АНТЫФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
рэзкае павелічэнне паглынання энергіі электрамагнітных хваляў, што праходзяць праз антыферамагнетык, пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.
Пры антыферамагнітным рэзанансе ўзбуджаюцца рэзанансныя ўзаемна звязаныя ваганні вектараў намагнічанасці магн. падрашотак антыферамагнетыка адносна ўзаемнага размяшчэння і адносна напрамку прыкладзенага поля. Частата гэтых ваганняў вызначаецца значэннем эфектыўных магн. палёў, што ўздзейнічаюць на магн. моманты падрашотак (поле абменнага ўзаемадзеяння падрашотак, поле магн. анізатрапіі, вонкавае статычнае магн. поле). Антыферамагнітны рэзананс дае магчымасць выявіць значэнні эфектыўных магн. палёў у антыферамагнетыках, іх структуру і інш. ўласцівасці.
т. 1, с. 402
АНТЫФЕРМЕ́НТЫ
(ад анты... + ферменты),
спецыфічныя бялкі з групы антыметабалітаў, якія затрымліваюць або блакіруюць дзеянне ферментаў праз утварэнне з імі неактыўных комплексаў. Наяўнасць антыферментаў у органах і тканках ахоўвае іх ад разбуральнага ўздзеяння пэўных ферментаў (напр., сценкі страўніка і кішэчніка ад уздзеяння стрававальных ферментаў). Штучна сінтэзаваны лек. прэпараты, якія маюць уласцівасці антыферментаў, напр. эзерын, празерын, факурыт (дыякарб), трасілол і інш.
т. 1, с. 403
АНТЫФО́ННАЕ СПЯВА́ННЕ
(ад грэч. antiphonos які гучыць у адказ),
папераменнае выкананне песнапення 2 харамі ці салістам і хорам.
Вытокі антыфоннага спявання ў найстаражытнейшых нар.-песенных формах выканання, у стараж.-грэч. трагедыі, дзе хор часта падзялялі на 2 паўхары, у кульце народаў Усходу. У хрысц. богаслужэнне антыфоннае спяванне ўведзена ў 1 ст. н.э., у зах. Хрысц. царкве — у 4 ст. У праваслаўнай царкве, як правіла, чаргаваліся спевы 2 жаночых або мужчынскага і дзіцячага хароў, у каталіцкай царкве — спевы свяшчэнніка, цэлага хору і яго часткі.
Карані ўсходнеслав. антыфоннага спявання ў карагодных песнях, якія суправаджаліся сыходным і разыходным рухам процілеглых радоў (напр., у песні «Проса» з формай руху «сцяна на сцяну», пашыранай у розных меладычных варыянтах у беларусаў, рускіх і ўкраінцаў). На Беларусі падобныя формы да нашага часу сустракаюцца ў Паазер’і і зах. раёнах (напр., у абрадзе «бараны», зафіксаваным у 1981 у Докшыцкім р-не, 3 групы спявачак па чарзе выконваюць строфы песень розных каляндарных жанраў у тым парадку, як яны размешчаны ў гадавым крузе). Яны ўласцівыя вясельным і жніўным песням. Своеасаблівую трактоўку набывае антыфоннае спяванне ў купальскай абраднасці.
Л.П.Касцюкавец.
т. 1, с. 403
АНТЫФРА́ЗІС (грэч. antiphrasis) у літаратуры, стылістычная фігура, ужыванне слова ў процілеглым, звычайна іранічным, значэнні. Часцей сустракаецца ў сатыр. творах, напр. у байцы К.Крапівы «Мандат» пра асла гаворыцца: «Ну й розум. Вось дык галава!».
т. 1, с. 403
АНТЫФРЫ́З
(ад анты... + лац. freeze замярзаць),
вадкасць з нізкай тэмпературай замярзання, прызначаная для ахаладжэння рухавікоў унутр. згарання, радыёэлектроннай апаратуры, прамысл. цеплаабменнікаў, якія працуюць пры нізкіх т-рах. Як антыфрыз выкарыстоўваюць водныя растворы этыленгліколю, гліцэрыны, спіртоў (метылавага, этылавага і ізапрапілавага), неарган. соляў (пераважна хлорыстага кальцыю); т-ра замярзання залежыць ад прыроды і канцэнтрацыі рэчываў і можа быць ад -10 да -75 °C. У тэхніцы выкарыстоўваюць 52,6 і 66%-ныя растворы этыленгліколю з т-рай замярзання -40 і -65 °C адпаведна.
т. 1, с. 403
АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ
(ад анты... + лац. frictio трэнне),
матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.
Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазітына аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АН Беларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.
А.У.Белы.
т. 1, с. 403
АНТЫ́ХРЫСТ,
у хрысціянскай міфалогіі і тэалогіі праціўнік Ісуса Хрыста, які павінен з’явіцца ў канцы гісторыі (гл. Эсхаталогія) і ўзначаліць скрытую татальную вайну супраць хрысціянства, але будзе пераможаны ў час 2-га прышэсця Хрыста на Зямлю. Прароцтвы антыхрыстаў ёсць у старазапаветных кнігах Бібліі, яго прыход сімвалічна апісаны і ў Новым Запавеце. Увасабляе даўнюю варожасць «анёлаў цемры» да хрысціянства, поўнае адмаўленне хрысц. веры і маралі. Антыхрыст уяўляецца магутным чалавекам, надзеленым дэманічнай сілай Д’ябла, які прыходзіць у зманлівым абліччы Хрыста. Паводле апостала Паўла, у царстве антыхрыста людзі будуць самалюбівыя, зламоўныя, абыякавыя да любові і дабра, нахабныя, больш палюбяць раскошу, чым Бога. Антыхрыст — увасабленне дэманічнага пачатку ў чалавеку і грамадстве, спроба ўсталяваць бязбожную ўладу над зямлёй і космасам. Міфу пра антыхрыста прысвечаны фрэскі Л.Сіньярэлі, гравюры Л.Кранаха Старэйшага; аблічча антыхрыста апісаў Сімяон Полацкі ў творы «Жазло праўлення» (1667) і інш.
У.М.Конан.
т. 1, с. 403
АНТЫЦЕ́ЛЫ,
складаныя бялкі — імунаглабуліны, якія сінтэзуюцца клеткамі лімфатычнай тканкі чалавека і цеплакроўных жывёл пад уплывам антыгенаў. Здольныя спецыфічна звязвацца з імі ў імунныя комплексы, што забяспечваецца прасторавай узаемадапаўняльнасцю (камплементарнасцю) паверхняў малекул антыцел і антыгена. Дзякуючы рэакцыям звязвання антыцел з антыгенамі адбываецца нейтралізацыя мікробных таксінаў, імабілізацыя і ўстараненне мікраарганізмаў, чужародных арганізму бялкоў і поліцукрыдаў, а таксама ўласных клетак са змененай паверхневай мембранай. Адначасова яна ляжыць у аснове патагенетычнага механізма анафілаксіі, сываратачнай хваробы і аўтаімунных захворванняў. У лабараторнай практыцы рэакцыя выкарыстоўваецца для дыягностыкі хвароб, ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў і асобных рэчываў.
т. 1, с. 403
АНТЫЦЫКЛО́Н
(ад анты... + цыклон),
вобласць павышанага ціску ў атмасферы. Ціск з максімумам у цэнтры дасягае 1025—1070 мб на ўзр. м. У папярочніку ад соцень да 2—3 тыс. км; ахоплівае трапасферу. Вятры накіраваны ад цэнтра да перыферыі антыцыклону, пад уплывам вярчэння Зямлі адхіляюцца ў Паўн. паўшар’і па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. паўшар’і — супраць. Перамяшчаюцца са скорасцю 30—40 км/гадз з З на У, адхіляючыся да нізкіх шырот; некаторыя антыцыклоны маларухомыя.
У антыцыклонах пераважаюць сыходныя токі паветра, пры якіх адбываецца адыябатычнае награванне, таму т-ра на некалькі градусаў вышэй, чым у цыклонах. Аднак у зімовых маларухомых антыцыклонах над кантынентамі ўмераных шырот адбываецца моцнае выстуджванне паветра. Для тэрыторый, занятых антыцыклонамі, характэрны яснае і сухое надвор’е, тэмпературныя інверсіі, слабыя вятры. Узнікаюць антыцыклоны штодзённа, найб. у субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.). Па тэр. Беларусі за год праходзіць 15—16 антыцыклонаў, якія вызначаюць надвор’е каля 150 дзён.
І.Ю.Куляшова.
т. 1, с. 403