ХАКУСА́Й Кацусіка, (верасень 1760, Токіо — 18.4.1849), японскі жывапісец і графік; заснавальнік пейзажнага жанру ў яп. гравюры. Вучыўся ў гравёра К.Сюнсё і інш. майстроў. Буйнейшы прадстаўнік кірунку укіё-э. У сваіх творах адлюстроўваў разнастайныя ландшафтныя матывы (каля 30 тыс. малюнкаў і гравюр) з дапамогай смелых перспектыўных эфектаў і нечаканых колеравых спалучэнняў: серыі каляровых і тонавых ксілаграфій «36 відаў Фудзі» (1823—29), «Вандраванне па вадаспадах розных правінцый» (1827—33), «100 відаў Фудзі» (1834—35). Працаваў таксама ў жанрах «прыгажуні», «людзі». Выканаў серыю «Паэты Кітая і Японіі» (1830), ілюстраваў кнігі (больш за 500), ствараў зб-кі «Манга» («Змешаныя малюнкі», да 1871 выдадзена 15 тамоў). Яго творчасць паўплывала на еўрап. жывапіс і графіку канца 19 — пач. 20 ст.
Літ.:
Воронова Б.Г. Кацусика Хокусай: Графика. М., 1975.