ХАДЖЭ́ННЕ,

сярэдневяковы літаратурны жанр. Узнік у выніку паломніцтва на Б. Усход да святынь Палесціны і Візантыі. Апісанне гэтых падарожжаў, асобных падзей грамадска-паліт. і культ. жыцця таго часу складае аснову зместу Х. Найб. ранні помнік жанру ў стараж.-рус. л-ры — «Хаджэнне ігумена Данііла» (пач. 12 ст.). Пазней узніклі складзеныя выхадцамі з Беларусі Х. Аграфенія (канец 14 ст.) і Варсанофія (2-я пал. 15 ст.), «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 — пач. 15 ст.).

У эпоху Вял. геагр. адкрыццяў актывізаваліся разнастайныя ўзаемасувязі паміж народамі, многія літ. жанры набылі новыя якасці. Х. сталі больш свецкімі і ператварыліся ў апісанні падарожжаў за мяжу наогул («Хаджэнне за тры моры» А.​Нікіціна). Адным з апошніх твораў, які не страціў жанравай сувязі з Х., было «Перагрынацыя, або паломніцтва... у Святую зямлю» М.​К.​Радзівіла (1590-я г.). Часам Х. называліся асобныя творы інш. жанраў, напр., апокрыф «Хаджэнне багародзіцы па пакутах».

Літ.:

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэт. нарыс развіцця бел. паломніцкай літ. XII—XVI стст. Мн., 1999.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)