Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,

старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.

Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.

Асенні паласаты.

т. 2, с. 28

А́СЕР ((Asser) Тобіяс) (28.4.1838—29.7.1913),

галандскі дзярж. дзеяч, юрыст. Скончыў Амстэрдамскі ун-т (1860). Праф. міжнар. і камерцыйнага права. Адзін з заснавальнікаў Ін-та міжнар. права ў Генце (1871, Бельгія). Распрацаваў законы аб грамадзянскіх правах, выдачы злачынцаў і інш. Аўтар прыкладных прац па міжнар. праве, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў канферэнцый у Гаазе 1899 і 1907 па міжнар. праве. Нобелеўская прэмія міру (1911, сумесна з А.Фрыдам).

т. 2, с. 28

АСЕТРАПАДО́БНЫЯ (Acipenseriformes),

атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.

Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.

Да арт. Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.

т. 2, с. 28

АСЕЦІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іранскіх моў (усх. група); мова асецінаў. Пашырана ў Асеціі, на тэр. Цэнтр. Каўказа, у некаторых раёнах Грузіі і Паўд. Каўказа. Паходзіць ад моў качэўнікаў Паўн. Прычарнамор’я (скіфаў, сарматаў, аланаў і інш.). На асецінскую мову моцны ўплыў (асабліва ў фанетыцы і лексіцы) зрабілі каўказскія мовы. Мае 2 асн. дыялекты: іронскі (аснова літ. мовы) і дыгорскі.

Фаналагічная сістэма характарызуецца 7 галоснымі (моцнымі і слабымі) і 28 зычнымі, у т. л. змычна-гартаннымі гукамі. Граматычны лад аглюцінатыўны (у скланенні) і флектыўны (у спражэнні). Граматычнага роду няма. Першы пісьмовы помнік (грэч. Літары) — Зелянчукскі надпіс (941). У 1844 А.​М.​Шагрэн стварыў алфавіт на аснове кірыліцы, з 1923 пісьменства на аснове лац., з 1938 — рус. графікі.

т. 2, с. 28

АСЕЦІ́НЫ (саманазва ірон, дыгарон),

нацыя, асн. насельніцтва Рэспублікі Паўн. Асеція (каля 300 тыс. чал.). Жывуць таксама ў Грузіі і інш. Усяго ў краінах СНД каля 542 тыс. чал. (1979). Гавораць на асецінскай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя, ёсць мусульмане-суніты.

т. 2, с. 28

АСЕ́ЦКІ ((Ossietzky) Карл фон) (3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),

нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.

Тв.:

Schrijfen. Bd. 1—2. Berlin;

Weimar, 1966.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 2, с. 28

АСЕ́ЦКІ (Людвіг Пятровіч) (н. 9.5.1929, в. Продвіна Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, манум. жывапісу. Творы прысвечаны сучаснасці і гісторыі: «Горад будуецца» (1963), «Падполле Мінска» (1968), «Па матывах трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (1973), «Жодзіна» (1976), «Прыпяцкія мелодыі» (1981), «Балада аб Лаўскім баі» (1982), «Памяць» (1984), «Мір на планеце» (1986—87), серыя «Замкнёнасць круга» (1993—94) і інш. Для станковых работ характэрны арыгінальныя кампазіцыйныя вырашэнні, абвостраная, амаль гратэскавая выразнасць малюнка, святлоценявыя кантрасты.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Асецкі. Дзе ёсць ісціна. З серыі «Замкнёнасць круга». 1993.

т. 2, с. 28

АСЕ́ЦЬ,

старадаўняя гасп. пабудова для сушкі збажыны; тып сушні. Была пашырана ў паўн.-ўсх. раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе сушылі снапы. У сял. гаспадарках 19—пач. 20 ст. Асеці будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа. У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.

Асець. Чарцёж (папярочны і падоўжны разрэзы).

т. 2, с. 28