ТУРНІ́Р (ням. Turnier ад старафранц. tournei),
ваеннае спаборніцтва рыцараў у сярэдневяковай Зах. Еўропе. Пачалі праводзіцца з 2-й пал. 11 ст. ў Францыі (заснавальнікам лічаць Жафруа дэ Прэйлі). Мэта Т. — паказ баявых якасцей рыцараў, якія складалі гал. ваен. сілу феад. апалчэнняў. Звычайна арганізоўваліся каралём ці інш. буйным сеньёрам у гонар урачыстых выпадкаў (каралеўскага шлюбу, нараджэння наследніка, заключэння міру і інш.) і праводзіліся публічна. На выбраным рысталішчы рыцары на конях ў поўным узбраенні выступалі адзін супраць аднаго, парамі ці атрадамі; адбываліся і пешыя паядынкі. Ход Т. рэгламентаваўся спец. правіламі, за выкананнем якіх назіралі герольды. Пераможца Т. ўслаўляўся, атрымліваў грашовую ўзнагароду. Т. нярэдка суправаджаліся раненнямі і нават смерцю ўдзельнікаў. У большасці краін Т. спыніліся ў 16 ст., калі рыцарская конніца страціла сваё значэнне і была заменена пяхотай.
Літ.:
Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;
Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер. с фр.]. М., 1996.
т. 16, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)