А́СПІДЫ,
аспідавыя (Elapidae), сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 43 роды, 181 від. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Паўд. Азіі, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў тропіках і субтропіках. Найб. вядомыя кобры, крайты (Bungarus), мамбы (Dendroaspis), каралавыя (Micrurus). Некат. ахоўваюцца. Сярэднеазіяцкая кобра (Naja naja oxiana) водзіцца на Пд Сярэдняй Азіі.
Цела стройнае, даўж. да 5,5 м. Афарбоўка разнастайная, стракатая. Галава ў большасці не адмежавана ад тулава, укрытая буйнымі сіметрычнымі шчыткамі. Наперадзе верхнясківічных касцей буйныя парныя ядаправодныя зубы. Яд нервова-паралітычнага дзеяння, небяспечны для жывёл і чалавека. Кормяцца грызунамі, жабамі, яшчаркамі і інш. змеямі. Большасць жывародныя. Жывуць на зямлі і дрэвах.
т. 2, с. 42
АСПІРАНТУ́РА
[ад лац. aspirans (aspirantis) які імкнецца да чаго-н.],
асноўная форма падрыхтоўкі навук. і навук.-пед. кадраў у некаторых краінах і на Беларусі. Арганізуецца пры ВНУ і н.-д. установах. У аспірантуру прымаюцца асобы з вышэйшай адукацыяй, якія выявілі здольнасць да навук.-пед. і н.-д. працы і вытрымалі ўступныя экзамены. На Беларусі існуе вочная (3 гады навучання) і завочная (4 гады). Асобы, якія праходзяць курс аспірантуры (аспіранты), здаюць кандыдацкія экзамены, рыхтуюць да абароны дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук.
І.А.Мельнічук.
т. 2, с. 42
АСПІРА́ТАР,
1) у медыцыне апарат для адсмоктвання ці нагнятання вадкасцяў. Выкарыстоўваецца таксама пры хірург. аперацыях, для выдалення слізі з бронхаў, вадкасці з плеўральнай поласці, у гінекалогіі, уралогіі, пры пульверызацыі, анестэзіі і інш. 2) У тэхніцы — прыстасаванне для адбору пробаў паветра, каб зрабіць аналіз яго саставу і запыленасці асяроддзя. Выкарыстоўваецца ў горнай, металург. і харч. прам-сці.
т. 2, с. 42
АСПІРА́ЦЫЯ
(ад лац. aspiratio удыханне) у медыцыне, 1) пранікненне ў дыхальныя шляхі іншародных целаў пры ўдыханні. Можа прывесці да запалення дыхальных шляхоў (ускладняецца нагнаеннем і гангрэнай),
да смерці ад удушша.
2) Адсмоктванне шпрыцам або іншай прыладай вадкасці ці паветра з поласці цела, сустава, нацёкавага гнайніка.
т. 2, с. 42
АСПІРЫ́Н,
тое, што ацэтылсаліцылавая кіслата.
т. 2, с. 42
АСПІТАЛЕ́Т
(Hospitalet),
Аспіталет дэ Льёбрэгат, горад у Іспаніі, у аўт. вобласці Каталонія, у даліне р. Льёбрэгат; прамысл. прыгарад Барселоны. 273 тыс. ж. (1991). Машынабудаванне (эл.-тэхн. вытв-сць, аўтамаб. абсталяванне), тэкст., хім. Прамысловасць.
т. 2, с. 42
А́СПЛУНД
(Asplund) Эрык Гунар (22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),
шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. Матэрыялаў.
т. 2, с. 42