АКСАМІ́ТНІК,

амарант (Amaranthus), род пераважна аднагадовых травяністых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 8 заносных і 1 інтрадукаваны від — аксамітнік трохкаляровы (A. tricolor), радзіма — трапічная Азія. Найб. вядомыя аксамітнік сіняваты (A. lividus, нар. назвы зяльборнік), аксамітнік адкінуты (A. retroflexus, нар. назва падбурачнік), аксамітнік жміндападобны (A. blitoides). Многія аксамітнікі — дэкар. расліны. Растуць таксама як пустазелле.

Выш. 10—150 см. Лісце чаргаванае. Кветкі зялёныя або пурпурова-чырвоныя. Плод — каробачка. Насенне дробнае, бліскучае.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)