АЗАТАВА́ННЕ ў тэхніцы, від хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, насычэнне паверхні метал. вырабаў азотам. Павышае паверхневую цвёрдасць, зносаўстойлівасць і каразійную стойкасць. Вырабы з легіраваных сталяў азатуюць у герметычных муфельных печах пры t 500—700 °C 15 мін — 90 гадз (у залежнасці ад патрэбнай таўшчыні азатаванага слоя). Высокая цвёрдасць азатаванай паверхні (1200 па Вікерсу) звязана з утварэннем у ёй нітрыдаў і карбанітрыдаў легіравальных элементаў. Вырабы са сплаваў тытану апрацоўваюць пры t 850—950 °C 10—50 гадз у асяроддзі тэхн. азоту, ачышчанага ад кіслароду і вільгаці. Азатаванне праводзяць таксама ў тлеючым разрадзе. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі некаторых інструментаў, цыліндраў і клапанаў рухавікоў, дэталяў быстраходных станкоў і інш.
т. 1, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)