АЛТЫ́Н
(ад тат. алты шэсць),
1) лікаваграшовая адзінка ў Расіі 14 — пач. 18 ст., роўная 6 дзенгам, пазней 3 капейкам. Упершыню ў рус. пісьмовых крыніцах упамінаецца каля 1375, у бел. — пад 1532.
2) Рас. сярэбраная манета ў сярэдзіне 17 — пач. 18 ст.
т. 1, с. 269
АЛТЫНСАРЫ́Н Ібрай
(20.10.1841 — 17.7.1899),
казахскі педагог-асветнік, пісьменнік, этнограф. Яго намаганнямі адкрыты шэраг школ з каз. мовай навучання. Распрацаваў сістэму школьнай адукацыі; на аснове рус. графікі склаў праект каз. алфавіта, падручнікі роднай і рус. мовы для дзяцей («Пачатковы дапаможнік па навучанні кіргізаў рускай мове», 1871; «Кіргізская хрэстаматыя», 1879 і інш.). Арыгінальныя і перакладныя маст. творы Алтынсарына, змешчаныя ў падручніках, прасякнуты дэмакр. і гуманіст. ідэямі.
Ж.Сахіеў.
т. 1, с. 269
АЛТЫНТА́Г,
горы ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, паміж Куньлунем і Наньшанем. Аддзяляюць Тарымскую ўпадзіну і Цайдамскую катлавіну. Даўж. каля 800 км. Паўд.-зах. частка Алтынтага — скалістая, моцна расчлянёная, укрыта вечнымі снягамі і ледавікамі, макс. выш. да 6161 м; паўн,ўсходняя — кароткія масівы выш. больш за 5000 м; цэнтральная — рэзка звужаная і паніжаная, пераважная выш. да 3000—3500 м. Складзены з гнейсаў, крышталічных сланцаў, філітаў. Карысныя выкапні: руды храмітаў, свінцу, цынку, нікелю, плаціны. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Найб. р. Чэрчэн з прытокамі. На перадгор’ях камяністыя пустыні, у далінах растуць эфедры, салянкі, зараснікі саксаулу і тамарыску, на схілах гор — стэпавая расліннасць і альпійскія лугі. Жывёльны свет: дзікі як, антылопы, кукуяманы і інш.
т. 1, с. 269
АЛТЭ́Я
(Althaea),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 12 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўропы і Азіі. На Беларусі інтрадукавана алтэя лекавая (A. officinalis), трапляецца ў культуры і як здзічэлая, алтэя каноплевая (A. cannabina), вырошчваюць у Цэнтр. бат. садзе АН.
Адна- або шматгадовыя расліны. Найб. вядомая алтэя лекавая — шматгадовая травяністая расліна з моцным прамастойным сцяблом выш. да 150 см і тоўстымі мясістымі каранямі. Лісты нераўнамерна-зубчастыя, ніжнія амаль круглыя, верхнія яйцападобныя. Кветкі бледна-ружовыя, пазушныя. Лек., дэкар., тэхн., харч., кармавыя, меданосныя і перганосныя расліны. Карані выкарыстоўваюць як адхарквальны, змякчальны і процізапаленчы сродак («алтэйны корань»).
т. 1, с. 269