АЗО́ТНАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная моцная кіслата, HNO3, мал. м. 63,016. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,6 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1,522·103 кг/м³, з вадой утварае азеатропную сумесь (68,4% азотнай кіслаты), утварае крышталегідраты; моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем аміяку кіслародам паветра. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азотных і комплексных угнаенняў, выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, у металургіі (траўленне і растварэнне металаў) і інш. Выклікае апёкі на скуры, пара ядавітая.
т. 1, с. 171
АЗО́ТНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя і арган. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння раслін азотам. Падзяляюцца на арганічныя ўгнаенні (гной, торф, кампост), якія акрамя азоту маюць у сабе інш. элементы, мінеральныя ўгнаенні (выпускаюцца прам-сцю ў цвёрдым ці вадкім стане) і зялёныя ўгнаенні (гл. Сідэрацыя). У мінеральных азот можа быць у аміячнай (NH3), аміячна-нітратнай (NH3 і NO3), нітратнай (NO3) і аміднай (NH2) формах. Асн. віды мінер. азотных угнаенняў: аміячныя, аманійныя, нітратныя, аманійна-нітратныя, амідныя, аманійна-нітратна-амідныя.
Аміячныя і аманійныя ўгнаенні: вадкі аміяк, аміячная вада, сульфаты амонію, амонію-натрыю. Раствараюцца ў глебавай вадзе, значная частка іонаў амонію звязваецца ў маларухомую форму, якая пад уздзеяннем спецыфічных бактэрый глебы пераходзіць у больш рухомую нітратную форму і засвойваецца раслінамі. Выкарыстоўваюцца для ўсіх с.-г. культур на някіслых глебах і кіслых пры іх выпнаванні. Нітратныя ўгнаенні: натрыевая і кальцыевая салетры. Іоны натрыю і кальцыю паглынаюцца цвёрдай фазай глебы і раслінамі спажываюцца менш, чым нітратны азот, што прыводзіць да падшчалочвання глебы. Выкарыстоўваюцца на ўсіх глебах для ўнясення перад сяўбой і для ўсіх відаў раслін у перыяд вегетацыі. Аманійна-нітратныя ўгнаенні: аміячная салетра, сумесі сульфат-нітрат амонію, вапнава-аміячная салетра. Выкарыстоўваюцца ў розных кліматычных зонах для розных глебаў. Амідныя ўгнаенні бываюць хутка дзейныя (карбамід) і павольна дзейныя (урэаформ—карбаміда-фармальдэгідныя ўгнаенні). Аманійна-нітратна-амідныя ўгнаенні — канцэнтраваныя растворы карбаміду, нітрату амонію і іх растворы ў аміячнай вадзе (аміякаты). Эфектыўныя пры ўнясенні ў глебу для падкормкі раслін, аміякаты — для невегетуючых с.-г. культур. На Беларусі (Гродзенскі азотна-тукавы завод) вырабляюць аміячную салетру, карбамід, вадкія ўгнаенні і сульфат амонію.
Літ.:
Агрохимия. М., 1982;
Баранов П.А., Алейнов Д.П., Олевский В.М. Азотные растворы... // Химия в сельском хозяйстве. 1983. № 5.
т. 1, с. 171
АЗО́ТУ АКСІ́ДЫ,
азоту вокіслы, злучэнні азоту з кіслародам. Адрозніваюць: геміяаксід N2O (аксід дыазоту) і монааксід NO — бясколерныя газы; сесквіяаксід N2O3 (дыазоту трыаксід) — пры звычайных умовах няўстойлівае злучэнне, пры ахаладжэнні светла-блакітная маса з tпл. -102 °C; дыаксід азоту NO2 — буры газ (у вадкім і цвёрдым стане існуе яго дымер тэтрааксід дыазоту N2O4); аксід азоту N2O5 (пентаксід дыазоту) — бясколерныя лятучыя крышталі, няўстойлівыя і выбухованебяспечныя. Монааксід і дыаксід азоту парамагн. злучэнні. Аксід дыазоту і монааксід азоту — нясолеўтваральныя аксіды, сесквіяаксід утварае з вадой азоцістую кіслату, аксід азоту — азотную, тэтрааксід дыазоту — іх сумесь. Выкарыстоўваюцца пераважна NO2 як акісляльнік у вадкім ракетным паліве, пры ачыстцы нафтапрадуктаў, каталітычным акісленні арган. злучэнняў і NO — паўпрадукт у вытв-сці азотнай кіслаты. Азоту аксіды фізіялагічна актыўныя рэчывы: NO2 — «вяселячы газ» — выкарыстоўваецца для анестэзіі; NO дзейнічае на цэнтр. нерв. сістэму, у вял. канцэнтрацыях адмоўна ўплывае на формулу крыві (ГДК у паветры 0,0005 мг/л); NO2 выклікае ацёкі, зніжае крывяны ціск.
т. 1, с. 171
АЗОТФІКСАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
азотфіксатары, мікраарганізмы, здольныя засвойваць малекулярны азот атмасферы і пераводзіць яго ў складаныя азоцістыя злучэнні. Сімбіятычныя азотфіксавальныя бактэрыі (найб. актыўныя фіксатары азоту) існуюць у сімбіёзе пераважна з бабовымі раслінамі (гл. Актынаміцэты, Клубеньчыкавыя бактэрыі), несімбіятычныя жывуць свабодна (азотабактэр, кластрыдыі, некаторыя віды цыянабактэрый, фотатрофных бактэрый, асобныя віды грыбоў і дражджэй). Азотфіксавальныя бактэрыі ўдзельнічаюць у кругазвароце азоту ў прыродзе, абагачаюць ім глебу і вадаёмы, пераводзяць яго ў форму, даступную для засваення вышэйшымі раслінамі.
т. 1, с. 171
АЗОТФІКСА́ЦЫЯ (ад азот + лац. fixatio замацаванне) біялагічная, звязванне малекулярнага азоту атмасферы ў азотзмяшчальныя злучэнні. Ажыццяўляецца азотфіксавальнымі бактэрыямі (найб. актыўныя клубеньчыкавыя). Першы стабільны прадукт у выніку азотфіксацыі — аміяк, сінтэз якога каталізуе нітрагеназа. Вызначаны структура і лакалізацыя генаў азотфіксацыі. Адыгрывае важную ролю ў прыродным кругавароце азоту, абагачэнні глебы і вадаёмаў звязаным азотам. Азотфіксавальныя мікраарганізмы ў спалучэнні (сімбіёзе) з раслінамі, напр. лубінам, гарохам, вікай, могуць абагаціць 1 га глебы на 200—500 кг азоту за год.
т. 1, с. 171
АЗО́Ў,
горад у Рас. Федэрацыі, у Растоўскай вобл. Порт на р. Дон, за 7 км ад упадзення ракі ў Таганрогскі заліў Азоўскага мора. Чыг. станцыя. 81 тыс. ж. (1992). Машынабудаўнічая (кавальска-прэсавае, гандл. абсталяванне, рыбалавецкія судны), лёгкая, харч. прамысловасць. Гіст.-краязнаўчы музей.
У 10—11 ст. Азоў у складзе Тмутараканскага княства. Каля 1067 захоплены полаўцамі (назвалі яго Азак). З 13 ст. горад у Залатой Ардзе, з 1471 тур. ваен. крэпасць. У 1637—42 Азовам валодалі данскія казакі. У 1696 узяты войскамі Пятра І, у 1711 вернуты Турцыі. З 1739 у Расіі. У 1775—82 цэнтр Азоўскай губ., пазней ваен. крэпасць. З 1810 пасад Растоўскага пав. Екацярынаслаўскай губ.
т. 1, с. 171
АЗО́ЎСКАЕ МО́РА
(стараж.-рус. Суражскае мора),
унутранае мора Атлантычнага ак. на Пд Усх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс. км², аб’ём 0,29 тыс. км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м. Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.
т. 1, с. 171
«АЗОЎСТА́ЛЬ»,
гл. Марыупальскі металургічны камбінат «Азоўсталь».
т. 1, с. 172
АЗО́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная слабая няўстойлівая кіслата, HNO2. Існуе толькі ў разбаўленых водных растворах, яе солі і эфіры наз. нітрытамі. Утвараецца разам з азотнай кіслатой пры растварэнні NO2 У вадзе. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў.
т. 1, с. 172