Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУРКМЕ́НЫ (саманазва туркмен),

народ, асн. насельніцтва Туркменістана (4,83 млн. чал., 2000). Жывуць таксама ў Расіі, Узбекістане, Таджыкістане, Афганістане, Іране, Турцыі і інш. Гавораць на туркменскай мове. Вернікі мусульмане-суніты.

т. 16, с. 49

ТУРКО́ВА,

вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на У ад г. Міёры, 150 км ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Боркавічы.. 300 Ж., 112 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 16, с. 49

ТУРКСІ́Б,

скарочаная назва Туркестана-Сібірскай чыгункі.

т. 16, с. 49

ТУ́РКУ, Аба (фін. Turku, швед. Åbo),

горад на ПдЗ Фінляндыі, адм. ц. ляні Турку-Поры. 172,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (2000). Порт каля ўпадзення р. Аўра-Іокі ў Батнічны зал. Балтыйскага м. Паром у Швецыю. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог. Аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (суднабуд., эл.-тэхн.), тэкст., нафтаперапрацоўчая. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Музеі: гіст. (у замку), маст., рамёстваў, В.​Аалтанена, Я.​Сібеліуса.

Узнік на месцы фінскага гандл. паселішча Корайнен, заваяванага ў сярэдзіне 12 ст. шведамі. Упершыню ўпамінаецца ў 1154 у араб. крыніцах, у 1198 — у Ноўгарадскім летапісе. З 1280 тут размяшчалася сядзіба біскупства і швед. адміністрацыя. У 15—16 ст. горад меў гандл. сувязі з Галандыяй, Англіяй, Францыяй. Пасля заснавання ў 1640 ун-та стаў гал. культ. цэнтрам Фінляндыі. У 17—18 ст. пашкоджаны ў выніку швед. -рус. войнаў. Паводле Абаскага мірнага трактата 1743 у складзе Паўд.-Усх. Фінляндыі далучаны да Расіі. У 1809—12 (фактычна да 1819) Т. — сталіца Вял. княства Фінляндскага. У 1827 горад моцна пацярпеў ад пажару, у т. л. згарэў ун-т., які быў перанесены ў Хельсінкскі. Пазней у Т. засн. шведскі (1917) і фінскі (1920) ун-ты.

Прамавугольная планіроўка Т. склалася ў 19 ст. (арх. К.​Л.​Энгель). Раён старога горада ўцалеў пасля пажару 1827. Сярод помнікаў: рамана-гатычны сабор (13—15 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.) — 3-нефавая базіліка з вежай (1310) і капліцай (18 ст.); замак (13 ст., дабудова 14—17 ст.), будынак б. астр. абсерваторыі (17 ст.); касцёлы сярэдневяковыя св. Карыны і Дзевы Марыі, неагатычны св. Міхаіла (1899—1904, арх. Л.​Сонк), грэка-каталіцкая царква (1846, арх. Энгель). Вылучаюцца грамадскія пабудовы 19—20 ст.: Шведскі ун-т (1802—16, арх. К.​Ф.​Басі і К.​К.​Ёрвель), ратуша (1810—11, арх. Басі; перабудаваны ў 1885, арх. Ф.​Шострам), фін. т-р (1927—28, арх. А.​Аалта), шпіталь (1935), могілкавая капліца (1939—41, арх. абодвух Э.​Бругман), комплекс Фін. ун-та (1951—58, арх. А.​Эрві), студэнцкі гарадок (1969) і інш.

Замак у г. Турку.

т. 16, с. 49

ТУРМА́, астрог,

адзін з відаў папраўчай установы. Паводле крымінальна-папраўчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у Т. ўтрымліваюцца асуджаныя да зняволення ў Т., а таксама асуджаныя, пераведзеныя ў Т. на тэрмін да 3 гадоў за парушэнне рэжыму ўтрымання ў папраўчых калоніях. Асуджаных трымаюць у агульных камерах, якія запіраюцца. Турэмны рэжым рэгулюецца заканадаўствам і правіламі ўнутр. распарадку папраўчых устаноў.

т. 16, с. 49

ТУ́РМА (лац. turma),

падраздзяленне стараж.-рымскай конніцы ў 4—1 ст. да н.э., якое ўваходзіла ў склад легіёна. Падзялялася на 3 дэкурыі па 10 коннікаў у кожнай на чале з дэкурыёнам, адзін з якіх камандаваў Т. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. Т. стала самаст. фарміраваннем рым. конніцы.

т. 16, с. 49

ТУРМАЛІ́Н (ад сінгальскага турмалі — той, што прыцягвае попел),

мінерал падкласа кальцавых сілікатаў пераменнага саставу. Агульная формула XY3Z6(Si6O18)[BO3]3 (OH, F)1+3, дзе X — Na, Ca; Y — Mg, Fe​2+, Fe​3+, Mn, Al, Li, Cr, V і інш.; Z — Al, Fe​2+, Fe​3+, Cr, Mg і інш. Утварае групу мінералаў з некалькіх ізаморфных радоў. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае слупкаватыя, ігольчастыя крышталі, радыяльна-прамяністыя, зблытана-валакністыя, масіўныя агрэгаты. Разнавіднасці: шэрл — чорны, жалезісты; дравіт — буры, магнезіяльны; рубеліт — чырвоны, ружовы, марганцовісты; індыгаліт — сіні і інш.; паліхромны Т. Цв. 7,5. Шчыльн. 2,9—3,34 г/см³. Крохкі. Піра- і п’езаэлектрычны. Паходжанне гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Выкарыстоўваецца як піраэлектрык. Празрыстыя крышталі — каштоўныя камяні 3-га (чырв. рубеліты) і 4-га парадкаў. Радовішчы ў ЗША. Мазамбіку, Бразіліі, Афганістане, М’янме, Расіі, Казахстане і інш.

Турмалін.

т. 16, с. 49

ТУРНА́ЕЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАМАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1943 — чэрв. 1944 у в. Турная Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. У канцы 1943 аб’ядноўвала 17 чал. (кіраўнікі У.​А.​Юхімук. П.​П.​Казлюк). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх здабывалі звесткі разведкі, зброю, боепрыпасы, адзенне, харч. прадукты. Прымалі ўдзел у «рэйкавай вайне» на чыгунках на Пінск і Івацэвічы, распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, вялі агітацыю сярод моладзі. У барацьбе з ням. фашыстамі загінулі 6 падпольшчыкаў. У памяць аб падпольшчыках у вёсцы пастаўлены помнік.

т. 16, с. 49

ТУ́РНЕЭ́ЛЬЕН, Торніяёкі (швед. Torneälven, фін. Torniojoki),

рака ў Швецыі і Фінляндыі. Даўж. 510 км (ад вытоку асн. прытока — р. Муаніо-Эльв — 565 км), пл. бас. 40,2 тыс. км². Пачынаецца ў Скандынаўскіх гарах, цячэ па пласкагор’ях і раўнінах Лапландыі, дзе ўтварае парогі і вадаспады, упадае ў Батнічны зал. Балтыйскага м. Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады 380 м³/с. Каля вусця — марскія парты Торніо (Фінляндыя), Хапаранда (Швецыя).

т. 16, с. 49

ТУРНІ́Р (ням. Turnier ад старафранц. tournei),

ваеннае спаборніцтва рыцараў у сярэдневяковай Зах. Еўропе. Пачалі праводзіцца з 2-й пал. 11 ст. ў Францыі (заснавальнікам лічаць Жафруа дэ Прэйлі). Мэта Т. — паказ баявых якасцей рыцараў, якія складалі гал. ваен. сілу феад. апалчэнняў. Звычайна арганізоўваліся каралём ці інш. буйным сеньёрам у гонар урачыстых выпадкаў (каралеўскага шлюбу, нараджэння наследніка, заключэння міру і інш.) і праводзіліся публічна. На выбраным рысталішчы рыцары на конях ў поўным узбраенні выступалі адзін супраць аднаго, парамі ці атрадамі; адбываліся і пешыя паядынкі. Ход Т. рэгламентаваўся спец. правіламі, за выкананнем якіх назіралі герольды. Пераможца Т. ўслаўляўся, атрымліваў грашовую ўзнагароду. Т. нярэдка суправаджаліся раненнямі і нават смерцю ўдзельнікаў. У большасці краін Т. спыніліся ў 16 ст., калі рыцарская конніца страціла сваё значэнне і была заменена пяхотай.

Літ.:

Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;

Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер. с фр.]. М., 1996.

т. 16, с. 50