ТЭАСО́ФІЯ (ад грэч. theos бог + sophia мудрасць),

у шырокім сэнсе — містычнае богапазнанне. У адрозненне ад тэалогіі, якая базіруецца на рэліг. догматах, у аснове Т. — суб’ектыўны містычны вопыт, выкладзены ў выглядзе цэласнай сістэмы. Да Т. адносяць герметызм, гнастыцызм, кабалу, неаплатанізм, разенкрэйцараўскае светаразуменне, а таксама шэраг вучэнняў 16—18 ст., якія знаходзяцца па-за межамі царк. традыцыі (Я.​Бёме, Парацэльс, Л.​К.​Сен-Мартэн, Э.​Сведэнбарг, Ф.​Этынгер і інш.). Ф.​Шэлінг разумеў пад Т. сінтэз містычнага богапазнання і рацыянальнай філасофіі; набліжана да такога вызначэння паняцце «свабодная Т.» ў У.​С.​Салаўёва. Ідэі Т. паслужылі прадметам асэнсавання М.​Гандзі, А.І. і М.К. Рэрыхаў, В.​Кандзінскага і інш. У вузкім сэнсе Т. — эзатэрычнае вучэнне А.П.Блавацкай, выкладзенае ёй у працы «Сакрэтная дактрына» (1888). Склалася пад уплывам брахманізму, будызму, індуізму, акультызму і некат. элементаў гнастыцызму; характарызуецца імкненнем аб’яднаць розныя рэліг. вучэнні праз раскрыццё тоеснасці сэнсу рэліг. сімвалаў і стварыць на гэтай аснове універсальную рэлігію, не звязаную пэўнай дагматыкай. У 1875 у Нью-Йорку было створана тэасофскае т-ва, уплыў якога хутка пашырыўся ў краінах Еўропы і Азіі; у 1879 яго цэнтр перанесены ў Індыю. У канцы 1900 — пач. 1910-х г. у тэасофскім т-ве адбыўся раскол, у выніку чаго створана антрапасофская школа на чале з Р.​Штайнерам (гл. Антрапасофія).

т. 16, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)