АКСАМІ́ТКІ,
тагетэс (Tagetes), род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў, пашыраных у субтропіках Амерыкі. На Беларусі інтрадукаваны аксаміткі прамастойныя (Т. erectus), аксаміткі адхіленыя (Т. patula) і аксаміткі танкалістыя, або пасечаныя (Т. tenuifolia); выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве.
Выш. да 1,5 м. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце перыста-рассечанае. Кветкі жоўтыя, жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя, у кошыках, з моцным пахам. Плод — сямянка. Размнажаюцца насеннем. Святла- і цеплалюбныя. Дэкар. і лек. расліны (мачагонны, патагонны і проціглісны сродак).
т. 1, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)