Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬБЕ́Р

(Albert; сапр. Мартэн; Martin) Аляксандр (27.4.1815, г. Бюры, Францыя — 29.5.1895),

французскі сацыяліст. Удзельнік Ліёнскага паўстання 1834, адзін з кіраўнікоў тайнага рэв. т-ва 1840-х г. «Таварыства новых пораў года». Удзельнік Рэвалюцыі 1848 у Францыі, член Часовага ўрада Другой рэспублікі, віцэ-прэзідэнт Люксембургскай камісіі. Дэп. Устаноўчага сходу. За ўдзел у рэв. выступленні рабочых Парыжа 15.5.1848 зняволены на 20 гадоў, у 1859 амнісціраваны.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́Р

(Albert) Марсель (н. 25.11.1917, Парыж),

французскі лётчык, удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. лётчык Францыі. У 2-ю сусв. вайну змагаўся ў радах дэголеўскіх сіл «Змагарная Францыя». З 1943 у СССР у складзе авіяпалка «Нармандыя—Нёман» 1-й паветр. арміі. Зрабіў 193 баявыя вылеты, збіў 23 самалёты ворага.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РДЗІ

(Alberti) Хуан Баўтыста (29.8.1810, г. Тукуман, Аргенціна — 18.6.1884),

аргенцінскі паліт. і грамадскі дзеяч, філосаф, пісьменнік. У 1838 удзельнічаў у стварэнні тайнага т-ва «Маладая Аргенціна». У 1839—52 у эміграцыі. Пасля падзення дыктатуры Х.М.Росаса (1852) на дыпламат. службе ў краінах Еўропы і ЗША. Аўтар працы «Асновы і зыходныя палажэнні для палітычнай арганізацыі Аргенцінскай Рэспублікі» (1852), кнігі «Злачынства вайны» (1870), драм. хронікі «Майская рэвалюцыя» (1839), паліт. рамана «Паломніцтва Светача дня, або Падарожжа і прыгоды Праўды ў Новым Свеце» (1878) і інш.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РТ

(Albert Lake),

возера ў Афрыцы, гл. Мабуту-Сесе-Сека.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РТА

(Alberta),

правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс. км², нас. 2545 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч. прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раенаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.

З.М.Шуганава.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РТА

(Alberta),

буйнейшы вугальны басейн на З Канады, у паўн. ч. Скалістых гор; невял. паўд. ч. басейна ў ЗША. Пл. больш за 250 тыс. км². Агульныя запасы больш як 228 млрд. т. 11 асн. вуглездабыўных раёнаў. Інтэнсіўна распрацоўваецца з 1960-х г. У зах. ч. басейна вуглі каксавальныя, антрацыты, ва ўсх. ч. — бурыя. Каксавальныя вуглі экспартуюцца ў Японію і інш. краіны, энергетычныя выкарыстоўваюцца на мясцовых эл. станцыях. На тэр. басейна таксама здабыча серы, прыроднага газу, нафты, бітумаў і інш.

т. 1, с. 273

АЛЬБЕРТУСТА́ЛЕР

(ням. Albertustaler),

талерная манета, якая чаканілася з 1612 у паўд. Нідэрландах намеснікамі іспанскага караля Альбертам і Ізабелай (серабра 24,65 г). Мела агульнаеўрапейскае пашырэнне. Альбертусталерам наз. таксама паўд.-нідэрландскія патагоны, чаканеныя каралямі Іспаніі Філіпам IV (1621—65) І Карлам II (1665—1700), якія тыпалагічна капіравалі альбертусталер. На Беларусі і Украіне яны вядомыя пад назвай «крыжовыя».

т. 1, с. 273

АЛЬБЕ́РТ ВЯЛІ́КІ

(Albertus Magnus),

Альберт фон Бальштэт (Albert von Bollstädt; каля 1193, Лаўінген — 15.11.1280), нямецкі філосаф, тэолаг, прыродазнавец. Манах-дамініканец, епіскап Рэгенсбурга, папскі легат, арганізатар крыжовага паходу на тэр. Германіі. Вучыўся ў Падуі, Балонні. Выкладаў у Парыжы, Кёльне і інш.; настаўнік Фамы Аквінскага. Вывучаў анатомію, эмбрыялогію, батаніку, заалогію, хімію, касмалогію, оптыку. У сваіх творах даў энцыклапедычны агляд дасягненняў тагачаснай навукі. Увёў ва ўжытак сярэдневяковай філасофіі і навукі працы Арыстоцеля, якія выклаў і пракаменціраваў з пазіцый хрысціянскай тэалогіі. Сцвярджэнне пра стварэнне матэрыі і часу дало Альберту Вялікаму магчымасць узаконіць у рамках схаластыкі арыстоцелеву фізіку з яе вучэннем пра неперарыўнасць матэрыі як асновы змены. Поруч з сістэматызатарскай працай у галіне прыродазнаўства праводзіў уласныя даследаванні. Аўтар філас. прац («Сума тэалогіі» і інш.) і прыродазнаўчанавук. трактатаў. У 1931 кананізаваны каталіцкай царквой.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РТ II

(Albert) (н. 6.6.1934, Брусель),

бельгійскі кароль з 1993. Скончыў ваенна-марское вучылішча ў г. Бруге, камандор ВМС. У канцы 2-й сусв. вайны дэпартаваны ў Германію, у 1950 вярнуўся ў Бельгію. Да жн. 1993 прынц, пасля смерці старэйшага брата Бадуэна — кароль (6-ы). Ганаровы прэзідэнт Нац. алімпійскага к-та.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РЦІ

(Alberti) Леон Батыста (18.2.1404, Генуя — 25.4.1472),

італьянскі вучоны, архітэктар, пісьменнік, музыкант; адзін з найб. значных гуманістаў эпохі Адраджэння. Атрымаў адукацыю ў Падуі, працаваў у Рыме і Фларэнцыі. Аўтар тэарэт. трактатаў, якія абагульнялі вопыт тагачаснага мастацтва і ўзбагачалі яго вынікамі навукі («Пра жывапіс», «Пра дойлідства», «Пра статую»). Пабудаваныя паводле яго праектаў цэрквы Сан-Франчэска ў Рыміні (1447—68), Сан-Себасцьяна (1460) і Сант-Андрэа (1472—94) у Мантуі былі вызначальным крокам у асваенні ант.

спадчыны архітэктуры ранняга Адраджэння.

Тв.:

Десять книг о зодчестве. Т. 1—2. М., 1935—37.

т. 1, с. 273