёра В.І.Жывакіні.

Кацярына Лук’янаўна (?, Шклоў — пасля 1870), артыстка балета. Прыгонная. Пляменніца Пелагеі, маці Надзеі і Марыі Азарэвіч. Вучаніца балетмайстра М.Пранчынскага. Да 1799 вядучая танцоўшчыца Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 перададзена дырэкцыі Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў. У 1802 адпушчана на волю.

Надзея Апалонаўна (па сцэне Азарэвіч 1-я, па мужу Навіцкая; каля 1802, Пецярбург — ?), артыстка балета і драмы. Вучылася ў імператарскім тэатр. вучылішчы ў балетным класе і ў т.зв. «маладой трупе» А.Шахаўскога. У 1821—27 выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне. Вызначалася ў пантамімных балетах Агюста і Ш.Дзідло.

Марыя Апалонаўна (па сцэне Азарэвіч 2-я; 1804, Пецярбург — 14.11.1888), драм. актрыса. Вучаніца Шахаўскога і К.Сямёнавай. У 1821—43 выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне ў трагедыях і камедыях. Першая выканаўца ролі Лізы ў спектаклі «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (паст. 1831).

т. 1, с. 152

АЗАСПАЛУЧЭ́ННЕ,

хімічная рэакцыя ўзаемадзеяння араматычных дыазазлучэнняў з азаскладальнымі, пераважна араматычнымі амінамі і феноламі. Працякае звычайна ў водным асяроддзі (pH 2 — 6 ці 6 — 11 для амінаў і фенолаў адпаведна) пры t 0—30 °C з утварэннем азазлучэнняў. Аазаспалучэнне — асноўны прамысловы спосаб вытв-сці азафарбавальнікаў.

т. 1, с. 152

АЗАТАВА́ННЕ ў тэхніцы, від хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, насычэнне паверхні метал. вырабаў азотам. Павышае паверхневую цвёрдасць, зносаўстойлівасць і каразійную стойкасць. Вырабы з легіраваных сталяў азатуюць у герметычных муфельных печах пры t 500—700 °C 15 мін — 90 гадз (у залежнасці ад патрэбнай таўшчыні азатаванага слоя). Высокая цвёрдасць азатаванай паверхні (1200 па Вікерсу) звязана з утварэннем у ёй нітрыдаў і карбанітрыдаў легіравальных элементаў. Вырабы са сплаваў тытану апрацоўваюць пры t 850—950 °C 10—50 гадз у асяроддзі тэхн. азоту, ачышчанага ад кіслароду і вільгаці. Азатаванне праводзяць таксама ў тлеючым разрадзе. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі некаторых інструментаў, цыліндраў і клапанаў рухавікоў, дэталяў быстраходных станкоў і інш.

т. 1, с. 152

АЗАТЭМІ́Я

(ад азот + грэч. haima кроў),

празмерная колькасць у крыві азотазмяшчальных прадуктаў бялковага абмену. Абумоўліваецца недастатковасцю выдзяляльнай функцыі нырак і мочавыдзялення, павышаным распадам бялку.

т. 1, с. 152