Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНСЕРМЭ́

(Ansermet) Эрнест (11.11.1883, г. Веве, Швейцарыя — 20.2.1969),

швейцарскі дырыжор, кампазітар. У 1915—23 муз. кіраўнік трупы «Рускі балет С.Дзягілева». Арганізатар і кіраўнік (з 1918) аркестра Раманскай Швейцарыі. Адзін з лепшых інтэрпрэтатараў музыкі франц. імпрэсіяністаў, а таксама І.Стравінскага (кіраваў першай паст. «Гісторыі салдата», 1918, Лазана, і інш.). Аўтар муз. твораў, кніг «Гутаркі аб музыцы» (1963, рус. пер. 1976); «Артыкулы аб музыцы і ўспаміны» (1971, рус. пер. 1986).

т. 1, с. 377

АНСІ́МАЎ Георгій Паўлавіч

(н. 3.6.1922, ст. Ладажская Краснадарскага краю),

рускі рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1986). У 1953—64, 1980—90 і з 1995 рэжысёр Вял. т-ра Расіі. У 1964—75 маст. кіраўнік і гал. рэж. Маскоўскага т-ра аперэты. З 1972 праф. Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод пастановак: «Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна (1957), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» С.Пракоф’ева (1960). Паставіў «Вайну і мір» Пракоф’ева ў Празе (1970). Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 1, с. 377

АНСЭ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ,

заключаны ў 1854—58 ЗША, Вялікабрытаніяй, Расіяй, Францыяй, Нідэрландамі з Японіяй у гады Ансэй [афіц. назва гадоў царавання (1854—60) імператара Камэй). Ансэйскія дагаворы паклалі канец больш як двухвяковай ізаляцыі Японіі ад знешняга свету; устанавілі свабоду гандлю замежных купцоў з Японіяй і ўключылі яе ў міжнар. рынак, далі іншаземцам права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі, пазбавілі Японію мытнай аўтаноміі, навязалі нізкія ўвазныя пошліны. Спробы ўрада Японіі скасаваць нераўнапраўныя для яе Ансэйскія дагаворы не мелі поспеху да 1894, калі былі заключаны новыя дагаворы з Вялікабрытаніяй і інш. дзяржавамі. У гандл. пагадненнях 1911 адменены апошнія абмежаванні мытнай аўтаноміі Японіі.

т. 1, с. 377

АНС-О-МЕ́ДАЎ

(ĽAnse au Meadow),

паселішча нарвежскіх вікінгаў на в-ве Ньюфаўндленд, адзінае вядомае ў Паўн. Амерыцы. Верагодна, пабудавана ў канцы 10 ст., калі, паводле скандынаўскіх сагаў, нарвежцы на чале з Лейвам Эрыксанам абследавалі ўзбярэжжа Амерыкі на З ад Грэнландыі. Раскопкамі выяўлены рэшткі дамоў, сцены якіх выкладзены з торфу, кузня з кавалкамі балотнай руды, жал. цвікі, прасліца.

т. 1, с. 377