Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНДГУЛА́ДЗЕ Давід Ясонавіч

(15.10.1895, с. Бахві, Махарадзеўскі р-н, Грузія — 29.9.1973),

грузінскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1927), з 1958 яе прафесар. У 1929—55 саліст т-ра оперы і балета імя Паліяшвілі (Тбілісі). Сярод партый: Тарыэл («Паданне пра Тарыэла» Ш.Мшвелідзе, Дзярж. прэмія СССР 1947), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Атэла, Радамес («Атэла», «Аіда» Дж.Вердзі). Дзярж. прэмія Грузіі 1973.

т. 1, с. 353

АНДЖАЕ́ЎСКІ

(Andrzejewski) Ежы (19.8.1909, Варшава — 19.4.1983),

польскі празаік і публіцыст. У 1927—31 вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Першае апавяданне «Хлусня» (1932). Вядомасць прынесла аповесць «Лад сэрца» (1938). У зб. апавяд. «Ноч» (1945) адлюстраваў жыццё суайчыннікаў у час ням. акупацыі. Раман «Попел і дыямент» (1948; экранізацыя А.Вайды, 1958) пра супярэчлівую грамадска-паліт. і маральную атмасферу ў пасляваеннай Польшчы. У метафарычных аповесцях «Цемра ахінае зямлю» (1957), «Брама раю» (1960) праблемы быцця чалавека ў складанай гіст. плыні часу, пошукі справядлівасці, веры, сэнсу існавання. У аповесці «Ужо амаль нічога» (1976) даследуе душэўны стан і памкненні мастака, у аповесці «Ніхто» (1983) праз міфалагічную прызму спрабуе асэнсаваць месца і прызначэнне чалавека ў Сусвеце. Яго творам уласцівы філасафічнасць, нетрадыцыйнае светаўспрамынне, экзістэнцыяльная праблематыка.

Тв.:

Popiół i diament. Warszawa, 1964;

Trzy opowieści: Ciemnści kryją ziemię. Bramy raju. Idzie skacząc po górach. Warszawa, 1973: Nikt. Warszawa, 1987;

Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 1, с. 353

АНДЖАЛІ́НІ

(Angiolini) Даменіка Марыа Гаспара (9.2.1731, Фларэнцыя — 5.2.1803),

італьянскі балетмайстар, артыст, лібрэтыст і кампазітар. Адзін з заснавальнікаў дзейснага балета. Падзяляў балетныя жанры на 4 групы: гратэск, камічны, паўхарактарны і высокі. Важнейшае месца ў балеце адводзіў музыцы. На аснове камедый Мальера стварыў новае для муз. т-ра відовішча. Працаваў у Італіі, Германіі, Аўстрыі, у 1766—86 (з перапынкамі) у Пецярбургу і Маскве. Паставіў шэраг балетаў, у т. л. на ўласную музыку.

т. 1, с. 353

АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ Верыко

(Вера Іўліянаўна; 6.10.1900, Кутаісі — 30.1.1987),

грузінская актрыса. Нар. арт. СССР (1950). Герой Сац. Працы (1979). Вучылася ў драм. студыях у Маскве і Тбілісі. Працавала ў Тбілісі ў груз. т-ры імя Руставелі (з 1920), з 1928 — у т-ры імя К.Марджанішвілі. Актрыса вял. сцэн. культуры, яркай індывідуальнасці, развівала рамантычныя традыцыі груз. т-ра. Лепшыя ролі: Джавара («Выгнаннік» В.Пшавелы), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.Шылера), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра). Здымалася ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1952.

т. 1, с. 353

АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ Зураб Іванавіч

(н. 12.4.1928, Кутаісі),

грузінскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1952), з 1971 выкладае ў ей (праф. з 1984). У 1952—59 і з 1970 саліст Т-ра оперы і балета імя Паліяшвілі (Тбілісі), у 1959—70 — Вял. т-ра. Сярод лепшых партый: Абесалом («Абесалом і Этэры» З.Паліяшвілі), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Дзярж. прэмія Грузіі 1971.

т. 1, с. 353

АНДЖЭ́ЛІКА,

Фра Анджэліка, Беата Анджэліка (Angèlico, Fra Angelico, Beato Angèlico; сапр. Гвіда ды П’етра; Guido di Pietro; каля 1400, г. Вік’ё, прав. Фларэнцыя, Італія — 18.2.1455), італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнцінскай школы. Як мастак склаўся пад уплывам познагатычнага жывапісу, у далейшым выкарыстаў рэалізм Мазачыо. Наіўнае і глыбока рэліг. мастацтва Анджэліка прасякнута светлым лірызмам і мяккай паэтычнасцю: «Каранацыя Марыі» (каля 1434—35); фрэскі б. манастыра Сан-Марка ў Фларэнцыі (1438—45), «Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам» (1445), капэлы Мікалая V у Ватыкане (1445—48) і інш.

т. 1, с. 354

АНДО́РА

(каталанскае, ісп. Andorra, франц. Andorre),

Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г. Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.

Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас. р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.

Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн. чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн. дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.

Ю.В.Ляшковіч (прырода, гаспадарка).

т. 1, с. 354

АНДО́РА-ЛА-ВЕ́ЛА

(Andorra la Vella),

Андора, горад, сталіца Андоры. 20 тыс. ж. (1990). У Пірэнеях, самая высакагорная сталіца ў Еўропе (1055 м над узр. м.), размешчана ў даліне р. Валіра. Вытв-сць тытунёвых вырабаў, сувеніраў. Турызм. Транспартны пункт на аўтамагістралі, якая злучае Іспанію і Францыю. Помнік архітэктуры «Дом Далін» (1580) — рэзідэнцыя ўрада.

т. 1, с. 354

АНДРАГЕНЕ́З

[ад грэч. anër (andros) мужчына + ...генез],

мадыфікацыя палавога размнажэння, пры якой новы арганізм развіваецца ў адпаведнасці толькі з генетычным матэрыялам сперматазоідаў; разнавіднасць партэнагенезу. Пры андрагенезе мацярынскае ядро гіне яшчэ да пранікнення сперматазоідаў у клетку і ўзнікае гаплоідны арганізм з храмасомным наборам бацькоўскай формы (наз. андрагенетычным). Звычайны ў кукурузы, некаторых відаў тытуню, эксперыментальна атрыманы ў шаўкапрада, наезнікаў. Штучнае атрыманне жыццяздольных зародкаў магчыма пры аднаўленні дыплоіднага набору храмасом, калі ў яйцаклетку пранікае адначасова некалькі сперматазоідаў і зліваюцца 2 бацькоўскія гаплоідныя ядры. У доследах андрагенез выкарыстоўваецца для вывучэння магчымасцяў кіравання полам пры неабходнасці атрымаць толькі мужчынскае патомства.

т. 1, с. 355

АНДРАГЕ́НЫ

[ад грэч. anër (andros) мужчына + ген(ы)],

мужчынскія палавыя гармоны пазваночных. Складаюцца з вытворных халестэрыну — тэстастэрону і андрастэрону. Па хім. будове — стэроіды.

У мужчынскім арганізме ўтвараюцца семяннікамі і коркавым слоем наднырачнікаў, у жаночым — коркавым слоем наднырачнікаў і часткова яечнікамі. Забяспечваюць развіццё мужчынскіх палавых органаў, другасных палавых адзнак, мышачнай сістэмы, ствараюць станоўчы баланс бялкоў. Утварэнне андрагенаў залежыць ад ганадатропнай функцыі гіпофіза, якая кантралюецца ц. н. с. Выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях палавой функцыі, у клімактэрычны перыяд, таксама ў жывёлагадоўлі. Андрагены знойдзены ў ганадах многіх беспазваночных і ў насенні некаторых раслін.

т. 1, с. 355