ХАДЖ (араб. — паломніцтва),
паломніцтва мусульман у Мекку да храма Кааба ў час свята ахвярапрынашэння Курбан-Байрам; адзін з асн. абавязкаў мусульманіна. Здзяйсняецца на 7—12-ы дзень зу-ль-хіджа (12-ы месяц мусульм. месячнага календара хіджры). Звязаны з правядзеннем шэрагу мусульм. абрадаў, якія, паводле падання, вызначаны Мухамедам у час т.зв. «развітальнага» Х. (632): абход Каабы. цалаванне «чорнага каменя», піццё вады са свяшчэннага калодзежа Зам-зам, сяміразовы прабег паміж узгоркамі ас-Сафа і аль-Марва, малітвы каля скалы Арафат і ў даліне Муздаліфа, ахвярапрынашэнні жывёл і інш.
т. 16, с. 517
ХАДЖА́ЕЎ Алім (7.10.1910, г. Бухара, Узбекістан — 14.2.1977),
узбекскі акцёр. Нар. арт. СССР (1959). Вучыўся ў Бухарскім ін-це асветы, скончыў рэжысёрскія курсы ў Маскве (1951). З 1929 ва узб. Т-ры імя Хамзы. Мастацтва вылучалася лірызмам і інтэлектуальнасцю. Сярод роляў: Алішэр Наваі («Алішэр Наваі» Уйгуна і І.Султанава), Хамза («Хамза» К.Яшэна і А.Умары), Юлдаш Камілаў («Людзі з верай» Султанава), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава). Выступаў і як рэжысёр. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1977. Дзярж. прэмія Ўзбекістана 1967.
т. 16, с. 517
ХАДЖА́Р, Аманскія горы,
на У Аравійскага п-ва, пераважна на тэр. Амана. Даўж. каля 600 км. Выш. да 3353 м (г. Шам у масіве Эль-Ахдар). Складзены пераважна з вапнякоў, базальтаў, серпенцінітаў. На З — пустыні і апустыненыя саванны, на У — участкі мусонных трапічных лясоў і высакагорныя лугі. У аазісах пасевы пшаніцы, кукурузы, плантацыі бананаў, фінікавай пальмы. Рэзерват Вадзі-Серын.
т. 16, с. 517
ХАДЖЫ́ (араб., цюрк. — паломнік),
мусульманін, які здзейсніў хадж.
т. 16, с. 517
ХАДЖЫБЕ́ЙСКІ ЛІМА́Н,
заліў у паўн.-зах. ч. Чорнага м., у вусці р. М.Куяльнік, паблізу г. Адэса, на Ўкраіне. Даўж. каля 31 км, шыр. 2,5 км, глыб. да 2,5 м. Адгароджаны ад мора пясчана-ракушачным перасыпам шыр. 4,5 м. Утварыўся шляхам аддзялення ад мора вусця р. М.Куяльнік. На дне Х.л. глеевая гразь і хларыдна-натрыева-магніевая рапа, якія выкарыстоўваюць у лекавых мэтах. На беразе — вядомы бальнеагразевы Хаджыбейскі курорт з дзіцячымі санаторыямі.
т. 16, с. 517
ХАДЖЫ́ЕЎ Парашкеў (н. 14.4.1912, Сафія),
балгарскі кампазітар, педагог, муз. тэарэтык. Нар. арт. Балгарыі (1965). Герой Сац. Працы (1979). З 1940 выкладаў ў Балг. кансерваторыі (з 1947 праф.). Яго творы вылучаюцца меладычнай напеўнасцю, маляўнічасцю гармоніі, рэалізмам характараў: оперы «Альбена» (паст. 1963), «Мільянер» (паст. 1965), «Марыя Дзесіслава» (паст. 1978) і інш.; аперэты, мюзіклы, балеты, хары, песні для дзяцей (больш за 1000) і інш. Аўтар падручнікаў па гармоніі. Дзімітроўская прэмія 1962.
т. 16, с. 517
ХАДЖЫ́-МУРА́Т (1790-я г., Хунзах, Дагестан, Расія — 5.5.1852),
адзін з кіраўнікоў каўказскіх горцаў у час Каўказскай вайны 1817—64. У 1834 захапіў уладу ў васальным Расіі Аварскім ханстве. У 1836 арыштаваны рас. ўладамі па абвінавачанні ў сувязях з Шамілем, уцёк з турмы і стаў адным з яго бліжэйшых паплечнікаў. Пасля далучэння ў 1843 Аварыі да імамата Шаміля, прызначаны яе намеснікам (наібам). У снеж. 1851 Х.-М. парваў з Шамілем і перайшоў на бок Расіі. У крас. 1852 уцёк у горы, загінуў у сутычцы з рас. войскамі. Папулярны герой горскага фальклору. Яму прысвечана аповесць Л.М.Талстога «Хаджы-Мурат».
т. 16, с. 517
ХАДЖЭ́ННЕ,
сярэдневяковы літаратурны жанр. Узнік у выніку паломніцтва на Б. Усход да святынь Палесціны і Візантыі. Апісанне гэтых падарожжаў, асобных падзей грамадска-паліт. і культ. жыцця таго часу складае аснову зместу Х. Найб. ранні помнік жанру ў стараж.-рус. л-ры — «Хаджэнне ігумена Данііла» (пач. 12 ст.). Пазней узніклі складзеныя выхадцамі з Беларусі Х. Аграфенія (канец 14 ст.) і Варсанофія (2-я пал. 15 ст.), «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 — пач. 15 ст.).
У эпоху Вял. геагр. адкрыццяў актывізаваліся разнастайныя ўзаемасувязі паміж народамі, многія літ. жанры набылі новыя якасці. Х. сталі больш свецкімі і ператварыліся ў апісанні падарожжаў за мяжу наогул («Хаджэнне за тры моры» А.Нікіціна). Адным з апошніх твораў, які не страціў жанравай сувязі з Х., было «Перагрынацыя, або паломніцтва... у Святую зямлю» М.К.Радзівіла (1590-я г.). Часам Х. называліся асобныя творы інш. жанраў, напр., апокрыф «Хаджэнне багародзіцы па пакутах».
Літ.:
Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэт. нарыс развіцця бел. паломніцкай літ. XII—XVI стст. Мн., 1999.
В.А.Чамярыцкі.
т. 16, с. 517
«ХАДЖЭ́ННЕ БАГАРО́ДЗІЦЫ ПА ПАКУ́ТАХ»,
помнік стараж.-рус. перакладной літаратуры апакрыфічнага жанру (гл. Апокрыфы). Трапіла на Русь праз паўд.-слав. пасрэдніцтва; зместам блізкае да візант. тэксту помніка. Найб. стараж. рус. спіс датуецца 12 ст. У творы апавядаецца пра падарожжа гал. гераіні па замагільным свеце. Апокрыф прасякнуты рэліг. канцэпцыяй аб суровасці, але справядлівасці боскага суда, паводле якой душа чалавека асуджаецца пасля яго смерці на пакуты за зямныя грахі.
Тэндэнцыя запалохвання немінучымі пякельнымі жахамі за парушэнне прынцыпаў хрысціянства, боскіх запаведзяў некалькі змякчаецца ў творы спачуваннем грэшнікам, суперажываннем за іх пакуты. Гэта ідэя ўвасоблена ў вобразе Багародзіцы — чулай жанчыны, заступніцы людзей. Моцна ўражаная ўбачаным у пекле, яна звяртаецца да Бога з просьбай злітавацца над грэшнікамі і палегчыць ім пакуты. Незвычайнасць зместу твора, важнасць закранутых праблем, гуманіст. ідэя спачування чалавеку спрыялі папулярнасці твора сярод чытачоў. Бел. рэд. твора — «Аб дванаццаці пакутах».
В.А.Чамярыцкі.
т. 16, с. 518
«ХАДЖЭ́ННЕ ІГУ́МЕНА ДАНІІ́ЛА»,
помнік стараж.-рус. літаратуры пач. 12 ст. Напісана не пазней 1113 выхадцам з Чарнігаўшчыны ігуменам Даніілам, які ў пач. 1104—06 (паводле інш. меркаванняў, 1106—08) падарожнічаў у «святую зямлю» праз Канстанцінопаль і Кіпр. Там цікавіўся мясцінамі, звязанымі з біблейскімі падзеямі і героямі, асабліва захапляўся Іерусалімам. Аўтар дэталёва апісаў цэрквы і манастыры, хрысціянскія святыні Палесціны. Будучы на чужыне, Данііл маліўся за рус. князёў, баяр, духавенства, за ўвесь народ, сярод імён згадвае і мінскага князя Глеба Усяславіча. Твор карыстаўся вял. папулярнасцю на Русі (захавалася больш за 100 спісаў, самы ранні — 15 ст.), служыў узорам для інш. твораў гэтага жанру. На Беларусі твор быў вядомы ў рукапісе 16 ст. (зберагаўся ў б-цы Красінскіх у Варшаве, загінуў у 2-ю сусв. вайну) побач з «Хронікай Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», бел. перакладамі «Аповесці пра Таўдала» і біблейскай кнігі Товіт.
В.А.Чамярыцкі.
т. 16, с. 518