Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́НГЛА-ЯПО́НСКІ САЮ́З,

ваеннапаліт. саюз Англіі і Японіі супраць Расіі, а таксама для ўмацавання свайго панавання ў Кітаі і Карэі. Заключаны 30.1.1902. Прадугледжваў нейтралітэт у выпадку вайны саюзніка з інш. дзяржавай і аказанне яму дапамогі, калі да ваен. дзеянняў супраць саюзніка далучыцца іншая дзяржава або група дзяржаў. Саюз садзейнічаў развязванню руска-японскай вайны 1904—05. Англа-японскі саюз аднаўляўся ў жн. 1905 і ліп. 1911. На Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 заменены пагадненнем ЗША Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі.

т. 1, с. 347

АНГЛЕ́З

(франц. anglaise літар. англійская),

агульная назва нар. англійскіх танцаў, якія былі пашыраны ў краінах Еўропы ў 17—19 ст. Музыкай блізкія да экасеза, формай — да рыгадона. Многія кампазітары (І.Фішэр, Ф.Філідор, І.С.Бах) уключалі танцы тыпу англеза ў інстр. сюіты.

т. 1, с. 347

АНГЛЕЗІ́Т

(ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),

мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.

т. 1, с. 347

АНГЛЕ́РСКАЯ ПАРО́ДА,

ангельнская парода буйной рагатай жывёлы, парода малочнага кірунку. Выведзена ў 16 ст. ў Германіі на п-ве Ангельн на аснове мясцовай бура-чырвонай жывёлы. Гадуюць у многіх краінах Еўропы. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях пры вывядзенні і ўдасканаленні чырвоных парод жывёлы. За апошнія 10—15 гадоў дзякуючы селекцыі англерская парода набыла і добрыя мясныя якасці.

Жывёла з моцнай канстытуцыяй, лёгкім касцяком, добра развітым вымем. Масць чырвоная рознага адцення (ад светлага да цёмнага). Жывая маса дарослых кароў 500—580, быкоў 850—1000 кг. Парода познаспелая, інтэнсіўнасць росту невысокая. Надой кароў за лактацыю 4460—4900 кг пры сярэдняй тлустасці малака 4,6—5%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Забойны выхад у кароў 49% і больш, у быкоў на адкорме — 58%.

М.Ц.Міхедаў.

т. 1, с. 347

АНГЛІ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн. чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзіная дзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. Аснове.

З.А.Харытончык.

т. 1, с. 347

АНГЛІ́ЙСКАЯ СОЛЬ,

горкая соль, назва магнію сульфату ў якасці слабіцельнага сродку.

т. 1, с. 348

АНГЛІ́ЙСКАЯ ХВАРО́БА,

захворванне, што ўзнікае ад дэфіцыту сонечнай энергіі, неабходнай для сінтэзу ў арганізме чалавека і жывёл вітаміну D. Пры першым апісанні ўрачы звязалі яе з вял. воблачнасцю над Брытанскімі а-вамі, асабліва над Лонданам (адсюль назва). Садзейнічае ўзнікненню англійскай хваробы таксама смог, які памяншае празрыстасць атмасферы (назіраецца над буйнымі гарадамі і прамысл. цэнтрамі).

т. 1, с. 348

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам І Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл І уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла І, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.І.Сініца.

т. 1, с. 348

АНГЛІ́ЙСКІ КАНА́Л

(англ. English Channel),

гл. Ла-Манш.

т. 1, с. 348

АНГЛІКА́НСКАЯ ЦАРКВА́,

англіканства, адна з пратэстанцкіх цэркваў; дзярж. царква Вялікабрытаніі. Узнікла ў Англіі ў 16 ст. на хвалі рэфармацыйнага руху ў выніку разрыву мясц. каталіцкай царквы з Рымам. У 1534 англ. парламент абвясціў на чале царквы караля Генрыха VIII. Каталіцкія элементы ў дагматыцы і кульце былі дапоўнены пратэстанцкімі, і англіканская царква пайшла «сярэднім шляхам» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам. Яна захоўвае такую ж, як і ў каталіцызме, царкоўную іерархію, культавую рэгламентацыю, спалучае каталіцкі прынцып аб выратавальнай моцы царквы з пратэстанцкім аб выратаванні асабістай верай. Дагматычна адрозніваецца ад каталіцкай наяўнасцю 39 артыкулаў сімвала веры замест 12; у сферы культу не прызнае свечак, ладану, сутаны, споведзі і г.д. Самастойныя англіканскія цэрквы існуюць таксама ў Шатландыі, Уэльсе, Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах (усяго больш за 70 млн. вернікаў). Фармальна яны незалежныя, але з 1867 праз кожныя 10 гадоў англіканскія епіскапы збіраюцца ў Лондане (т.зв. Ламбецкія канферэнцыі), фактычна ўтвараючы такім чынам Англіканскі саюз цэркваў.

Літ.:

Гараджа В.И. Протестантизм. М., 1971.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 349