Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЛАДНАКРО́ЎНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

гл. Пайкілатэрмныя жывёлы.

т. 16, с. 527

ХАЛАДНАЛО́МКАСЦЬ,

уласцівасць матэрыялаў набываць (або значна павялічваць) крохкасць пры паніжэнні т-ры (не абавязкова ніжэй 0 °C). Абумоўлена рэзкім памяншэннем вязкасці матэрыялаў пры пэўнай т-ры (т.зв. крытычнай т-ры Х.), утрыманнем шкодных дамешкаў.

Уласціва сплавам на аснове металаў з аб’ёмна-цэнтраванай кубічнай рашоткай (жалеза, хром. малібдэн. вальфрам). Найб. практычнае значэнне Х. мае для сталі. Тлумачыцца пераважным уплывам фосфару, які, раствараючыся ў ферыце, скажае яго рашотку. што вадзе да памяншэння вязкасці сталі. Х. памяншаюць тэрмаапрацоўкай і легіраваннем металаў, ачысткай ад шкодных дамешкаў.

т. 16, с. 527

ХАЛАДНІ́К,

традыцыйная бел. страва. Шчаўе крышаць, вараць і астуджваюць.

У адвар дадаюць накрышаныя свежыя агуркі, кроп, вараныя яйкі, смятану, соль. Гатуюць таксама з вараных буракоў, бацвіння або на бурачным ці хлебным квасе.

т. 16, с. 527

ХАЛАДО́К Леанід Аляксеевіч (н. 7.1.1934, в. Граб’ё Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне с.-г. меліярацыі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Скончыў БСГА (1960). У 1966—72 і з 1976 у Бел. аграрным тэхн. ун-це, у 1972—76 у НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. Навук. працы па гідрамеліярацыі, прагназаванні і планаванні водакарыстання, водаразмеркавання і рэгулявання водна-паветранага рэжыму на асушальна-ўвільгатняльных сістэмах. Распрацаваў тэорыю зліцця і падзелу патокаў вадкасці, прапанаваў метады разліку асушальна-ўвільгатняльных сістэм.

Тв.:

Эксплуатация осушительно-увлажнительных систем. Мн., 1979;

Практикум по гидравлике и гидромеханизации сельскохозяйственных процессов. Мн., 1991 (разам з Э.​В.​Касцючэнкам, У.​І.​Лапцевым).

Л.​В.​Бароўка.

т. 16, с. 527

ХАЛАКО́СТ, халакаўст (англ. holocaust ад грэч. holokaustos спалены цалкам),

1) тэрмін навуковай л-ры. які ўжываецца як сінонім генацыду. У гэтым сэнсе ён акрэслівае лёс нацый, народаў, этн. і інш. супольнасцей, якія сталі аб’ектамі наўмыснага фіз. вынішчэння.

2) Тэрмін гістарыяграфіі 20 ст., асабліва яўр., для абазначэння сістэматычнага праследавання і знішчэння яўрэяў нацыстамі і іх памагатымі ў Германіі і на захопленых ёю тэрыторыях у час 2-й сусв. вайны.

3) «Ядзерны Х.» (англ. a nuclear holo-caust), пашыранае з сярэдзіны 20 ст. паняцце, якое азначае непазбежнае самаспаленне, самазнішчэнне чалавецтва ў выпадку развязвання глабальнай ядзернай вайны.

т. 16, с. 527

ХАЛАМЕ́Р’Е,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Езярышча—Обаль. Цэнтр сельсавета і камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 62 км на ПнЗ ад г. Гарадок, 101 км ад Віцебска, 23 км ад чыг. ст. Езярышча. 315 ж., 146 двароў (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі ў гонар 4-й Бел. партыз. брыгады і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 16, с. 528

ХАЛАНГІ́Т (ад грэч. cholē жоўць + angeion сасуд),

запаленне жоўцевых праток. Бывае востры і хранічны. Адрозніваюць Х. катаральны, дыфтэрыйны, гнойны (найб. цяжкі). Асн. прыкметы: боль у вобласці печані, павелічэнне яе памераў, ліхаманка, жаўтуха. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 528

ХА́ЛАНЕН (Halonen) Тар’я (н. ў 1944),

палітычны і дзярж. дзеяч Фінляндыі. Канд. юрыд. н. (1968). Скончыла Хельсінскі ун-т (1968). Працавала адвакатам у Цэнтр. арг-цыі прафсаюзаў Фінляндыі, парламенцкім сакратаром прэм’ер-міністра, членам гар. савета г. Хельсінкі, міністрам па сац. пытаннях, міністрам юстыцыі; адначасова з 1979 дэп. парламента. З 1995 міністр замежных спраў. З лют. 2000 прэзідэнт Фінляндыі (першая ў гісторыі краіны жанчына на гэтых пасадах). Праводзіць курс на працяг добрасуседскіх адносін з Рас. Федэрацыяй і далейшую інтэграцыю Фінляндыі ў еўрап. структуры.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 528

ХАЛАСЕ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Халасцінскае возера. У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 28 км на ПдУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 400 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 13,5 км². Схілы катлавіны амаль не выражаны, месцамі выш. да 2 м. Берагі нізкія, на У забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Упадае некалькі меліярац. каналаў, выцякае ручай у р. Галбіца.

т. 16, с. 528

ХАЛАСТЫ́ РАДО́К,

незарыфмаваны вершаваны радок у рыфмаваным творы; няцотны радок напаўбелага верша, напісанага 4-радкоўямі. Х.р. можа ўжывацца і ў інш. строфах, напр.:

Ці на небе не мільён зорак льсніць!
Кожна зорка дзесь кагось весяліць.
Толькі ж месца там не стала
Для адной, што мне б міргала...
Мусіць трэба было!
(Я.​Купала. «Мусіць трэба было»)

Рэгулярныя Х.р. — уласцівасць некат. усх. відаў строф: газелі, рубаі і інш. Асаблівы эфект узнікае пры непрадбачаным з’яўленні Х.р. на фоне зарыфмаваных — парушаецца інерцыя рыфмаванага чакання, таму на Х.р. і найперш на яго апошняе слова звяртаецца найб. ўвага.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 528