Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСО́БА БЕЗ ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

гл. ў арт. Апатрыды.

т. 2, с. 40

АСО́БІНА,

індывід, найменшая непадзельная адзінка біял. віду, якая знаходзіцца пад уздзеяннем фактараў эвалюцыі. Паняцце «асобіны » дастасуецца толькі да вышэйшых арганізмаў; для каланіяльных, сімбіятычных і арганізмаў з вегетат. размнажэннем яно ўмоўнае. У панміктычных відаў (якія свабодна скрыжоўваюцца) кожная асобіна — унікальная істота з уласнай генетычнай структурай, элементарная адзінка існавання ў біяцэнозе. У агамных відаў (з бясполым размнажэннем) кожная асобіна — самавытворная адзінка. У генет. сэнсе асобіна — часовы (ад нараджэння да смерці) носьбіт толькі часцінкі агульнага генафонду папуляцыі (віду), аднак яна актыўна ўдзельнічае ў эвалюцыйным працэсе.

т. 2, с. 40

«АСО́БЫЯ НАРА́ДЫ»,

дзяржаўныя ўстановы ў Расіі, створаныя для кіравання эканам. жыццём у гады 1-й сусв. вайны 1914—18. «Асобых нарадаў» было 5: па абароне, перавозках, харчаванні, уладкаванні бежанцаў, забеспячэнні палівам шляхоў зносін. Паводле Палажэння, зацверджанага царом 17.8.1915, «Асобыя нарады» з’яўляліся вышэйшымі дзярж. ўстановамі, мелі права патрабаваць садзейнічання ўсіх грамадскіх і ўрадавых арг-цый, устанаўліваць цэны, накладваць секвестр і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 улікова-рэгістрацыйны апарат і тэхн. кадры «Асобых нарадаў» выкарыстаны сав. уладай пры стварэнні Вышэйшага савета нар. гаспадаркі і інш. Органаў.

т. 2, с. 41

АСО́БЫ БЕЛАРУ́СКІ ЗБОР,

спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дзейнічалі ў крас.ліст. 1942 каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Створаны паводле рашэння ЦК КП(б)Б. З 1-га выпуску ў чэрв. 1942 сфарміраваны 12 партыз. атрадаў, якія ў пач. ліп. праз Віцебскія «вароты» перапраўлены на тэр. акупіраванай Беларусі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чал. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп, 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія атрады выраслі ў партыз. брыгады, групы — у атрады.

т. 2, с. 40

АСО́Т

(Sonchus),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).

Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.

т. 2, с. 41

АСО́ТНА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 38 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,23 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 0,25 км, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,75 км². Схілы катлавіны выш. да 25 м, на Пд — да 10 м. Злучана ручаём з воз. Вял. Таболы.

т. 2, с. 41

АСО́ЎСКІ

(Ossowski) Лешак (1.4.1905, Варшава — 10.2.1996),

польскі мовазнавец, славіст, даследчык бел. мовы. Д-р усходнеслав. філалогіі (1945), праф. (1964). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пазнанскім і Ягелонскім ун-тах. Заг. кафедры рус. мовы Вроцлаўскага (з 1946) і рус. філалогіі Пазнанскага (1964—75) ун-таў. Аўтар навук. прац па слав. дыялекталогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовы, у тым ліку «Моўныя праблемы Палесся» (1936), «З беларускай фанетыкі...» (1938), «Пераход «ы» ў «у» пасля губных у некаторых паўднёва-беларускіх гаворках» (1934) і інш. Даследаваў храналогію дзекання і цекання, гісторыю асобных марфал. формаў слоў, прасочваў сувязі Палесся з Валынню, спрабаваў вызначыць укр.-бел. моўную мяжу, бел.-польскія моўныя кантакты.

Тв.:

Studia slawistyczne. Wrocław etc., 1992.

Літ.:

Колесаў У.В., Пазухін Р.В. Беларусістыка і славістыка ў працах прафесара Лешка Асоўскага // Бел. лінгвістыка. Мн., 1977. Вып. 11.

т. 2, с. 41

АСО́ЦЫЯ,

згуртаванне расліннасці (напр., лясныя барэальныя балоты), якое знаходзіцца на стадыі змены (сукцэсіі), але яшчэ не дасягнула фінальнай, адносна ўстойлівай фазы развіцця (клімаксу).

т. 2, с. 41

АСО́ЧНІКІ,

сяляне-слугі ў ВКЛ 14—18 ст., гал. абавязкам якіх была ахова пушчаў вял. князя ці буйных феадалаў, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім. Жылі ў асобных вёсках ці на хутарах каля пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваен. паходах. Паводле «Уставы на валокі» 1557 за службу атрымлівалі 2 валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З развіццём фальваркаў эканам. становішча асочнікаў пагоршала, іх зямельныя надзелы паменшалі да 1—0,5 валокі. У 18 ст. асочнікаў пераводзілі на чынш, а за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту і інш.

С.Ф.Цярохін.

т. 2, с. 41

АСПА́ЗІЯ

(Aspazija; сапр. Розенберг Эльза; 16.3.1868, хутар Даўквас, воласць Заленіекі, Латвія — 5.11.1943),

латышская паэтэса і драматург. Жонка Я.Райніса. У п’есах «Жрыца» (1894), «Страчаныя правы» (паст. 1894), «Недасягнугая мэта» (1895) і публіцыст. артыкулах выступала за эмансіпацыю жанчыны, выкрывала мараль мяшчанства. Першы зб. вершаў «Чырвоныя кветкі» (1897) прасякнуты дэмакр. ідэямі і рамант. пафасам. Пасля разгрому т.зв. «Новай плыні» ў творах Аспазіі (зб. «Сутонне душы», 1901) з’явіліся матывы песімізму, душэўнай стомленасці, якія пазней змяніліся матывамі грамадз. барацьбы (п’еса «Сярэбранае пакрывала», (1905). У 1905—20 жыла ў эміграцыі (Швейцарыя). Творчасць гэтых гадоў вызначалася адыходам ад сац. тэматыкі (зб-кі «Сонечны куточак», 1910, «Бярэмя кветак», 1912). На бел. мову асобныя творы Аспазіі пераклаў В.Лукша (у кн. «Песня Даўгавы», 1986).

т. 2, с. 41