АЗОТФІКСА́ЦЫЯ (ад азот + лац. fixatio замацаванне) біялагічная, звязванне малекулярнага азоту атмасферы ў азотзмяшчальныя злучэнні. Ажыццяўляецца азотфіксавальнымі бактэрыямі (найб. актыўныя клубеньчыкавыя). Першы стабільны прадукт у выніку азотфіксацыі — аміяк, сінтэз якога каталізуе нітрагеназа. Вызначаны структура і лакалізацыя генаў азотфіксацыі. Адыгрывае важную ролю ў прыродным кругавароце азоту, абагачэнні глебы і вадаёмаў звязаным азотам. Азотфіксавальныя мікраарганізмы ў спалучэнні (сімбіёзе) з раслінамі, напр. лубінам, гарохам, вікай, могуць абагаціць 1 га глебы на 200—500 кг азоту за год.
т. 1, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)