ХА́КСЛІ (Huxley) Олдас Леанард (26.7.1894, Годалмінг, Вялікабрытанія — 22.11.1963),
англійскі пісьменнік. Брат Дж.С.Хакслі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1921). Дэбютаваў як паэт (1916). У інтэлектуальных «раманах ідэй» «Жоўты Кром» (1921), «Блазнерскі карагод» (1923), «Кантрапункт» (1928) выкрываў заганы тагачаснага грамадства. Вядомасць прынеслі антыутопіі «Цудоўны новы свет» (1932) і «Малпа і сутнасць» (1948) — сатыра на таталітарызм, стандартызаваны лад жыцця «грамадства спажывання». Разгубленасць і трывога за будучыню чалавецтва, нявер’е ў сац. прагрэс і духоўны патэнцыял асобы (сац.-псіхал. раман «Геній і багіня», 1955) прывялі Х. да містыцызму, ідэй будызму (раман-утопія «Востраў», 1962). Аўтар філас. раманаў «Сляпы ў Газе» (1936), «Пасля многіх гадоў памірае лебедзь» (1939), зб-каў вершаў, апавяданняў, філас. трактатаў, літ.-крытычных і мастацтвазнаўчых артыкулаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.Баршчэўскі.
Тв.:
Рус.пер. — Желтый Кром: Роман. Рассказы. М., 1987;
Контрапункг;
Новеллы. Л., 1990;
О дивный новый мир. Обезьяна и сущность. Через много лет: Романы. М., 2002.
ХАКУСА́Й Кацусіка, (верасень 1760, Токіо — 18.4.1849), японскі жывапісец і графік; заснавальнік пейзажнага жанру ў яп. гравюры. Вучыўся ў гравёра К.Сюнсё і інш. майстроў. Буйнейшы прадстаўнік кірунку укіё-э. У сваіх творах адлюстроўваў разнастайныя ландшафтныя матывы (каля 30 тыс. малюнкаў і гравюр) з дапамогай смелых перспектыўных эфектаў і нечаканых колеравых спалучэнняў: серыі каляровых і тонавых ксілаграфій «36 відаў Фудзі» (1823—29), «Вандраванне па вадаспадах розных правінцый» (1827—33), «100 відаў Фудзі» (1834—35). Працаваў таксама ў жанрах «прыгажуні», «людзі». Выканаў серыю «Паэты Кітая і Японіі» (1830), ілюстраваў кнігі (больш за 500), ствараў зб-кі «Манга» («Змешаныя малюнкі», да 1871 выдадзена 15 тамоў). Яго творчасць паўплывала на еўрап. жывапіс і графіку канца 19 — пач. 20 ст.
Літ.:
Воронова Б.Г. Кацусика Хокусай: Графика. М., 1975.