АКСАМІ́Т,
аксамітнае дрэва (Phellodendron), род дрэў сям. рутавых. Вядома 10 відаў, пашыраных ва Усх. Азіі. Найб. вядомы аксаміт амурскі (P. amurense), аксаміт кітайскі (P. chinense), аксаміт японскі (Р. japonicum). На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. інтрадукаваны аксаміт амурскі, або амурскае коркавае дрэва. З 1930—40-х г. уводзіцца ў лясныя культуры. Прыдатны для вырошчвання на Беларусі, акрамя паўн. раёнаў.
Выш. 20—30 м. Ствол таўшчынёй да 80 см, укрыты слоем корку (да 7 см), які можна час ад часу здымаць. Лісце супраціўнае, чаранковае, няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-зялёныя, дыям. да 1 см. Плады — чорныя мясістыя ягадападобныя касцянкі з непрыемным пахам. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Меданос. Выкарыстоўваецца на прамысл. мэты (корак, фарба, таніды, каштоўная драўніна) і як дэкар. расліна.
т. 1, с. 203
АКСАМІ́ТАЎ Анатоль Сцяпанавіч
(н. 17.7.1926, Гомель),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1951). У 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1994 у Фондзе фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь. Распрацоўвае пытанні бел. і слав. фразеалогіі («Лексіка беларускіх прыказак XIX ст. ў сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі», 1958; «Беларуская фразеалогія», 1978; «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», 1970, у сааўт.), этналінгвістыкі, фразеаграфіі і гісторыі бел. мовазнаўства. Рэдактар і адзін са складальнікаў «Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Я.Коласа» (1993), сааўт. «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Аўтар кн. «З думай славяніна» «З душой славяніна» (1991, з Л.А.Малаш).
т. 1, с. 203
АКСАМІ́ТКІ,
тагетэс (Tagetes), род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў, пашыраных у субтропіках Амерыкі. На Беларусі інтрадукаваны аксаміткі прамастойныя (Т. erectus), аксаміткі адхіленыя (Т. patula) і аксаміткі танкалістыя, або пасечаныя (Т. tenuifolia); выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве.
Выш. да 1,5 м. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце перыста-рассечанае. Кветкі жоўтыя, жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя, у кошыках, з моцным пахам. Плод — сямянка. Размнажаюцца насеннем. Святла- і цеплалюбныя. Дэкар. і лек. расліны (мачагонны, патагонны і проціглісны сродак).
т. 1, с. 203
АКСАМІ́ТНАЯ КНІ́ГА,
радаслоўная кніга найб. знатных баярскіх і дваранскіх радоў Расіі. Складзена ў 1687. Назва па аксамітнай вокладцы. У Аксамітную ўвайшоў «Гасудараў радасловец» 1555—56, у якім вяліся радаслоўныя запісы Рурыкавічаў і Гедзімінавічаў. Аксамітная кніга не закончана, у ёй ёсць недакладнасці, фальсіфікацыі. Маніфестам 1807 уведзена Аксамітная кніга і купецкіх радоў першай гільдыі.
т. 1, с. 203
«АКСАМІ́ТНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» 1989 у Чэхаславакіі, умоўная назва працэсу пераходу ад камуніст. ладу, што існаваў з 1948, да дэмакр. праўлення. Адбылася ў ліст.—снеж. ў мяккай, спакойнай форме (адсюль і назва). Масавыя выступленні 17—26 ліст. працоўных, студэнтаў за ўстанаўленне дэмакратыі і паліт. плюралізму ўзначалілі апазіц. рухі Грамадзянскі форум на чале з В.Гавелам і Грамадскасць супраць насілля. Камуністы вымушаны былі пайсці на перагаворы з апазіцыяй. У выніку ўлада перайшла да прадстаўнікоў апазіцыі. Нац. сход выключыў з канстытуцыі краіны артыкулы аб кіруючай ролі камуніст. партыі і марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У снеж. 1989 прэзідэнтам краіны абраны Гавел, старшынёй нац. сходу — А.Дубчак, сфарміраваны ўрад нац. адзінства на чале з М.Чалфам. Парламенцкія выбары ў чэрв. 1990 замацавалі перамогу дэмакр. сіл.
А.А.Чалядзінскі.
т. 1, с. 203
АКСАМІ́ТНІК,
амарант (Amaranthus), род пераважна аднагадовых травяністых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 8 заносных і 1 інтрадукаваны від — аксамітнік трохкаляровы (A. tricolor), радзіма — трапічная Азія. Найб. вядомыя аксамітнік сіняваты (A. lividus, нар. назвы зяльборнік), аксамітнік адкінуты (A. retroflexus, нар. назва падбурачнік), аксамітнік жміндападобны (A. blitoides). Многія аксамітнікі — дэкар. расліны. Растуць таксама як пустазелле.
Выш. 10—150 см. Лісце чаргаванае. Кветкі зялёныя або пурпурова-чырвоныя. Плод — каробачка. Насенне дробнае, бліскучае.
т. 1, с. 204
АКСАМІ́ТНІЦЫ,
сатыры, вочкі (Satyridae), сямейства насякомых атр. лускакрылых, або дзённых матылёў. Касмапаліты. У сусв. фауне каля 2 тыс. відаў. У трапічных лясах Паўд. Амерыкі жывуць своеасаблівыя аксамітніцы калітэры (Callitaera). На Беларусі 21. Найб. пашыраны сенніца, малы лясны сатыр (Hipparchia alcyone), матыль мяцёлчаты (Lasiommata maera).
Дзённыя матылі сярэдніх і буйных памераў. Крылы ў размаху да 10 см, часта шырокія, цёмнаафарбаваныя, з невял. вокападобнымі плямамі. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусені ўкрыты кароткімі валаскамі або голыя, верацёнападобныя, развіваюцца пераважна на дзікарослых злаках і пальмах. Вусені, зрэдку кукалкі, яйцы зімуюць з развітым зародкам; даюць часцей адно пакаленне за год.
т. 1, с. 204
АКСАНАМЕ́ТРЫЯ
(ад грэч. axōn вось + ...метрыя),
спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым х/Х=1x, y/Y=1y, z/Z=lz наз. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.
т. 1, с. 204
АКСЕЛЕРА́ТАР (ад лац. accelerare паскараць) у тэхніцы, рэгулятар колькасці гаручай сумесі, што паступае з карбюратара ў цыліндры рухавіка ўнутр. згарання (у дызелях — паліва з помпы). Прызначаны для змены частаты вярчэння каленчатага вала рухавіка і адпаведна скорасці руху аўтамабіля, трактара і інш.
т. 1, с. 204