АЛЕ́ГІЯ,
малая планета № 3501. Сярэдні дыяметр 17 км, пл. каля 90 км², сярэдняя адлегласць ад Сонца прыблізна 3 а.а., перыяд абарачэння 5 гадоў. Адкрытая ў 1971 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Наз. ў гонар астранома Алега Коратцава.
т. 1, с. 236
АЛЕГО́РЫЯ
(ад грэч. allēgoria іншасказанне),
1) адлюстраванне адцягненай ідэі (паняцця) пры дапамозе канкрэтнага нагляднага вобраза. Узнікненне алегорыі звязана з практыкай вытлумачэння стараж. шанавальных тэкстаў (у эпоху элінізму — Гамера, у хрысц. багасловаў — Бібліі); у сярэднявеччы алегарычна вытлумачваўся і свет прыроды як павучальны наглядны дапаможнік, створаны Богам для чалавека. Паняцце «алегорыя» ўпершыню сустракаецца ў трактатах Псеўда-Лангіна, Цыцэрона, у эстэт. вучэннях Гарацыя, Плутарха, Лукрэцыя Кара і інш. Іншасказальны прынцып алегорыі пашыраны ў сярэдневяковай эстэтыцы, у мастацтве Адраджэння і Асветніцтва. Існуе як прыём і прынцып арганізацыі маст. матэрыялу ў л-ры, фальклоры, у розных відах выяўл. мастацгва.
2) У выяўленчым мастацтве алегорыя ствараецца пры дапамозе вобраза канкрэтнай, асацыятыўна блізкай істоты, прадмета або з’явы (напр., правасуддзе — жанчына з завязанымі вачыма і з шалямі ў руках). Алегорыя шырока выкарыстоўвалася ў мастацтве Адраджэння (алегорыя граматыкі ў кн. «Грамматіка словенска...» Л.Зізанія, 1596), маньерызму, барока, ракако, класіцызму, рамантызму. Найб. пашыраны від алегорыі — персаніфікацыя, г. зн. фігура, аздобленая пэўнымі атрыбутамі, якія тлумачаць яе змест. Алегорыя сустракаецца ў мастацтве 19—20 ст. — у манум. скульптуры, творах жывапісу, плакаце, паліт. карыкатуры і інш.
т. 1, с. 236
АЛЕ́Г СВЯТАСЛА́ВІЧ
(сярэдзіна 11 ст. — 1.8.1115),
князь уладзіміра-валынскі [1073—76], тмутараканскі [1083—94], чарнігаўскі [1094—96], ноўгарад-северскі [1097—1115]. Сын Святаслава Яраславіча. У 1076 разам з Уладзімірам Манамахам здзейсніў паход у Чэхію. У 1078, пасля няўдалай спробы замацавацца ў Чарнігаве, уцёк у Тмутаракань. Трапіў у палон да хазараў (1079), 4 гады прабыў у Канстанцінопалі і на в-ве Родас. У 1094 заняў Чарнігаў, але вымушаны быў аддаць яго брату Давыду (1096). Паводле рашэння Любецкага з’езда 1097 атрымаў ва ўдзел Ноўгарад-Северскі. Удзельнічаў у Віцячоўскім 1100 і Залотчаўскім 1101 княжацкіх з’ездах, у паходах на полаўцаў (1107 і 1113).
т. 1, с. 236
АЛЕ́ЗІЯ
(Alesia),
старажытнае гальскае паселішча-опідум (сучасны г. Аліз-Сент-Рэн, Францыя), аблогай і ўзяццем якога Юлій Цэзар у 52 да н.э. скончыў шматгадовую гальскую вайну. Займала пл. 57 га, была абкружана сцяной і ровам. Алезія абараняла 20-тыс. войска галаў на чале з Верцынгетарыгам. Раскопкамі выяўлены рэшткі тысяч гальскіх воінаў (са зброяй і інш. рэчамі), якія па загадзе Цэзара былі скінуты ў выкапаны рымлянамі аблогавы роў даўжынёй 13 км; гальскія і правінцыяльна-рымскія дамы (пасля вайны жыццё ў Алезіі працягвалася), храмы, арэна.
т. 1, с. 237
АЛЕ́І,
тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін. Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна C16 і C18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы і макавы алеі) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).
Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t 250—300 °C ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алеяў). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т. л. алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай пад вакуумам «(дэзадарацыя). Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя. Выкарыстоўваюцца як харч. прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытв-сці мыла, гліцэрыны, тлустых кіслот, алкідных смолаў, пакостаў, алейных лакаў і фарбаў, сікатыву; як вяжучае мед. мазяў, касметычных сродкаў.
т. 1, с. 237
АЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная ненасычаная карбонавая кіслата, CH3(CH2)7CH = CH(CH2)7COOH. Мал. м. 282. Бясколерная вязкая вадкасць, (tкіп 232 °C (15 мм рт. сл.), шчыльн. 0,89·103кг/м³, нерастваральная ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Уваходзіць у састаў алеяў і жывёльных тлушчаў, у аліўкавым алеі 70—85%. Эфіры алеінавай кіслаты выкарыстоўваюцца ў вытв-сці алейных фарбаў, касметычных прэпаратаў, флатарэагентаў, пластыфікатараў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў. Этылавы эфір алеінавай кіслаты (лінетол) — лек. сродак для зніжэння халестэрыну. Здольная выклікаць экзэму.
т. 1, с. 237
АЛЕЙЖАДЫ́НЬЮ
(Aleijadinho, літар. маленькі калека; сапр. Лісбоа Антоніу Франсіску, Lisbôa; 29.8.1730 або 1738, г. Віла-Рыка, Бразілія — 18.11.1814),
бразільскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Знявечаны праказай, працаваў, прымацоўваючы інструменты да пальчатак. Пабудаваў цэрквы Сан-Франсіску ў Ору-Прэту і ў Сан-Жуан-дэл-Рэй. Стварыў скульптуры 12 біблейскіх прарокаў і серыю драўляных паліхромных груп «Страсці Хрыстовы» ў царкве Бон-Жэзус-ды-Матазіньюс у Кангоньясе.
т. 1, с. 237
АЛЕЙКСА́НДРЭ
(Aleixandre) Вісентэ (26.4.1898, Севілья, Іспанія — 14.12.1984),
іспанскі паэт. Творы 1920—30-х г. напісаны пад уплывам сюррэалізму і фрэйдызму: зб-кі «Акруга» (1928), «Шпагі нібы губы» (1932), «Разбурэнне ці любоў» (1933), кн. вершаў у прозе «Страсць зямлі» (1935). У час нац.-рэв. вайны ў Іспаніі (1936—39) пісаў антыфаш. вершы. Зб. «Цені раю» (1944) — паэтычная утопія пра царства шчасця і прыгажосці, якое бачыць чалавек на парозе смерці. Аўтар філас. лірыкі (зб. «Апошняе нараджэнне», 1953; «Гісторыя сэрца», 1954; «Унутраныя дыялогі», 1974 і інш.), кн. мемуараў «Сустрэчы» (1958). Нобелеўская прэмія 1977.
Тв.:
Mis poemas mejores. Madrid, 1968.
т. 1, с. 237