ТУ́ШПА,

старажытны горад на ўсх. беразе воз. Ван, сталіца дзяржавы Урарту (9 — пач. 6 ст. да н.э.). Цытадэль Т. знаходзілася на скале, горад — каля яе падножжа на месцы сучаснага г. Ван (Турцыя). Пры цару Менуа (канец 9 ст. да н.э.) да горада праведзены канал ад горных крыніц. Арм. гісторык 5 ст. н.э. Маўсес Харэнацы апісаў скалу, канал і прывёў паданне пра будаўніцтва Вана царыцай Шамурамат (Семірамідай). У 1827 ням. археолаг Ф.​Шульц даследаваў рэшткі крапасных сцен, высечаныя ў скале памяшканні (магчыма, грабніцы цароў) і скапіраваў клінапісныя надпісы. У 1916 І.А.Арбелі знайшоў у нішы на скале гары стэлу з летапісам цара Сардуры II (сярэдзіна 8 ст. да н.э.). Т. неаднаразова згадваецца ў асірыйскіх крыніцах. У 735 да н.э. асірыйцы разбурылі горад, але крэпасць узяць не змаглі. У пач. 6 ст. да н.э. цытадэль разбурылі мідыйцы, але жыццё на цытадэлі працягвалася і пры Ахеменідах.

т. 16, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)