ТУШ (ням. Tusche) у выяўленчым мастацтве, чорная фарба, якая з часам не траціць інтэнсіўнасці колеру. Бывае вадкая і сухая. Вырабляюць з сажы (ад спальвання хвойнай драўніны) і клеявых рэчываў (раслінных алеяў і смол). Пры рабоце з пэндзлем Т. звычайна разбаўляюць вадой; тон малюнка можа быць ад чорнага да серабрыста-шэрага. Выкарыстоўваецца для чарчэння, малявання ў тэхніках штрыхоўкі, заліўкі і адмыўкі (часта ў спалучэнні з алоўкам і вугалем). Вядома са старажытнасці ў Кітаі, пазней атрымала пашырэнне ў Карэі і Японіі, з 16—17 ст. — у Еўропе. Т. называюць таксама аналагічныя чорнай каляровыя фарбы, якія вырабляюць на аснове каменнавугальных фарбавальнікаў.

т. 16, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)