Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТЭ́Й,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Раянаваны ў Беларусі.

Дрэва сярэднярослае, пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Крона круглавата-конусападобная, рэдкая. Лісце яйцападобнае, маршчыністае, даволі вялікае. Сорт скараплодны, ураджайны. Плады сярэднія і вялікія, круглавата-канічныя, крыху пляскатыя, часам шырокарабрыстыя, захоўваюцца да сярэдзіны красавіка. Скурка светла-зялёная з цёмна-бардовым адценнем. Мякаць белая з зеленаватым адценнем, сакаўная, кісла-салодкая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы.

т. 1, с. 406

АНТЭКЛІ́ЗА

(ад анты... + грэч. klisis нахіл),

вялікае скляпеннепадобнае падняцце паверхні крышт. фундамента ў межах платформаў (пліт); процілегласць сінеклізы.

Мае круглаваты або выцягнуты контур, памеры ў папярочніку да некалькіх соцень кіламетраў. Фарміруецца на працягу некалькіх геатэктанічных этапаў як зона павольнага падняцця зямной кары на фоне апускання сумежных структур. Таму на антэклізе магутнасць платформавага чахла памяншаецца ад перыферыі да цэнтра, месцамі на зямную паверхню выходзяць пароды фундамента. На Рускай пліце Усходне-Еўрапейскай платформы вядомы Беларуская антэклізацэнтр. і паўд.-зах. частках тэр. рэспублікі) і Варонежская антэкліза (зах. крыло — на У Беларусі).

М.Н.Нагорны.

т. 1, с. 406

АНТЭ́МІС,

род кветкавых раслін, гл. Пупок.

т. 1, с. 406

АНТЭ́НА

(ад лац. antenna рэя),

прыстасаванне для выпрамянення і прыёму электрамагнітных хваляў, адзін з асн. элементаў ліній радыёсувязі. Перадавальная антэна пераўтварае энергію эл.-магн. ваганняў, засяроджаную ў выхадных вагальных ланцугах радыёперадатчыка, у энергію радыёхваляў. Прыёмная антэна выконвае адваротнае пераўтварэнне энергіі радыёхваляў у энергію ВЧ-ваганняў і аддзяляе карысны сігнал ад перашкод. У большасці перадавальных антэн інтэнсіўнасць выпрамянення залежыць ад напрамку (накіраванасць выпрамянення), што павышае напружанасць эл.-магн. хвалі ў бок найб. выпрамянення (раўназначная эфекту, выкліканаму павышэннем выпрамяняльнай магутнасці); вызначаецца каэфіцыентам накіраванага дзеяння (КНДз). Залежнасць напружанасці эл. поля ад напрамку назірання графічна адлюстроўваецца дыяграмай накіраванасці (ДН). Звычайна ДН мае многапялёсткавы характар (вынік інтэрферэнцыі выпрамянення ад асобных элементаў антэны); адрозніваюць гал. пялёстак і бакавыя. Чым большыя памеры антэны ў параўнанні з даўжынёй хвалі, тым вузейшы гал. пялёстак, большы яго КНДз і большая колькасць бакавых пялёсткаў. Асн. характарыстыкі антэны (ДН, КНДз і ўваходнае супраціўленне, што характарызуе ўзгадненне антэны з лініяй перадачы) аднолькавыя ў рэжымах перадачы і прыёму. Паводле канструкцыі і прынцыпу работы антэны бываюць: бягучай хвалі антэна, дыяпазонная антэна, рамачная антэна, хваляводна-рупарная антэна, люстраная антэна, вібратарная, шчылінная, лінзавая, антэнная рашотка і інш.

Вібратарная антэна — праваднік даўжынёй L = 0,5λ, дзе λ — даўж. хвалі; КНДз=1,64, для яго павелічэння звычайна выкарыстоўваюць многавібратарныя антэны (гл. Тэлевізійная антэна), выкарыстоўваюць ва ўсіх дыяпазонах радыёхваляў. Шчылінная антэна — метал. экран з прамавугольнымі адтулінамі; выкарыстоўваюць у дыяпазоне ЗВЧ. Лінзавая антэна складаецца з абпрамяняльніка (вібратарная, шчылінная або інш. антэны) і дыэлектрычнай лінзы, якая факусіруе хвалю ў вузкі прамень; КНДз да 10​4; выкарыстоўваецца ў радыёлакацыйных і вымяральных устаноўках. Антэнная рашотка — сістэма слабанакіраваных антэн, якія ў рэжыме перадачы далучаюцца да агульнага генератара праз сістэму размеркавання магутнасці, у рэжыме прыёму — да агульнага прыёмніка; КНДз прыблізна роўны здабытку КНДз асобнага выпрамяняльніка і іх колькасці. Асаблівасць — магчымасць павароту ДН адносна самой рашоткі (эл. сканіраванне), што дасягаецца зменай рознасці фазаў паміж суседнімі выпрамяняльнікамі з дапамогай спец. фазавярчальнікаў па камандах ЭВМ.

А.А.Юрцаў.

т. 1, с. 406

АНТЭ́НУЛЫ,

першая пара рухомых членістых прыдаткаў галавы ў ракападобных. Зыходна простыя, у некаторых вышэйшых другасна разгалінаваныя на 2—3. Звычайна з’яўляюцца органамі дотыку і хемарэцэпцыі; у некаторых ніжэйшых ракаў ператвораны ў прыстасаванні для плавання (весланогія) або прымацавання да субстрату (вусаногія).

т. 1, с. 406

АНТЭ́НЫ,

сяжкі, вусікі, парныя шматчленістыя прыдаткі галавы членістаногіх (акрамя павукападобных). У насякомых антэны розныя па форме (жгуцікападобныя, грабеньчатыя, пласціністыя, булавападобныя) і памерах; у ракападобных антэны — другая за антэнуламі пара галаўных прыдаткаў. Антэны выконваюць функцыі органаў нюху, дотыку, смаку, слыху, успрымання т-ры, вільготнасці і нават святла (у тлі), зрэдку служаць для захопу здабычы, утрымлівання самкі (у самцоў весланогіх), пухіркоў паветра (у жукоў-серабранак), для руху (у галінаставусых) і інш.

т. 1, с. 406

АНТЭРЫ́ДЫЙ

(ад грэч. anthēros квітнеючы),

мужчынскі орган палавога размнажэння (мужчынскі гаметафіт) споравых раслін (моха- і папарацепадобных, некаторых водарасцяў) і грыбоў (ааміцэтаў і аскаміцэтаў). У вышэйшых раслін — невял. авальнае або шарападобнае цельца з покрывам з аднаго або некалькіх радоў бясплодных клетак. Унутры антэрыдыю ўтвараюцца сперматагенныя клеткі, з іх потым узнікаюць мужчынскія гаметы — сперматазоіды, або спермацыі. У грыбоў змесціва антэрыдыю не падзелена на асобныя гаметы.

т. 1, с. 406

АНТЭСТЭ́РЫІ,

вясновае свята абуджэння прыроды ў Стараж. Афінах. Першы дзень наз. «днём адкрыцця бочак», другі дзень — «куфля», прысвячалі богу вінаробства Дыянісу. Трэці дзень свята («гаршкі») прысвячалі душам памерлых і выстаўлялі ім пачастункі.

т. 1, с. 406

АНТЭФІ́КС

(лац. antefixum),

від архітэктурнага аздаблення з мармуру ці тэракоты ў форме пальметы або шчыта з рэльефным арнаментам, з выявай фантаст. жывёліны. Звычайна размяшчаліся па краях дахавага накрыцца ўздоўж падоўжнай сцяны ант. храма.

т. 1, с. 407