Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУЧКЕ́ВІЧ Уладзімір Максімавіч (29.12.1904, с. Яноўцы Чарнавіцкай вобл., Украіна — 24.7.1997),

расійскі і ўкр. фізік, адзін са стваральнікаў вытв-сці сілавых паўправадніковых прылад. Акад. Рас. АН (1970, чл.-кар. 1968). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Кіеўскі ун-т (1928). Працаваў у НДІ Кіева. З 1936 у Фіз.-тэхн. ін-це Рас. АН у С.-Пецярбургу (у 1967—87 дырэктар). Адначасова ў 1935—60 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў. Атрымаў чыстыя монакрышталі германію і крэмнію і прапанаваў тэхналогію вырабу з іх плоскасных дыёдаў і трыёдаў, фотаэлементаў і фотадыёдаў. Распрацаваў тэхналогію вырабу сілавых паўправадніковых прылад і пераўтваральнікаў для электроннай тэхнікі і моцнатокавай электронікі. Разам з А.П.Аляксандравым і І.В.Курчатавым распрацаваў процімінную ахову ваен. караблёў (1941). Дзярж. прэмія СССР 1942. Ленінская прэмія 1966.

Тв.:

Силовое полупроводниковое приборостроение. М., 1980 (у сааўт.).

т. 16, с. 65

Тучкін Аляксандр Аркадзевіч

т. 18, кн. 1, с. 463

ТУШ (ням. Tusche) у выяўленчым мастацтве, чорная фарба, якая з часам не траціць інтэнсіўнасці колеру. Бывае вадкая і сухая. Вырабляюць з сажы (ад спальвання хвойнай драўніны) і клеявых рэчываў (раслінных алеяў і смол). Пры рабоце з пэндзлем Т. звычайна разбаўляюць вадой; тон малюнка можа быць ад чорнага да серабрыста-шэрага. Выкарыстоўваецца для чарчэння, малявання ў тэхніках штрыхоўкі, заліўкі і адмыўкі (часта ў спалучэнні з алоўкам і вугалем). Вядома са старажытнасці ў Кітаі, пазней атрымала пашырэнне ў Карэі і Японіі, з 16—17 ст. — у Еўропе. Т. называюць таксама аналагічныя чорнай каляровыя фарбы, якія вырабляюць на аснове каменнавугальных фарбавальнікаў.

т. 16, с. 65

ТУШ (ням. Tusch; англ. tucket, tuck),

урачыстае муз. прывітанне, якое выконваецца духавым аркестрам у час узнагароджання, ушаноўванняў, віншаванняў. Складаецца звычайна з пяцітактавага муз. сказа, які паўтараецца ў хуткім тэмпе некалькі разоў. Першапачаткова (з сярэдзіны 18 ст.) — кароткая п’еса фанфарнага складу, з 19 ст. — сучасная форма.

т. 16, с. 65

ТУШАМЛІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 4—7 ст. н.э. жылі ў Смаленскім Падняпроўі і Падзвінні, на У Беларусі. Вылучана П.М.Траццяковым, назва ад гарадзішча-сховішча Тушамля на Смаленшчыне. Насельніцтва займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй; паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва мелі дапаможны характар; былі развіты таксама кавальская справа, здабыча і апрацоўка жалеза, каляровых металаў. Жыло ў селішчах і гарадзішчах-сховішчах у жытлах слупавой канструкцыі. У гарадзішчах-сховішчах знаходзіліся свяцілішчы, у цэнтры якіх стаяў высокі слуп з выявай гал. бажаства. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў урнах або без іх, у грунтавых акруглых ямах. Для Т.к. характэрны гліняны таўстасценны і слабапрафіляваны посуд высокіх прапорцый, жал. прылады працы (сярпы, сякеры, трохгранныя наканечнікі стрэл, лістападобныя наканечнікі коп’яў і інш.). Тушамлінскія плямёны былі на стадыі пераходу ад родавай абшчыны да тэрытарыяльнай сельскай. На Беларусі найб. даследаваны гарадзішча-сховішча Нікадзімава, гарадзішча і селішча Княжыцы. Большасць даследчыкаў лічыць, што Т.к. адносіцца да балцкага этнічнага масіву.

А.​А.​Седзін.

т. 16, с. 65

ТУШКА́НЧЫКІ, тушканчыкавыя (Dipodidae),

сямейства млекакормячых жывёл атр. грызуноў. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн. г. назад). 10—15 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ў стэпах, паўпустынях і пустынях Еўразіі, Паўн. і Паўн.-Усх. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. Жывуць у норах. Перамяшчаюцца скачкамі. Зімой упадаюць у спячку.

Даўж. цела да 26 см, хваста да 30 см. Галава і вочы вял., вушы доўгія, круглаватыя. Пярэднія лапкі маленькія, скакальныя заднія ў 3—4 разы даўжэйшыя, моцныя. Хвост звычайна з кутасікам на канцы, выконвае ролю балансіра пры скачках. Кормяцца пераважна насеннем, цыбулінамі і зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Нараджаюць да 8 дзіцянят 1—2 разы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Тушканчыкі: 1 — вялікі; 2 — зайчык земляны; 3 — емуранчык звычайны.

т. 16, с. 65

ТУШКА́НЧЫК ВЯЛІ́КІ,

млекакормячая жывёла атр. грызуноў, гл. Земляны заяц.

т. 16, с. 65

ТУШНО́ВА Вераніка Міхайлаўна (27.3.1915, Казань, Расія — 7.7.1965),

руская паэтэса. Вучылася ў Ленінградскім мед. ін-це (1931—35). Друкавалася з 1944. Аўтар зб-каў вершаў «Першая кніга» (1945), «Шляхі-дарогі» (1954), паэмы «Дарога на Клухор» (1952). У паэт. зб-ках «Памяць сэрца» (1958), «Другое дыханне» (1961), «Сто гадзін шчасця» (1965), «Вершы» (апубл. 1969) і інш. пранікнёны гімн каханню, успрыманне гісторыі Радзімы як глыбока асабістага, увага да ўнутр. свету лірычнага героя. Некат. яе вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Избранное. М., 1988.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 66

ТУШО́НІКІ,

бел. традыц. страва; тушаная бульба. Называлі таксама ту́шанка. Бульбу чысцілі, рэзалі на кавалачкі, тушылі ў печы (без вады) з салам або слівамі.

т. 16, с. 66

ТУ́ШПА,

старажытны горад на ўсх. беразе воз. Ван, сталіца дзяржавы Урарту (9 — пач. 6 ст. да н.э.). Цытадэль Т. знаходзілася на скале, горад — каля яе падножжа на месцы сучаснага г. Ван (Турцыя). Пры цару Менуа (канец 9 ст. да н.э.) да горада праведзены канал ад горных крыніц. Арм. гісторык 5 ст. н.э. Маўсес Харэнацы апісаў скалу, канал і прывёў паданне пра будаўніцтва Вана царыцай Шамурамат (Семірамідай). У 1827 ням. археолаг Ф.​Шульц даследаваў рэшткі крапасных сцен, высечаныя ў скале памяшканні (магчыма, грабніцы цароў) і скапіраваў клінапісныя надпісы. У 1916 І.А.Арбелі знайшоў у нішы на скале гары стэлу з летапісам цара Сардуры II (сярэдзіна 8 ст. да н.э.). Т. неаднаразова згадваецца ў асірыйскіх крыніцах. У 735 да н.э. асірыйцы разбурылі горад, але крэпасць узяць не змаглі. У пач. 6 ст. да н.э. цытадэль разбурылі мідыйцы, але жыццё на цытадэлі працягвалася і пры Ахеменідах.

т. 16, с. 66