Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭАРЭТЫ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,

навука, якая вывучае найб. агульныя заканамернасці мех. руху і ўзаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў (часціц, іх дыскрэтных сістэм і абсалютна цвёрдых цел); частка агульнай механікі. Шырока карыстаецца матэм. метадамі, многія з якіх абавязаны ёй сваім узнікненнем і развіццём. Уключае аналітычную механіку, механіку суцэльных асяроддзяў, механіку цел пераменнай масы, а таксама тэорыі: аўтаматычнага рэгулявання, ваганняў, удару, устойлівасці руху і інш. Законы і метады Т.м. знаходзяць шматлікія дастасаванні ў балістыцы, касманаўтыцы, нябеснай механіцы, механізмаў і машын тэорыі, матэрыялазнаўстве і інш., а таксама ў авіяцыі, транспарце і інш. галінах тэхнікі.

Літ.:

Космодемьянский А.А. Теоретическая механика и современная техника. 2 изд. М., 1975.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 90

ТЭАРЭТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзелы фізікі, у якіх даецца тлумачэнне вядомых і прадказанне новых з’яў на падставе фундаментальных фіз. законаў, а таксама фармулююцца новыя законы. Т.ф. карыстаецца метадамі матэматыкі і матэматычнай фізікі, камп’ютэрным мадэліраваннем і інш. сродкамі выліч. тэхнікі. Уключае фундаментальныя фіз. тэорыі: адноснасці тэорыю, квантавую механіку, квантавую статыстыку, квантавую тэорыю паля, класічную механіку, поля тэорыю, статыстычную фізіку, тэрмадынаміку і электрадынаміку.

т. 16, с. 90

ТЭАСО́ФІЯ (ад грэч. theos бог + sophia мудрасць),

у шырокім сэнсе — містычнае богапазнанне. У адрозненне ад тэалогіі, якая базіруецца на рэліг. догматах, у аснове Т. — суб’ектыўны містычны вопыт, выкладзены ў выглядзе цэласнай сістэмы. Да Т. адносяць герметызм, гнастыцызм, кабалу, неаплатанізм, разенкрэйцараўскае светаразуменне, а таксама шэраг вучэнняў 16—18 ст., якія знаходзяцца па-за межамі царк. традыцыі (Я.​Бёме, Парацэльс, Л.​К.​Сен-Мартэн, Э.​Сведэнбарг, Ф.​Этынгер і інш.). Ф.​Шэлінг разумеў пад Т. сінтэз містычнага богапазнання і рацыянальнай філасофіі; набліжана да такога вызначэння паняцце «свабодная Т.» ў У.​С.​Салаўёва. Ідэі Т. паслужылі прадметам асэнсавання М.​Гандзі, А.І. і М.К. Рэрыхаў, В.​Кандзінскага і інш. У вузкім сэнсе Т. — эзатэрычнае вучэнне А.П.Блавацкай, выкладзенае ёй у працы «Сакрэтная дактрына» (1888). Склалася пад уплывам брахманізму, будызму, індуізму, акультызму і некат. элементаў гнастыцызму; характарызуецца імкненнем аб’яднаць розныя рэліг. вучэнні праз раскрыццё тоеснасці сэнсу рэліг. сімвалаў і стварыць на гэтай аснове універсальную рэлігію, не звязаную пэўнай дагматыкай. У 1875 у Нью-Йорку было створана тэасофскае т-ва, уплыў якога хутка пашырыўся ў краінах Еўропы і Азіі; у 1879 яго цэнтр перанесены ў Індыю. У канцы 1900 — пач. 1910-х г. у тэасофскім т-ве адбыўся раскол, у выніку чаго створана антрапасофская школа на чале з Р.​Штайнерам (гл. Антрапасофія).

т. 16, с. 90

ТЭА́ТР (ад грэч. theatron месца для відовішчаў),

1) род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з’яўляецца сцэн. дзеянне, якое ўзнікае ў працэсе ігры акцёра перад публікай. Адна з форм грамадскай свядомасці, мае вял. значэнне ў грамадскім і эстэт. выхаванні. Развіццё Т. залежыць ад развіцця грамадства, ад стану агульнай культуры народа. Т. — мастацтва сінт., спалучае дзейсны і відовішчны пачаткі, магчымасці часавых і прасторавых мастацтваў, сродкі выразнасці л-ры, музыкі, жывапісу, танца, архітэктуры. Асн. твор тэатр. мастацтва — спектакль. У залежнасці ад перавагі пэўных сродкаў сцэн. выразнасці склаліся асн. тыпы Т.: драм., оперны (гл. Опера) і балетны (гл. Балет) з некат. прамежкавымі формамі (аперэта, пантаміма, тэатр мініяцюр). Аснова дзеяння ў Т. — драма як род л-ры. Як мастацтва грамадскае Т. патрабуе калект. ўспрымання гледачоў. Непасрэдны выразнік драм. дзеяння ў Т. — акцёр, які стварае характар персанажа (гл. Акцёрскае мастацтва). Сінтэтычнасць тэатр. вобразнасці абумовіла паяўленне рэжысёра як вытлумачальніка п’есы, творчага кіраўніка тэатр. калектыву (гл. Рэжысёрскае мастацтва). Актыўныя ўдзельнікі стварэння спектакля — тэатр. мастак (гл. Сцэнаграфія), кампазітар і балетмайстар, якія ствараюць зрокавы, муз. і пластычны вобразы тэатр. паказу, узмацняюць яго эмац. ўздзеянне на гледача. Гісторыю і тэорыю Т. вывучае тэатразнаўства.

Вытокі Т. ў стараж. прац. і быт. абрадах і гульнях, дзе элементы драм. дзеяння аб’ядноўваліся з песняй і танцам, Паступова элемент відовішчнасці ўзмацняўся, паявіўся сюжэт, падзел на выканаўцаў і гледачоў, узнік дыялог, выкарыстоўваліся розныя культавыя маскі. Найб. стараж. формы Т. ўзніклі ў Егіпце (4 тыс. да н.э.), дзе ў аснове тэатр. дзеяння былі танец, пантаміма, рэлігійна-абрадавыя і свецкія, ваен. відовішчы, містэрыяльныя паказы паводле міфал. сюжэтаў. Своеасаблівыя і багатыя формы відовішчаў ствараліся ў краінах Стараж. Усходу, у Індыі, Кітаі, Японіі, М’янме, Інданезіі і інш., дзе яны звязаны з нар. эпічнай творчасцю. У Стараж. Грэцыі канчаткова сфарміраваўся тэатр. паказ, заснаваны на тэксце (4 ст. да н.э.; гл. ў арт. Грэцыя Старажытная). Міфал. сюжэты і вобразы атрымлівалі тагачаснае асэнсаванне, узбагачаліся дэмакр. і гуманіст. ідэямі (трагедыі Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыі Арыстафана). Традыцыі грэч. тэатр. культуры атрымалі развіццё ў Стараж. Рыме (драматургі Плаўт, Тэрэнцый, Сенека і інш.), дзе вял. ўвага аддавалася пастановачнаму боку спектакляў, развіццю тэатр. тэхнікі (гл. ў арт. Рым Старажытны). Для сярэдневяковага Т. характэрна суіснаванне форм нар. т-ра (творчасць гістрыёнаў, жанглёраў, скамарохаў) і рэліг. тэатр. жанраў (літургічная драма, міракль, містэрыя). У 14—16 ст. ў шэрагу краін Еўропы дасягнуў росквіту дэмакр. жанр сярэдневяковага Т. — фарс. Імклівы росквіт тэатр. культуры адбываўся ў эпоху Адраджэння: з’яўленне новай тэатр. формы — камедыі дэль артэ, адасабленне розных відаў Т., якія атрымалі самаст. развіццё (опера, балет, аперэта); фарміраванне асаблівасцей сцэн. культуры (з’яўленне аўтарскай рэжысуры, стабільных т-раў, прыватных і прыдворных). Ідэйная накіраванасць Т. Адраджэння, яго гуманізм, народнасць вызначылі творчасць Н.​Макіявелі (Італія), К.​Марла, У.​Шэкспіра (Вялікабрытанія), М.​Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона (Іспанія) і інш. З развіццём класіцызму ў Т. яго гал. прадстаўнікі (П.​Карнель, Ж.​Расін, Францыя), імкнуліся стварыць вобраз ідэальнага чалавека тагачаснага грамадства, акцёрскае мастацтва падпарадкоўвалася пэўным канонам (падкрэсленая пластычная і вакальна-дэкламацыйная выразнасць). У выніку дзейнасці Мальера (стварыў жанр высокай камедыі) была ажыццёўлена рэформа класіцысцкай камедыі, пад уплывам якой адбыліся змены і ў акцёрскім мастацтве (М.​Барон, А.​Лекуўрор). У 2-й пал. 18 ст. Т. выражаў ідэі Асветніцтва, якія атрымалі развіццё ў драматургаў Г.​Лесінга, Ф.​Шылера (Германія), Д.​Дзідро, П.​Бамаршэ, Л.​Мерсье (Францыя), Г.​Філдынга, Р.​Шэрыдана (Англія), К.​Гальдоні (Італія), В.​Багуслаўскага (Польшча), А.​Сумарокава, Я.​Княжніна, І.​Дзмітрэўскага (Расія). Ідэю адзінства абавязку і пачуцця прапаведаваў у сваіх трагедыях Вальтэр. Узніклі жанры мяшчанскай драмы, слёзнай камедыі, развіваліся пантаміма, баладная опера, сатыр. драматургія. Рэфарматарская дзейнасць, імкненне да прастаты і натуральнасці выканання характэрна для акцёраў Д.​Гарыка, С.​Сіданс (Вялікабрытанія), К.​Экгафа і Ф.​Л.​Шродэра (Германія), Ф.​Ж.​Тальма (Францыя). Рамантызм Т. 19 ст. парушыў законы класіцызму, абвясціўшы сваімі прынцыпамі жыццёвую праўду і свабоду творчасці, зварот да нац. гісторыі, нар. эпасу. Сярод драматургаў-рамантыкаў: Дж.​Байран, П.​Б.​Шэлі (Вялікабрытанія), В.​Гюго (Францыя), Э.Т.​А.​Гофман, Л.​Цік (Германія), Ю.​Славацкі, А.​Міцкевіч (Польшча), Ш.​Пецёфі, М.​Вёрэшмарці (Венгрыя) і інш.; акцёраў: Э.​Кін (Вялікабрытанія), Л.​Дэўрыент (Германія), М.​Дарваль, Фрэдэрык-Леметр (Францыя), Г.​Модэна (Італія), Г.​Эгрэшы (Венгрыя), П.​Мачалаў (Расія) і інш. З сярэдзіны 19 ст. фарміруецца рэаліст. кірунак у Т., развіццю якога садзейнічала драматургія П.​Мерымэ, А.​Бальзака (Францыя), Г.​Ібсена (Нарвегія), Б.​Шоу (Вялікабрытанія), Г.​Гаўптмана (Германія), А.​Стрындберга (Швецыя), А.​Пушкіна, М.​Гогаля, І.​Тургенева, А.​Сухаво-Кабыліна, А.​Астроўскага, А.​Чэхава, М.​Горкага (Расія) і інш. Тонкай індывідуалізацыяй вобраза, паўнатой унутр. пераўвасаблення вызначалася мастацтва акцёраў-рэалістаў: Э.​Росі, Т.​Сальвіні, Э.​Дузе (Італія), Ж.​Каклена, Э.​Го (Францыя), К.​Зайдэльмана (Германія), Г.​Ірвінга, Э.​Вестрыс, Э.​Тэры (Вялікабрытанія), М.​Шчэпкіна, І.​Сасніцкага, А.​Мартынава, П.​Стрэпетавай, М.​Ярмолавай, А.​Ленскага (Расія) і інш. На мяжы 19—20 ст. абазначыўся новы этап тэатр. рэформ, які закрануў рэжысуру, акцёрскае мастацтва і ўсю сістэму выразных сродкаў Т., пачаліся актыўныя пошукі вобразнага вырашэння спектакля. Рэжысура сімвалізму прапанавала сцвердзіць прынцып стылізацыі, муз.-рытмічнае, пластычнае і зрокава-прасторавае вырашэнне сцэн. вобраза (П.​Фор, А.​Люнье-По, Францыя; Г.​Крэг, Вялікабрытанія; А.​Апія, Швейцарыя; Г.​Фукс, Германія і інш.). У Расіі ў гэты перыяд развіваліся рэаліст. традыцыі ў Маскоўскім Мастацкім тэатры (МХТ) — пачала складвацца Станіслаўскага сістэма (рэж. К.​Станіслаўскі, У.​Неміровіч-Данчанка). Эксперыментальны характар мела рэжысёрская дзейнасць У.​Меерхольда, А.​Таірава. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі наватарскія пошукі ў Т. характэрны для рэжысёраў Ш.​Дзюлена, Л.​Жувэ, Г.​Баці, Ф.​Жэм’е (Францыя), Б.​Брэхта (Германія), Ю.​Астэрвы, С.​Ярача, Л.​Шылера (Польшча) і інш. У 2-ю сусв. вайну і пазней развіваюцца «інтэлектуальная драма» і «эпічны Т.» (Брэхт, Германія; Ж.​П.​Сартр, Ж.​Ануй, Францыя) з характэрнай для яго ўвагай да філас.-маральных праблем. Кірунак «паэтычнага натуралізму» прадстаўлялі драматургі Дж.​Осбарн, Б.​Біэн, А.​Уэскер (Вялікабрытанія), часткова Т.​Уільямс (ЗША). Філас. і паліт. скептыцызмам адзначана творчасць прадстаўнікоў тэатра абсурду (С.​Бекет, Э.​Іанеска, Францыя; у пэўнай ступені М.​Фрыш, Ф.​Дзюрэнмат, Швейцарыя; С.​Мрожак, Польшча; В.​Гавел, Чэхія, і інш.). У 1960-я г. пашыраны жанр дакумент. драмы (П.​Вайс, Германія; Дж.​Кілці, Вялікабрытанія; часткова А.​Мілер, ЗША). Важнае значэнне ў Т. 1960—70-х г. у СССР мела дзейнасць рэжысёраў Ю.​Завадскага, Р.​Сіманава, Г.​Таўстаногава, А.​Яфрэмава, А.​Эфраса, Ю.​Любімава, Р.​Капланяна, А.​Мамбетава, Р.​Стуруа і інш. У практыку сучаснага Т. шырока ўвайшла мова сцэн. метафары, характэрна імкненне да павышанай вобразнай актыўнасці, эканоміі маст. сродкаў. Вял. функцыю нясуць рэжысура, сцэнаграфія. Асаблівасць Т. 20 ст. — разнастайнасць школ і кірункаў, рэжысёрскіх сістэм, тэорый сцэн. мастацтва, акцёрскай ігры.

Бел. народны тэатр узнік на аснове стараж. абрадаў, гульняў, карагодаў, паказаў вандроўных акцёраў-скамарохаў. З 16 ст. бытаваў нар. лялечны Т. батлейка. У 17 ст. ўзнікла народная драма. Характэрнай асаблівасцю школьнага тэатра (16—17 ст.) была сатыр. накіраванасць яго інтэрмедый; драматургі Сімяон Полацкі і К.​Марашэўскі. У 2-й пал. 18 ст. ствараюцца прыватнаўласніцкія Нясвіжскі тэатр Радзівіла, Слуцкі тэатр Радзівіла, Шклоўскі тэатр Зорыча, Слонімскі тэатр Агінскага, Тышкевічавы тэатры. З 2-й пал. 19 ст. развіваецца прафес. бел. драматургія. Пад кіраўніцтвам В.​Дуніна-Марцінкевіча створаны Дуніна-Марцінкевіча тэатр.

Значную ролю ў развіцці тэатр. мастацтва адыграла Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў ў Мінску (1898—1906). У гэты ж час зроблены спробы стварыць нац. Т. ў Радашковічах, Пятроўшчыне пад Мінскам. У пач. 20 ст. пашыраны т.зв. беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі стварэнню аматарскіх труп у Вільні, Гродне, Слуцку, Капылі, Мінску, Полацку і інш. Важнае значэнне для развіцця прафес. бел. Т. мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Развіваецца бел. драматургія, шырока ставяцца п’есы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Каганца, К.​Буйло, У.​Галубка, Л.​Родзевіча і інш. У 1917 у Мінску ўзнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, працавалі тэатры рэвалюцыйнай сатыры. У 1920-я г. арганізоўваюцца вядучыя Т. Беларусі: БДТ-1 (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), БДТ-3 (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр) і БДТ-2 (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, цяпер Нац. акад. драм. т-р імя Я.​Коласа), якія перш за ўсё вызначалі тэатр. жыццё краіны. У 1920—30-я г. ўзніклі Т. новага тыпу, якія займаліся агітац.-прапагандысцкай дзейнасцю: паказальныя тэатры, т-ры рэв. сатыры, тэатры рабочай моладзі (трамы), калгасна-саўгасныя тэатры і інш. Значная ўвага аддавалася тэатр. адукацыі (сістэма курсаў, студый, арганізацыя ў 1938 тэатр. вучылішча). З 1920-х г. у рэпертуары Т. п’есы Н.​Бываеўскага (Я.​Дылы), Е.​Міровіча, Галубка, В.​Гарбацэвіча, Ц.​Гартнага, Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Купалы, Л.​Родзевіча, М.​Чарота, М.​Грамыкі, Дз.​Курдзіна і інш., творы сав. драматургаў. У 1930-я г. ў драматургію прыйшлі новыя аўтары: Р.​Кобец, К.​Крапіва, Э.​Самуйлёнак, К.​Чорны і інш. Узніклі новыя калектывы: Дзяржаўны т-р оперы і балета (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь), Тэатр юнага гледача БССР, Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (цяпер Нац. акад. драм. т-р імя М.​Горкага), Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, абласныя т-ры ў Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Гомелі, Пінску. К 1941 працаваў 21 Т. З пач. Вял. Айч. вайны большасць Т. спыніла сваё існаванне, у вядучых эвакуіраваных Т. арганізоўваліся франтавыя брыгады. У пасляваен. перыяд У рэпертуары Т. асн. месца займалі творы гераічнай тэматыкі. У 1950—70-я г. была пашырана дзейнасць аматарскіх Т. У рэпертуарах пераважалі пастаноўкі маральна-этычнай праблематыкі, інсцэніроўкі твораў Я.​Коласа, І.​Мележа, І.​Шамякіна, А.​Адамовіча, В.​Быкава, І.​Чыгрынава і інш. У 1970—80-я г. шырока ставіліся п’есы А.​Макаёнка, М.​Матукоўскага, А.​Петрашкевіча, У.​Караткевіча, А.​Дударава, А.​Дзялендзіка і інш. У рэпертуары бел. Т. 1990-х г. — нац., рус. і замежная класіка і сучасная драматургія. Тэатр. мастацтва гэтага перыяду вызначаюць рэжысёры В.​Баркоўскі, Ал.Ляляўскі, Б.​Луцэнка, В.​Мазынскі, М.​Пінігін, В.​Раеўскі, Р.​Таліпаў і інш., сцэнографы Б.​Герлаван, Я.​Ждан, З.​Марголін, У.​Матросаў, Дз.​Мохаў, Л.​Рулёва і інш. Вял. ўклад у развіццё бел. Т. зрабілі рэжысёры У.​Галубок, Ф.​Ждановіч, Міровіч, К.​Саннікаў, балетмайстры К.​Алексютовіч, В.​Елізар’еў, акцёры Г.​Аўсяннікаў, З.​Браварская, В.​Галіна, Г.​Глебаў, Л.​Давідовіч, У.​Дзядзюшка, М.​Захарэвіч, А.​Ільінскі, А.​Кістаў, А.​Клімава, У.​Крыловіч, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, С.​Станюта, З.​Стома, В.​Тарасаў, У.​Уладамірскі, Ф.​Шмакаў, Р.​Янкоўскі, М.​Яроменка, спевакі Л.​Александроўская, З.​Бабій, І.​Балоцін, Н.​Гайда, М.​Ворвулеў, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, Р.​Млодак, Т.​Ніжнікава, В.​Чарнабаеў, артысты балета Л.​Бржазоўская, З.​Васільева, С.​Дрэчын, І.​Душкевіч, У.​Камкоў, А.​Карзянкова, Н.​Младзінская, А.​Нікалаева, Л.​Сінельнікава, Ю.​Траян і інш. Лепшыя дасягненні тэатр. мастацтва прадстаўляюцца на фестывалях тэатральных.

На Беларусі дзейнічае (2002) 27 Т., у т. л. 17 драм., сярод іх нац. т-ры імя Я.​Купалы, імя М.​Горкага ў Мінску, імя Я.​Коласа ў Віцебску, Бел. т-р юнага гледача (гл. Тэатр юнага гледача Беларусі), Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр-студыя кінаакцёра, абл. т-ры ў Гомелі, Гродне, Магілёве (гл. адпаведныя арт.), таксама Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Мінскі абласны драматычны тэатр у Маладзечне, Слонімскі беларускі драматычны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр імя І.​Мележа, 3 муз.: нац. т-ры оперы, балета, Бел. дзярж. муз. т-р (гл. Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь), 7 лялечных: Бел. дзярж. т-р лялек (гл. Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі) у Мінску і абл. ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, а таксама Мінскі абл. ў Маладзечне (гл. адпаведныя артыкулы), таксама 10 прыватных, ведамасных, антрэпрыз (Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», Мінскі малы тэатр, Нікола-т-р і інш.). Акцёраў, рэжысёраў, тэатразнаўцаў, тэатр. мастакоў рыхтуе Беларуская акадэмія мастацтваў. Дзейнічае Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі.

2) Паказ, спектакль.

3) Будынак, дзе адбываецца тэатр. паказ (гл. Тэатральныя будынкі).

Літ.:

Станиславский К.С. Собр. соч. Т. 1—8. М., 1954—61;

Немирович-Данченко В.И. Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;

Авдеев А.Д. Происхождение театра: Элементы театра в первобытно-общинном строе. Л.;

М., 1959;

Данилов С.С. Очерки по истории русского драматического театра. М.; Л., 1948;

История западноевропейского театра. Т. 1—5. М., 1956—70;

Пави П. Словарь театра: Пер. с фр. М., 1991;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн 1983—87.

А.​А.​Лабовіч.

Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.​Горкага. Сцэна са спектакля «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. 1997.
Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Беларусі. Сцэна з балета «Раймон да» А.​Глазунова. 1997.
Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.​Коласа. Сцэна са спектакля «Несцерка» В.​Вольскага. 1941.
Да арт. Тэатр. Сцэна са спектакля «На дне» М.​Горкага ў пастаноўцы К.​Станіслаўскага.
Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.​Купалы. Сцэна са спектакля «Вечар» А.​Дударава 1984.
Да арт. Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Беларусі. Сцэна з оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага 1998.
Да арт. Тэатр. Пікала-тэатр у Мілане. Сцэна са спектакля «Бура» У.​Шэкспіра. 1978.

т. 16, с. 90

ТЭАТРАЗНА́ЎСТВА,

навука, якая вывучае тэатр як самастойны від мастацтва, яго паходжанне і развіццё, месца і ролю ў грамадстве, маст. і тэхнал. структуру, працэсы творчасці і ўспрымання; галіна мастацтвазнаўства. Зыходзячы з таго, што т-р складаецца з драматургіі, сцэн. мастацтва і гледача, то кожная з гэтых галін з’яўляецца прадметам вывучэння адпаведных раздзелаў Т. Яго асн. структурныя часткі: агульная тэорыя і гісторыя т-ра, тэатр. крытыка, сацыялогія т-ра, тэорыя драмы, рэжысура, акцёрскае мастацтва, псіхалогія і фізіялогія творчасці і глядацкага ўспрымання, сцэнаграфія, муз. афармленне спектакляў, тэатр. адукацыя і педагогіка, тэхніка сцэны, эканоміка і арг-цыя тэатр. справы, крыніцазнаўства, бібліяграфія і інш. Звязана з гісторыяй культуры і побыту, філасофіяй, сацыялогіяй, эстэтыкай, псіхалогіяй, фалькларыстыкай, літ.-знаўствам, усімі мастацтвазнаўчымі навукамі.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Першыя тэатразнаўчыя творы паявіліся ў 16 ст. ў Францыі, Англіі, Германіі. З 17 ст. пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра. У Расіі Т. ўзнікла ў 18 ст. Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі творы А.​Пушкіна, М.​Гогаля, А.​Астроўскага, артыкулы В.​Бялінскага, А.​Грыгор’ева і інш. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі працы К.​Станіслаўскага, У.​Неміровіча-Данчанкі, У.​Меерхольда, У.​Усеваладскага-Гернгроса, М.​Марозава, П.​Маркава, С.​Данілава, Г.​Гаяна і інш. тэарэтыкаў і практыкаў т-ра.

На Беларусі першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама пра спектаклі Нясвіжскага т-ра Ф.​У.​Радзівіл у 1720—61 занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага». У 17—18 ст. першыя спробы асэнсаваць тэатр. працэсы зроблены ў працах М.​К.​Сарбеўскага («Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый»), Я.​Фалькоўскага («Збор розных твораў», т. 3), Г.​Каніскага («Правілы паэтычнага мастацтва») і Ф.​Галянскага («Пра красамоўства і паэзію»). У 19 ст. на Беларусі і за яе межамі з’явіліся друкаваныя працы на польскай мове, у якіх разглядалася дзейнасць Гродзенскага і Нясвіжскага т-раў, змяшчаліся звесткі пра тэатралізаваныя дыялогі, якія праводзіліся ў езуіцкіх школах Гродна, Нясвіжа, Пінска, Полацка, Слоніма і Свіслачы, бел. інтэрмедыі 17 ст. і інш. Вял. значэнне для вывучэння гісторыі і практыкі бел. т-ра мелі запісы яго нар. форм, зробленыя ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. Е.​Раманавым, П.​Шэйнам, К.​Гукоўскім, Я.​Карскім, Дз.​Даўгялам, К.​Харламповічам, А.​Кіркорам і інш. У публікацыях канца 19 ст. ў гіст. плане асвятлялася жыццё, у т. л. і тэатр., Мінска, Віцебска і Гродна. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел. нац. т-р (арт. М.​Гарэцкага «Наш тэатр», 1913). Шмат увагі ідэі яго стварэння, асвятленню яго нар. і прафес. форм аддавалі газеты «Наша ніва» (1906—15), «Гоман» (1916—18), «Беларусь» (1919—20) і інш. У пачатку 20 ст. Т. вылучылася ў самастойную галіну навукі. Паяўленне прафес. дзярж. т-раў на Беларусі і шырокае развіццё аматарскай творчасці вызначылі задачы бел. Т. на новым этапе, асн. з якіх было вывучэнне гісторыі нац. сцэн. культуры: Ф.​Аляхновіч «Беларускі тэатр» (1924), С.​Грынкевіч «Аб тэатры» (1927), А.​Некрашэвіч «Беларускі першы Дзяржаўны тэатр, 1920—1930» (1930) і інш. Значная ўвага ў канцы 1920-х — 1930-я г. аддавалася аналізу бел. драматургіі. У зб. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны крытычныя выступленні па праблемах драматургіі пісьменнікаў Я.​Коласа, К.​Чорнага, В.​Вольскага, У.​Галубка, М.​Клімковіча, Б.​Мікуліча, І.​Гурскага, Я.​Рамановіча і інш. Сярод інш. прац па гэтай праблеме: «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.​Вольскага (1934), «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.​Модэля (1935), якія, аднак, не пазбеглі суб’ектывізму ў ацэнках з’яў мастацтва. У пасляваен. перыяд бел. Т. прадоўжыла распрацоўку праблем сцэн. мастацтва і драматургіі. З арганізацыяй у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі ў 1957 сектара т-ра і кіно (з 1977 сектар, з 1986 аддзел т-ра) пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі, тэорыі і сучасных працэсаў развіцця бел. т-ра. Гэтыя праблемы распрацоўваліся ў працах У.​Няфёда «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» і «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965), калектыўнай «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.​Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.​Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.​Гаробчанка (2002). У шэрагу тэарэт. прац разглядаюцца праблемы драматургічнага канфлікту («Роздум пра драматычны канфлікт» Няфёда, 1970); сцэн. інтэрпрэтацыі прозы («Радок, прачытаны тэатрам» У.​Халіпа, 1973); узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне тэатр. культур розных народаў («Шляхі беларускага тэатра» У.​Стэльмаха, 1964; «Беларуская драматургія ў тэатрах народаў СССР» А.​Сабалеўскага, 1972, і інш.); эвалюцыі канцэпцыі гераічнага ў бел. тэатр. мастацтве («На сцэне — бессмяротнасць подзвігу», 1982; «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80 гг.», 1987, Смольскага); сучаснай бел. рэжысуры («Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» Смольскага, 1984; «Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.​Баравіка, 2000) і інш.

У манаграфіях тэатразнаўчага і літаратуразнаўчага характару аналізуецца творчасць драматургаў: Я.​Купалы (М.​Ярош, У.​Карпаў, П.​Васючэнка), К.​Крапівы (Я.​Усікаў, А.​Макарэвіч, У.​Карабан, С.​Лаўшук, Сабалеўскі), Галубка (Л.​Карабанава), А.​Макаёнка (Усікаў), вывучаецца драматургія і праблемы яе развіцця, аналізуецца сцэн. ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў. Выдадзены манаграфіі, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: «Першы тэатр» Рамановіча (1946), «Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы» (1970) і «Беларускі тэатр імя Якуба Коласа» (1976) Няфёда, «Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.)» Пятровіча (1983), «На тэатральных скрыжаваннях» Б.​Бур’яна і Ліснеўскага (1967, пра Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі), «Лёс аднаго тэатра» Г.​Герштэйн (2000, пра Дзярж. яўр. т-р БССР), «Тэатр лялек» Ан.Ляляўскага (1974) і інш. Нар. формы тэатр. мастацтва, дзейнасць прафес. і аматарскіх калектываў у гіст. і сучасных аспектах даследуюцца ў працах Г.​Барышава, У.​Іскрыка, М.​Каладзінскага, Ю.​Пашкіна, Ю.​Сохара, А.​Лабовіча, А.​Есакова, А.​Асташова, Пятровіча і інш. Выдадзены навуч. дапаможнікі для студэнтаў тэатр. факультэтаў ВНУ, для школьных і дашкольных устаноў: «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (склад. Сабалеўскі, т. 1—2, 1975; т. 1—3, 2-е выд. 1997—2000), «Гісторыя беларускага тэатра» Няфёда (1982), «Лялечны тэатр у школе» Ан. Ляляўскага (1967), «Школьны тэатр Беларусі XVI—XVIII стст.» С.​Міско (2000) і інш. Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, тэатр. дзеячаў асвятляецца ў крытыка-бібліягр. нарысах. З 2-й пал. 1960-х г. выдаюцца працы мемуарнага характару: «Нататкі акцёра» Ц.​Сяргейчыка, «Тэатр і час» Стэльмаха (абедзве 1973), «Тэатр — жыццё маё» П.​Малчанава (1984), «Паўстагоддзя на сцэне» Г.​Абуховіч (1987), «І кожны вечар у час прызначаны...: Паводле ўспамінаў З.​І.​Браварскай» І.​Кірылюк (2001) і інш. Бел. Т. папулярызуе мастацтва т-ра: кнігі-альбомы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» (1958), «Мастацтва беларускіх дэкаратараў» (1989), «Тэатры Беларусі» (1998, на бел. і англ. мовах) і буклеты пра асобныя т-ры. Аб нараджэнні новых раздзелаў Т. сведчаць працы «Тэатральны эксперымент: праблемы, пошукі, рашэнні» В.​Навуменкі і «Тэатральныя далягляды» Р.​Бузука (абедзве 1990), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: (Сацыялагічны замер)» Г.​Юдчыц (1998) і інш., у якіх разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, планавання творчага працэсу, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар, спажывецкі рынак і інш. Пэўную каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац. тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва, бібліягр. даведнікі па драматургіі, рэжысуры і інш. Бел. Т. эвалюцыяніравала ад матэрыялаў пераважна апісальных і інфарм. да прац абагульняльнага характару, тэарэт. асэнсавання творчых працэсаў нац. сцэн. мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа. Вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Бел. акадэміі мастацтваў і інш.

Літ.:

Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии М., 1972;

Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки, 1917—1941. М., 1985;

Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 16, с. 98

ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫЯ СВЯ́ТЫ,

калектыўныя мастацка-магічныя дзеі, прадстаўленні, карнавалы, інсцэніроўкі і падобныя да іх мастацкія формы, што ўзніклі на аснове міфалагічнага мыслення, сістэмы каляндарных рытуалаў і абрадаў стараж. эпохі.

Вытокі Т.с. у першабытных скоках як магічна-рытуальных прадстаўленнях да і пасля паляванняў, як адлюстраванне ўрачыстых родава-племянных падзей — радзін, ініцыяцый, шлюбна-любоўных звычаяў і інш. Пашыраны ў сярэдневякоўі на аснове абрадавага фальклору. З прыняццем хрысціянства пачаўся працэс уключэння ў структуру Т.с. хрысціянскіх элементаў. Некаторыя з іх (Каляды — Раство Хрыстова, Вялікдзень — Пасха, Тройца — Сёмуха) сталі арган. спалучэннямі сімвалізуемых імі з’яў; другія ў большай ступені набылі хрысціянскі характар — Спас, Пакровы; многія захавалі прыродна-дахрысціянскую сутнасць — Гуканне вясны, Юр’я, Дзяды і інш.

Каляндарныя Т.с. беларусаў захавалі падпарадкаванасць гадавому колу сонца. Найважнейшыя з іх: веснавыя — Стрэчанне-Грамніцы, Масленіца, Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Звеставанне (гл. Дабравешчанне), Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце; летнія — Зялёныя святкі, Купалле, Пятро, Зажынкі—Жніво—Дажынкі; восеньскія — Жаніцьба коміна, Багач, Пакровы, Дзяды; зімовыя — Піліпаўка, Каляды, Жаніцьба Цярэшкі, Шчодрык, Вадохрышча. На аснове светапогляду беларусаў, быццам душы нябожчыкаў могуць уплываць на дабрабыт, здароўе і лёс кроўных родзічаў, узніклі штосуботнія ўшанаванні памерлых — Дзяды. З традыцыі Дзядоў на Беларусі ўзніклі разнастайныя па змесце сямейныя Т.с. радзін, вяселля, памінак. У сярэдневякоўі на іх аснове ўзніклі прадстаўленні местачкоўцаў, гараджан, шляхты, паноў, баяр, пазней рэкрутаў, салдат, прыгонных і інш. Сучасныя святы — гістарычныя, прафесійныя, ваенныя, узроставыя ініцыяцыі (пасвячэнні, юбілеі) — набываюць тэатралізаваны характар. Папулярнымі ўсенароднымі карнаваламі на Беларусі застаюцца Каляды і Купалле. Сучасныя народныя Т.с. захавалі элементы фалькл. спадчыны. Самае распаўсюджанае — Навагодняе (1 студз. і 14 студз. ў праваслаўі). Сярод сучасных Т.с. дзяржаўных: Свята працы, Дзень Перамогі, Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Дзень Кастр. рэвалюцыі, а таксама Дажынкі (гл. Святы і святочныя дні); юбілейных: рэспубліканскія, абласныя. раённыя, гарадскія (напр., 900-годдзе Барысава — 29.6.2002), пасёлкаў і вёсак, прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, ВНУ, сярэдніх спец. навуч. устаноў, школ, гімназій, ліцэяў; дзеячаў навукі, мастацтваў, культуры. Зараджаюцца і развіваюцца і інш. Т.с.: «Багрымава восень» у Крошыне, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Траецкі кірмаш» у Мінску, «Славянскі базар у Віцебску», «Тэатральная вясна» ў Маладзечне, рэгіянальнае свята «Пявучае поле» на возеры Нарач; ваенныя, гістарычныя, дзіцячыя, юнацкія; усталявалася свята Дзень бел. пісьменства і друку. У сучасных Т.с. назіраецца тэндэнцыя выкарыстання ўсіх відаў нар. і прафес. мастацтваў і паяднанне прафес. і аматарскага тэатр. мастацтваў. Сярод бел. рэжысёраў—стваральнікаў сучасных народных Тс. вылучаюцца М.​Макарцоў, П.​Гуд, В.​Ліцьвінка.

Літ.:

Аляхновіч А., Лозка А. Зімовыя святы. Мн., 1999: Іх жа. Веснавыя святы. Мн., 2000;

Лозка А. Восеньскія святы Мн., 1995;

Яго ж Летнія святы. Мн., 2001;

Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў 3 выд. Мн., 2001;

Адамовіч Я. Рана на Івана ... 2 выд. Мн., 2002;

Żygulski K. Święto i kultura. Warszawa, 1981.

В.​Дз.​Ліцьвінка, Я.​К.​Адамовіч.

Да арт. Тэатралізаваныя святы. Праводзіны зімы. Мінск.
Тэатралізаванае свята «Звіняць цымбалы і гармонік». Паставы. 1992.

т. 16, с. 99

ТЭАТРА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Рэспубліканскае.

Існавала ў Мінску ў 1938—41. Мела 2 аддзяленні: драматычнае і харэаграфічнае (з 1939). Рыхтавала кадры для т-раў рэспублікі. Ажыццяўляла кароткатэрміновую вучобу акцёраў калгасна-саўгасных т-раў (у 1939 Заслаўскага і Рагачоўскага, у 1940 Рэчыцкага і Слуцкага; педагогі К.​Саннікаў, С.​Бірыла). Пры вучылішчы дзейнічалі аднагадовыя курсы для ўдзельнікаў аматарскіх тэатр. гурткоў (педагогі Л.​Асенкава, Б.​Тамарын), на базе якіх у 1940 створаны Дзяржынскі калгасна-саўгасны т-р.

Дырэктар і заг. кафедры майстэрства акцёра Е.​Міровіч. Педагогі: Асенкава, В.​Галіна, З.​Васільева (кіраўнік харэаграфічнай групы), В.​Галаўчынер, М.​Зораў, В.​Леангарт, Л.​Літвінаў, І.​Рапапорт, Л.​Рахленка, Дз.​Румянцаў, Г.​Тушманава, М.​Юдэлевіч і інш. Сярод навучэнцаў: М.​Колас, М.​Мірончык, Г.​Рыжкова, Л.​Стасевіч, Б.​Уладамірскі, У.​Станкевіч.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;

Мастацтва Савецкай Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1. Мн., 1976.

Ю.​М.​Сохар.

т. 16, с. 100

ТЭАТРА́ЛЬНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма прафесійнай падрыхтоўкі акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, тэатразнаўцаў і інш. работнікаў у галіне тэатр. мастацтва. Мае розныя формы (курсы, студыі, школы, вучылішчы, тэхнікумы, ін-ты, акадэміі).

Зарадзілася ў т-ры Стараж. Рыма. Асобую пед. сістэму падрыхтоўкі акцёраў выпрацаваў школьны тэатр (у Зах. Еўропе ў 15—18 ст., на Беларусі ў 16—18 ст.). У канцы 19 ст. пед. характар набыла работа рэжысёра. У Расіі першая тэатр. школа засн. ў 1673 у Маскве. У 18 ст. арганізавана пастаянная тэатр. школа ў Пецярбургу і драмклас у Маскве. Уклад у Т.а. зрабілі А.​Астроўскі, І.​Дзмітрэўскі, А.​Ленскі, У.​Неміровіч-Данчанка, К.​Станіслаўскі, А.​Сумарокаў, А.​Шахаўской, М.​Шчэпкін.

На Беларусі Т.а. бярэ пачатак у народным тэатры. Існавалі спец. школы бел. скамарохаў, школы дрэсіроўкі мядзведзяў у наваколлях Гродна, Нясвіжа, Мінска, в. Ракаў (Валожынскі р-н), на Палессі, «Смаргонская акадэмія», школа вераўчаных скакуноў у в. Семежава (Капыльскі р-н, 19 ст.). Развіццё Т.а. ў 19 — пач. 20 ст. звязана з дзейнасцю В.​Дуніна-Марцінкевіча, І.​Буйніцкага, Ф.​Ждановіча, У.​Фальскага. У 1919 арганізаваны вучэбныя акцёрскія курсы, студыі па падрыхтоўцы інструктараў па т-ры ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мазыры; яны ж — пашыраныя формы Т.а. і ў 1920—30-я г. Студыі існавалі амаль пры ўсіх т-рах Беларусі. Падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася таксама ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве (маст. кіраўнік В.​Смышляеў, існавала на правах ВНУ) і Беларускай студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (кіраўнік Б.​Жукоўскі), а таксама Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1939, кіраўнікі курсаў М.​Тарханаў, Л.​Леанідаў). Павышэнню прафес. падрыхтоўкі акцёрскіх кадраў садзейнічалі Інбелкульт (1925), 3-месячныя курсы для Бел. трама пры Ленінградскім тэатр. тэхнікуме і для БДТ-3 у Маскве (1934). У 1931—33 у Мінску працаваў Беларускі тэхнікум сцэнічнага мастацтва, у 1938—41 — Рэсп. Тэатральнае вучылішча. Уклад у Т.а. зрабілі рэжысёры-педагогі Е.​Міровіч, У.​Галубок, М.​Кавязін, М.​Зораў, кіраўнікі студый Л.​Літвінаў, М.​Міцкевіч, Л.​Рахленка, Ц.​Сяргейчык. Сістэматычная падрыхтоўка прафес. кадраў пачалася ў 1945, калі быў створаны Бел. тэатр. ін-т (з 1953 Бел. тэатр.-мастацкі ін-т, з 1991 — Беларуская акадэмія мастацтваў). Важнае значэнне для развіцця Т.а. мела і мае пед. практыка Б.​Мардвінава, Дз.​Арлова, Л.​Мазалеўскай, В.​Рэдліх, У.​Маланкіна, У.​Няфёда, А.​Сабалеўскага і інш. У акадэміі рыхтуюць акцёраў т-ра і кіно, т-ра лялек, рэжысёраў, тэатр. мастакоў, тэатразнаўцаў. Рэжысёраў для аматарскіх т-раў рыхтуе Беларускі універсітэт культуры (створаны ў 1975), кіраўнікоў тэатр. аматараў — культ.-асв. вучылішчы, каледж мастацтваў у Мінску.

Артыстаў для муз. т-раў на Беларусі пачалі рыхтаваць ў 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх т-рах і школах. У 2-й пал. 18 ст. існавалі Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная шкала, Слуцкая балетная шкала, Шклоўская балетная школа. Уклад у падрыхтоўку муз.-тэатр. кадраў зрабілі балетная студыя пры БДТ (створана ў 1921, кіраўнік К.​Алексютовіч), Мінскі муз. тэхнікум (створаны ў 1924) і адкрытыя пры ім вышэйшая балетныя (у 1925—26) і оперныя (у 1927—28) класы, на базе якіх у 1930 створана Беларуская студыя оперы і балета, а ў 1943 — балетная школа пры Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1939 па ініцыятыве З.​Васільевай у Рэсп. тэатр. вучылішчы адкрыта спец. харэаграфічнае аддзяленне, якое працавала па праграме харэаграфічных вучылішчаў. У 1945 арганізавана Дзярж. харэаграфічнае вучылішча Беларусі (гл. Дзяржаўны харэаграфічны каледж Рэспублікі Беларусь). Цэласную сістэму муз.-тэатр. адукацыі завяршала стварэнне ў 1932 Бел. кансерваторыі (гл. Беларуская акадэмія музыкі), дзе рыхтуюць артыстаў оперы і аперэты, оперных дырыжораў вышэйшай кваліфікацыі. Кіраўнікоў аматарскіх муз.-тэатр. калектываў рыхтуюць у Бел. ун-це культуры і культ.-асв. вучылішчах.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;

Сохар Ю. Беларуская тэатральная адукацыя: зараджэнне. станаўленне, прабл. развіцця // Мастацтва Беларусі. 1985. № 1;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990.

Ю.​М.​Сохар.

т. 16, с. 100

«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

назва час. «Тэатральная творчасць» у 1992—95.

т. 16, с. 100

«Тэатральная Беларусь»

т. 18, кн. 1, с. 463