АЛЕ́І,
тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін. Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна C16 і C18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы і макавы алеі) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).
Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t 250—300 °C ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алеяў). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т. л. алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай пад вакуумам «(дэзадарацыя). Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя. Выкарыстоўваюцца як харч. прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытв-сці мыла, гліцэрыны, тлустых кіслот, алкідных смолаў, пакостаў, алейных лакаў і фарбаў, сікатыву; як вяжучае мед. мазяў, касметычных сродкаў.
т. 1, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)