1) род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з’яўляецца сцэн. дзеянне, якое ўзнікае ў працэсе ігры акцёра перад публікай. Адна з форм грамадскай свядомасці, мае вял. значэнне ў грамадскім і эстэт. выхаванні. Развіццё Т. залежыць ад развіцця грамадства, ад стану агульнай культуры народа. Т. — мастацтва сінт., спалучае дзейсны і відовішчны пачаткі, магчымасці часавых і прасторавых мастацтваў, сродкі выразнасці л-ры, музыкі, жывапісу, танца, архітэктуры. Асн. твор тэатр. мастацтва — спектакль. У залежнасці ад перавагі пэўных сродкаў сцэн. выразнасці склаліся асн. тыпы Т.: драм., оперны (гл.Опера) і балетны (гл.Балет) з некат. прамежкавымі формамі (аперэта, пантаміма, тэатр мініяцюр). Аснова дзеяння ў Т. — драма як род л-ры. Як мастацтва грамадскае Т. патрабуе калект. ўспрымання гледачоў. Непасрэдны выразнік драм. дзеяння ў Т. — акцёр, які стварае характар персанажа (гл.Акцёрскае мастацтва). Сінтэтычнасць тэатр. вобразнасці абумовіла паяўленне рэжысёра як вытлумачальніка п’есы, творчага кіраўніка тэатр. калектыву (гл.Рэжысёрскае мастацтва). Актыўныя ўдзельнікі стварэння спектакля — тэатр. мастак (гл.Сцэнаграфія), кампазітар і балетмайстар, якія ствараюць зрокавы, муз. і пластычны вобразы тэатр. паказу, узмацняюць яго эмац. ўздзеянне на гледача. Гісторыю і тэорыю Т. вывучае тэатразнаўства.
Вытокі Т. ў стараж.прац. і быт. абрадах і гульнях, дзе элементы драм. дзеяння аб’ядноўваліся з песняй і танцам, Паступова элемент відовішчнасці ўзмацняўся, паявіўся сюжэт, падзел на выканаўцаў і гледачоў, узнік дыялог, выкарыстоўваліся розныя культавыя маскі. Найб.стараж. формы Т. ўзніклі ў Егіпце (4 тыс. да н.э.), дзе ў аснове тэатр. дзеяння былі танец, пантаміма, рэлігійна-абрадавыя і свецкія, ваен. відовішчы, містэрыяльныя паказы паводле міфал. сюжэтаў. Своеасаблівыя і багатыя формы відовішчаў ствараліся ў краінах Стараж. Усходу, у Індыі, Кітаі, Японіі, М’янме, Інданезіі і інш., дзе яны звязаны з нар. эпічнай творчасцю. У Стараж. Грэцыі канчаткова сфарміраваўся тэатр. паказ, заснаваны на тэксце (4 ст. да н.э.; гл. ў арт.Грэцыя Старажытная). Міфал. сюжэты і вобразы атрымлівалі тагачаснае асэнсаванне, узбагачаліся дэмакр. і гуманіст. ідэямі (трагедыі Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыі Арыстафана). Традыцыі грэч.тэатр. культуры атрымалі развіццё ў Стараж. Рыме (драматургі Плаўт, Тэрэнцый, Сенека і інш.), дзе вял. ўвага аддавалася пастановачнаму боку спектакляў, развіццю тэатр. тэхнікі (гл. ў арт.Рым Старажытны). Для сярэдневяковага Т. характэрна суіснаванне форм нар.т-ра (творчасць гістрыёнаў, жанглёраў, скамарохаў) і рэліг.тэатр. жанраў (літургічная драма, міракль, містэрыя). У 14—16 ст. ў шэрагу краін Еўропы дасягнуў росквіту дэмакр. жанр сярэдневяковага Т. — фарс. Імклівы росквіт тэатр. культуры адбываўся ў эпоху Адраджэння: з’яўленне новай тэатр. формы — камедыі дэль артэ, адасабленне розных відаў Т., якія атрымалі самаст. развіццё (опера, балет, аперэта); фарміраванне асаблівасцей сцэн. культуры (з’яўленне аўтарскай рэжысуры, стабільных т-раў, прыватных і прыдворных). Ідэйная накіраванасць Т. Адраджэння, яго гуманізм, народнасць вызначылі творчасць Н.Макіявелі (Італія), К.Марла, У.Шэкспіра (Вялікабрытанія), М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона (Іспанія) і інш. З развіццём класіцызму ў Т. яго гал. прадстаўнікі (П.Карнель, Ж.Расін, Францыя), імкнуліся стварыць вобраз ідэальнага чалавека тагачаснага грамадства, акцёрскае мастацтва падпарадкоўвалася пэўным канонам (падкрэсленая пластычная і вакальна-дэкламацыйная выразнасць). У выніку дзейнасці Мальера (стварыў жанр высокай камедыі) была ажыццёўлена рэформа класіцысцкай камедыі, пад уплывам якой адбыліся змены і ў акцёрскім мастацтве (М.Барон, А.Лекуўрор). У 2-й пал. 18 ст. Т. выражаў ідэі Асветніцтва, якія атрымалі развіццё ў драматургаў Г.Лесінга, Ф.Шылера (Германія), Д.Дзідро, П.Бамаршэ, Л.Мерсье (Францыя), Г.Філдынга, Р.Шэрыдана (Англія), К.Гальдоні (Італія), В.Багуслаўскага (Польшча), А.Сумарокава, Я.Княжніна, І.Дзмітрэўскага (Расія). Ідэю адзінства абавязку і пачуцця прапаведаваў у сваіх трагедыях Вальтэр. Узніклі жанры мяшчанскай драмы, слёзнай камедыі, развіваліся пантаміма, баладная опера, сатыр. драматургія. Рэфарматарская дзейнасць, імкненне да прастаты і натуральнасці выканання характэрна для акцёраў Д.Гарыка, С.Сіданс (Вялікабрытанія), К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра (Германія), Ф.Ж.Тальма (Францыя). Рамантызм Т. 19 ст. парушыў законы класіцызму, абвясціўшы сваімі прынцыпамі жыццёвую праўду і свабоду творчасці, зварот да нац. гісторыі, нар. эпасу. Сярод драматургаў-рамантыкаў: Дж.Байран, П.Б.Шэлі (Вялікабрытанія), В.Гюго (Францыя), Э.Т.А.Гофман, Л.Цік (Германія), Ю.Славацкі, А.Міцкевіч (Польшча), Ш.Пецёфі, М.Вёрэшмарці (Венгрыя) і інш.; акцёраў: Э.Кін (Вялікабрытанія), Л.Дэўрыент (Германія), М.Дарваль, Фрэдэрык-Леметр (Францыя), Г.Модэна (Італія), Г.Эгрэшы (Венгрыя), П.Мачалаў (Расія) і інш. З сярэдзіны 19 ст. фарміруецца рэаліст. кірунак у Т., развіццю якога садзейнічала драматургія П.Мерымэ, А.Бальзака (Францыя), Г.Ібсена (Нарвегія), Б.Шоу (Вялікабрытанія), Г.Гаўптмана (Германія), А.Стрындберга (Швецыя), А.Пушкіна, М.Гогаля, І.Тургенева, А.Сухаво-Кабыліна, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Горкага (Расія) і інш. Тонкай індывідуалізацыяй вобраза, паўнатой унутр. пераўвасаблення вызначалася мастацтва акцёраў-рэалістаў: Э.Росі, Т.Сальвіні, Э.Дузе (Італія), Ж.Каклена, Э.Го (Францыя), К.Зайдэльмана (Германія), Г.Ірвінга, Э.Вестрыс, Э.Тэры (Вялікабрытанія), М.Шчэпкіна, І.Сасніцкага, А.Мартынава, П.Стрэпетавай, М.Ярмолавай, А.Ленскага (Расія) і інш. На мяжы 19—20 ст. абазначыўся новы этап тэатр. рэформ, які закрануў рэжысуру, акцёрскае мастацтва і ўсю сістэму выразных сродкаў Т., пачаліся актыўныя пошукі вобразнага вырашэння спектакля. Рэжысура сімвалізму прапанавала сцвердзіць прынцып стылізацыі, муз.-рытмічнае, пластычнае і зрокава-прасторавае вырашэнне сцэн. вобраза (П.Фор, А.Люнье-По, Францыя; Г.Крэг, Вялікабрытанія; А.Апія, Швейцарыя; Г.Фукс, Германія і інш.). У Расіі ў гэты перыяд развіваліся рэаліст. традыцыі ў Маскоўскім Мастацкім тэатры (МХТ) — пачала складвацца Станіслаўскага сістэма (рэж. К.Станіслаўскі, У.Неміровіч-Данчанка). Эксперыментальны характар мела рэжысёрская дзейнасць У.Меерхольда, А.Таірава. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі наватарскія пошукі ў Т. характэрны для рэжысёраў Ш.Дзюлена, Л.Жувэ, Г.Баці, Ф.Жэм’е (Францыя), Б.Брэхта (Германія), Ю.Астэрвы, С.Ярача, Л.Шылера (Польшча) і інш. У 2-ю сусв. вайну і пазней развіваюцца «інтэлектуальная драма» і «эпічны Т.» (Брэхт, Германія; Ж.П.Сартр, Ж.Ануй, Францыя) з характэрнай для яго ўвагай да філас.-маральных праблем. Кірунак «паэтычнага натуралізму» прадстаўлялі драматургі Дж.Осбарн, Б.Біэн, А.Уэскер (Вялікабрытанія), часткова Т.Уільямс (ЗША). Філас. і паліт. скептыцызмам адзначана творчасць прадстаўнікоў тэатра абсурду (С.Бекет, Э.Іанеска, Францыя; у пэўнай ступені М.Фрыш, Ф.Дзюрэнмат, Швейцарыя; С.Мрожак, Польшча; В.Гавел, Чэхія, і інш.). У 1960-я г. пашыраны жанр дакумент. драмы (П.Вайс, Германія; Дж.Кілці, Вялікабрытанія; часткова А.Мілер, ЗША). Важнае значэнне ў Т. 1960—70-х г. у СССР мела дзейнасць рэжысёраў Ю.Завадскага, Р.Сіманава, Г.Таўстаногава, А.Яфрэмава, А.Эфраса, Ю.Любімава, Р.Капланяна, А.Мамбетава, Р.Стуруа і інш. У практыку сучаснага Т. шырока ўвайшла мова сцэн. метафары, характэрна імкненне да павышанай вобразнай актыўнасці, эканоміі маст. сродкаў. Вял. функцыю нясуць рэжысура, сцэнаграфія. Асаблівасць Т. 20 ст. — разнастайнасць школ і кірункаў, рэжысёрскіх сістэм, тэорый сцэн. мастацтва, акцёрскай ігры.
Бел. народны тэатр узнік на аснове стараж. абрадаў, гульняў, карагодаў, паказаў вандроўных акцёраў-скамарохаў. З 16 ст. бытаваў нар. лялечны Т. батлейка. У 17 ст. ўзнікла народная драма. Характэрнай асаблівасцю школьнага тэатра (16—17 ст.) была сатыр. накіраванасць яго інтэрмедый; драматургі Сімяон Полацкі і К.Марашэўскі. У 2-й пал. 18 ст. ствараюцца прыватнаўласніцкія Нясвіжскі тэатр Радзівіла, Слуцкі тэатр Радзівіла, Шклоўскі тэатр Зорыча, Слонімскі тэатр Агінскага, Тышкевічавы тэатры. З 2-й пал. 19 ст. развіваецца прафес.бел. драматургія. Пад кіраўніцтвам В.Дуніна-Марцінкевіча створаны Дуніна-Марцінкевіча тэатр.
Значную ролю ў развіцці тэатр. мастацтва адыграла Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў ў Мінску (1898—1906). У гэты ж час зроблены спробы стварыць нац. Т. ў Радашковічах, Пятроўшчыне пад Мінскам. У пач. 20 ст. пашыраны т.зв. беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі стварэнню аматарскіх труп у Вільні, Гродне, Слуцку, Капылі, Мінску, Полацку і інш. Важнае значэнне для развіцця прафес.бел. Т. мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Развіваецца бел. драматургія, шырока ставяцца п’есы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Каганца, К.Буйло, У.Галубка, Л.Родзевіча і інш. У 1917 у Мінску ўзнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, працавалі тэатры рэвалюцыйнай сатыры. У 1920-я г. арганізоўваюцца вядучыя Т. Беларусі: БДТ-1 (гл.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), БДТ-3 (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр) і БДТ-2 (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, цяпер Нац.акад.драм.т-р імя Я.Коласа), якія перш за ўсё вызначалі тэатр. жыццё краіны. У 1920—30-я г. ўзніклі Т. новага тыпу, якія займаліся агітац.-прапагандысцкай дзейнасцю: паказальныя тэатры, т-ры рэв. сатыры, тэатры рабочай моладзі (трамы), калгасна-саўгасныя тэатры і інш. Значная ўвага аддавалася тэатр. адукацыі (сістэма курсаў, студый, арганізацыя ў 1938 тэатр. вучылішча). З 1920-х г. у рэпертуары Т. п’есы Н.Бываеўскага (Я.Дылы), Е.Міровіча, Галубка, В.Гарбацэвіча, Ц.Гартнага, Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Л.Родзевіча, М.Чарота, М.Грамыкі, Дз.Курдзіна і інш., творы сав. драматургаў. У 1930-я г. ў драматургію прыйшлі новыя аўтары: Р.Кобец, К.Крапіва, Э.Самуйлёнак, К.Чорны і інш. Узніклі новыя калектывы: Дзяржаўны т-р оперы і балета (гл.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь), Тэатр юнага гледача БССР, Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (цяпер Нац.акад.драм.т-р імя М.Горкага), Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, абласныя т-ры ў Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Гомелі, Пінску. К 1941 працаваў 21 Т. З пач.Вял.Айч. вайны большасць Т. спыніла сваё існаванне, у вядучых эвакуіраваных Т. арганізоўваліся франтавыя брыгады. У пасляваен. перыяд У рэпертуары Т. асн. месца займалі творы гераічнай тэматыкі. У 1950—70-я г. была пашырана дзейнасць аматарскіх Т. У рэпертуарах пераважалі пастаноўкі маральна-этычнай праблематыкі, інсцэніроўкі твораў Я.Коласа, І.Мележа, І.Шамякіна, А.Адамовіча, В.Быкава, І.Чыгрынава і інш. У 1970—80-я г. шырока ставіліся п’есы А.Макаёнка, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, У.Караткевіча, А.Дударава, А.Дзялендзіка і інш. У рэпертуары бел. Т. 1990-х г. — нац., рус. і замежная класіка і сучасная драматургія. Тэатр. мастацтва гэтага перыяду вызначаюць рэжысёры В.Баркоўскі, Ал.Ляляўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, В.Раеўскі, Р.Таліпаў і інш., сцэнографы Б.Герлаван, Я.Ждан, З.Марголін, У.Матросаў, Дз.Мохаў, Л.Рулёва і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. Т. зрабілі рэжысёры У.Галубок, Ф.Ждановіч, Міровіч, К.Саннікаў, балетмайстры К.Алексютовіч, В.Елізар’еў, акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, В.Галіна, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Ільінскі, А.Кістаў, А.Клімава, У.Крыловіч, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, У.Уладамірскі, Ф.Шмакаў, Р.Янкоўскі, М.Яроменка, спевакі Л.Александроўская, З.Бабій, І.Балоцін, Н.Гайда, М.Ворвулеў, М.Дзянісаў, С.Друкер, Р.Млодак, Т.Ніжнікава, В.Чарнабаеў, артысты балета Л.Бржазоўская, З.Васільева, С.Дрэчын, І.Душкевіч, У.Камкоў, А.Карзянкова, Н.Младзінская, А.Нікалаева, Л.Сінельнікава, Ю.Траян і інш. Лепшыя дасягненні тэатр. мастацтва прадстаўляюцца на фестывалях тэатральных.
На Беларусі дзейнічае (2002) 27 Т., у т. л. 17 драм., сярод іх нац. т-ры імя Я.Купалы, імя М.Горкага ў Мінску, імя Я.Коласа ў Віцебску, Бел.т-р юнага гледача (гл.Тэатр юнага гледача Беларусі), Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр-студыя кінаакцёра, абл. т-ры ў Гомелі, Гродне, Магілёве (гл. адпаведныя арт.), таксама Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Мінскі абласны драматычны тэатр у Маладзечне, Слонімскі беларускі драматычны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа, 3 муз.: нац. т-ры оперы, балета, Бел.дзярж.муз.т-р (гл.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь), 7 лялечных: Бел.дзярж.т-р лялек (гл.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі) у Мінску і абл. ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, а таксама Мінскі абл. ў Маладзечне (гл. адпаведныя артыкулы), таксама 10 прыватных, ведамасных, антрэпрыз (Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», Мінскі малы тэатр, Нікола-т-р і інш.). Акцёраў, рэжысёраў, тэатразнаўцаў, тэатр. мастакоў рыхтуе Беларуская акадэмія мастацтваў. Дзейнічае Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі.
2) Паказ, спектакль.
3) Будынак, дзе адбываецца тэатр. паказ (гл.Тэатральныя будынкі).
Літ.:
Станиславский К.С. Собр. соч.Т. 1—8. М., 1954—61;
Немирович-Данченко В.И. Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;
Авдеев А.Д. Происхождение театра: Элементы театра в первобытно-общинном строе. Л.;
М., 1959;
Данилов С.С. Очерки по истории русского драматического театра. М.; Л., 1948;
История западноевропейского театра. Т. 1—5. М., 1956—70;
Пави П. Словарь театра: Пер. с фр.М., 1991;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн 1983—87.
А.А.Лабовіч.
Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. Сцэна са спектакля «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. 1997.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Беларусі. Сцэна з балета «Раймон да» А.Глазунова. 1997.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа. Сцэна са спектакля «Несцерка» В.Вольскага. 1941.Да арт.Тэатр. Сцэна са спектакля «На дне» М.Горкага ў пастаноўцы К.Станіслаўскага.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Сцэна са спектакля «Вечар» А.Дударава 1984.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Беларусі. Сцэна з оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага 1998.Да арт.Тэатр. Пікала-тэатр у Мілане. Сцэна са спектакля «Бура» У.Шэкспіра. 1978.