АЛТЭ́Я

(Althaea),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 12 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўропы і Азіі. На Беларусі інтрадукавана алтэя лекавая (A. officinalis), трапляецца ў культуры і як здзічэлая, алтэя каноплевая (A. cannabina), вырошчваюць у Цэнтр. бат. садзе АН.

Адна- або шматгадовыя расліны. Найб. вядомая алтэя лекавая — шматгадовая травяністая расліна з моцным прамастойным сцяблом выш. да 150 см і тоўстымі мясістымі каранямі. Лісты нераўнамерна-зубчастыя, ніжнія амаль круглыя, верхнія яйцападобныя. Кветкі бледна-ружовыя, пазушныя. Лек., дэкар., тэхн., харч., кармавыя, меданосныя і перганосныя расліны. Карані выкарыстоўваюць як адхарквальны, змякчальны і процізапаленчы сродак («алтэйны корань»).

т. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)