ТЭАТРАЗНА́ЎСТВА,

навука, якая вывучае тэатр як самастойны від мастацтва, яго паходжанне і развіццё, месца і ролю ў грамадстве, маст. і тэхнал. структуру, працэсы творчасці і ўспрымання; галіна мастацтвазнаўства. Зыходзячы з таго, што т-р складаецца з драматургіі, сцэн. мастацтва і гледача, то кожная з гэтых галін з’яўляецца прадметам вывучэння адпаведных раздзелаў Т. Яго асн. структурныя часткі: агульная тэорыя і гісторыя т-ра, тэатр. крытыка, сацыялогія т-ра, тэорыя драмы, рэжысура, акцёрскае мастацтва, псіхалогія і фізіялогія творчасці і глядацкага ўспрымання, сцэнаграфія, муз. афармленне спектакляў, тэатр. адукацыя і педагогіка, тэхніка сцэны, эканоміка і арг-цыя тэатр. справы, крыніцазнаўства, бібліяграфія і інш. Звязана з гісторыяй культуры і побыту, філасофіяй, сацыялогіяй, эстэтыкай, псіхалогіяй, фалькларыстыкай, літ.-знаўствам, усімі мастацтвазнаўчымі навукамі.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Першыя тэатразнаўчыя творы паявіліся ў 16 ст. ў Францыі, Англіі, Германіі. З 17 ст. пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра. У Расіі Т. ўзнікла ў 18 ст. Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі творы А.​Пушкіна, М.​Гогаля, А.​Астроўскага, артыкулы В.​Бялінскага, А.​Грыгор’ева і інш. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі працы К.​Станіслаўскага, У.​Неміровіча-Данчанкі, У.​Меерхольда, У.​Усеваладскага-Гернгроса, М.​Марозава, П.​Маркава, С.​Данілава, Г.​Гаяна і інш. тэарэтыкаў і практыкаў т-ра.

На Беларусі першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама пра спектаклі Нясвіжскага т-ра Ф.​У.​Радзівіл у 1720—61 занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага». У 17—18 ст. першыя спробы асэнсаваць тэатр. працэсы зроблены ў працах М.​К.​Сарбеўскага («Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый»), Я.​Фалькоўскага («Збор розных твораў», т. 3), Г.​Каніскага («Правілы паэтычнага мастацтва») і Ф.​Галянскага («Пра красамоўства і паэзію»). У 19 ст. на Беларусі і за яе межамі з’явіліся друкаваныя працы на польскай мове, у якіх разглядалася дзейнасць Гродзенскага і Нясвіжскага т-раў, змяшчаліся звесткі пра тэатралізаваныя дыялогі, якія праводзіліся ў езуіцкіх школах Гродна, Нясвіжа, Пінска, Полацка, Слоніма і Свіслачы, бел. інтэрмедыі 17 ст. і інш. Вял. значэнне для вывучэння гісторыі і практыкі бел. т-ра мелі запісы яго нар. форм, зробленыя ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. Е.​Раманавым, П.​Шэйнам, К.​Гукоўскім, Я.​Карскім, Дз.​Даўгялам, К.​Харламповічам, А.​Кіркорам і інш. У публікацыях канца 19 ст. ў гіст. плане асвятлялася жыццё, у т. л. і тэатр., Мінска, Віцебска і Гродна. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел. нац. т-р (арт. М.​Гарэцкага «Наш тэатр», 1913). Шмат увагі ідэі яго стварэння, асвятленню яго нар. і прафес. форм аддавалі газеты «Наша ніва» (1906—15), «Гоман» (1916—18), «Беларусь» (1919—20) і інш. У пачатку 20 ст. Т. вылучылася ў самастойную галіну навукі. Паяўленне прафес. дзярж. т-раў на Беларусі і шырокае развіццё аматарскай творчасці вызначылі задачы бел. Т. на новым этапе, асн. з якіх было вывучэнне гісторыі нац. сцэн. культуры: Ф.​Аляхновіч «Беларускі тэатр» (1924), С.​Грынкевіч «Аб тэатры» (1927), А.​Некрашэвіч «Беларускі першы Дзяржаўны тэатр, 1920—1930» (1930) і інш. Значная ўвага ў канцы 1920-х — 1930-я г. аддавалася аналізу бел. драматургіі. У зб. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны крытычныя выступленні па праблемах драматургіі пісьменнікаў Я.​Коласа, К.​Чорнага, В.​Вольскага, У.​Галубка, М.​Клімковіча, Б.​Мікуліча, І.​Гурскага, Я.​Рамановіча і інш. Сярод інш. прац па гэтай праблеме: «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.​Вольскага (1934), «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.​Модэля (1935), якія, аднак, не пазбеглі суб’ектывізму ў ацэнках з’яў мастацтва. У пасляваен. перыяд бел. Т. прадоўжыла распрацоўку праблем сцэн. мастацтва і драматургіі. З арганізацыяй у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі ў 1957 сектара т-ра і кіно (з 1977 сектар, з 1986 аддзел т-ра) пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі, тэорыі і сучасных працэсаў развіцця бел. т-ра. Гэтыя праблемы распрацоўваліся ў працах У.​Няфёда «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» і «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965), калектыўнай «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.​Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.​Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.​Гаробчанка (2002). У шэрагу тэарэт. прац разглядаюцца праблемы драматургічнага канфлікту («Роздум пра драматычны канфлікт» Няфёда, 1970); сцэн. інтэрпрэтацыі прозы («Радок, прачытаны тэатрам» У.​Халіпа, 1973); узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне тэатр. культур розных народаў («Шляхі беларускага тэатра» У.​Стэльмаха, 1964; «Беларуская драматургія ў тэатрах народаў СССР» А.​Сабалеўскага, 1972, і інш.); эвалюцыі канцэпцыі гераічнага ў бел. тэатр. мастацтве («На сцэне — бессмяротнасць подзвігу», 1982; «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80 гг.», 1987, Смольскага); сучаснай бел. рэжысуры («Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» Смольскага, 1984; «Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.​Баравіка, 2000) і інш.

У манаграфіях тэатразнаўчага і літаратуразнаўчага характару аналізуецца творчасць драматургаў: Я.​Купалы (М.​Ярош, У.​Карпаў, П.​Васючэнка), К.​Крапівы (Я.​Усікаў, А.​Макарэвіч, У.​Карабан, С.​Лаўшук, Сабалеўскі), Галубка (Л.​Карабанава), А.​Макаёнка (Усікаў), вывучаецца драматургія і праблемы яе развіцця, аналізуецца сцэн. ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў. Выдадзены манаграфіі, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: «Першы тэатр» Рамановіча (1946), «Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы» (1970) і «Беларускі тэатр імя Якуба Коласа» (1976) Няфёда, «Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.)» Пятровіча (1983), «На тэатральных скрыжаваннях» Б.​Бур’яна і Ліснеўскага (1967, пра Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі), «Лёс аднаго тэатра» Г.​Герштэйн (2000, пра Дзярж. яўр. т-р БССР), «Тэатр лялек» Ан.Ляляўскага (1974) і інш. Нар. формы тэатр. мастацтва, дзейнасць прафес. і аматарскіх калектываў у гіст. і сучасных аспектах даследуюцца ў працах Г.​Барышава, У.​Іскрыка, М.​Каладзінскага, Ю.​Пашкіна, Ю.​Сохара, А.​Лабовіча, А.​Есакова, А.​Асташова, Пятровіча і інш. Выдадзены навуч. дапаможнікі для студэнтаў тэатр. факультэтаў ВНУ, для школьных і дашкольных устаноў: «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (склад. Сабалеўскі, т. 1—2, 1975; т. 1—3, 2-е выд. 1997—2000), «Гісторыя беларускага тэатра» Няфёда (1982), «Лялечны тэатр у школе» Ан. Ляляўскага (1967), «Школьны тэатр Беларусі XVI—XVIII стст.» С.​Міско (2000) і інш. Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, тэатр. дзеячаў асвятляецца ў крытыка-бібліягр. нарысах. З 2-й пал. 1960-х г. выдаюцца працы мемуарнага характару: «Нататкі акцёра» Ц.​Сяргейчыка, «Тэатр і час» Стэльмаха (абедзве 1973), «Тэатр — жыццё маё» П.​Малчанава (1984), «Паўстагоддзя на сцэне» Г.​Абуховіч (1987), «І кожны вечар у час прызначаны...: Паводле ўспамінаў З.​І.​Браварскай» І.​Кірылюк (2001) і інш. Бел. Т. папулярызуе мастацтва т-ра: кнігі-альбомы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» (1958), «Мастацтва беларускіх дэкаратараў» (1989), «Тэатры Беларусі» (1998, на бел. і англ. мовах) і буклеты пра асобныя т-ры. Аб нараджэнні новых раздзелаў Т. сведчаць працы «Тэатральны эксперымент: праблемы, пошукі, рашэнні» В.​Навуменкі і «Тэатральныя далягляды» Р.​Бузука (абедзве 1990), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: (Сацыялагічны замер)» Г.​Юдчыц (1998) і інш., у якіх разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, планавання творчага працэсу, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар, спажывецкі рынак і інш. Пэўную каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац. тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва, бібліягр. даведнікі па драматургіі, рэжысуры і інш. Бел. Т. эвалюцыяніравала ад матэрыялаў пераважна апісальных і інфарм. да прац абагульняльнага характару, тэарэт. асэнсавання творчых працэсаў нац. сцэн. мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа. Вывучэнне гісторыі і тэорыі т-ра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Бел. акадэміі мастацтваў і інш.

Літ.:

Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии М., 1972;

Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки, 1917—1941. М., 1985;

Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 16, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)