ТУРМАЛІ́Н (ад сінгальскага турмалі — той, што прыцягвае попел),

мінерал падкласа кальцавых сілікатаў пераменнага саставу. Агульная формула XY3Z6(Si6O18)[BO3]3 (OH, F)1+3, дзе X — Na, Ca; Y — Mg, Fe​2+, Fe​3+, Mn, Al, Li, Cr, V і інш.; Z — Al, Fe​2+, Fe​3+, Cr, Mg і інш. Утварае групу мінералаў з некалькіх ізаморфных радоў. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае слупкаватыя, ігольчастыя крышталі, радыяльна-прамяністыя, зблытана-валакністыя, масіўныя агрэгаты. Разнавіднасці: шэрл — чорны, жалезісты; дравіт — буры, магнезіяльны; рубеліт — чырвоны, ружовы, марганцовісты; індыгаліт — сіні і інш.; паліхромны Т. Цв. 7,5. Шчыльн. 2,9—3,34 г/см³. Крохкі. Піра- і п’езаэлектрычны. Паходжанне гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Выкарыстоўваецца як піраэлектрык. Празрыстыя крышталі — каштоўныя камяні 3-га (чырв. рубеліты) і 4-га парадкаў. Радовішчы ў ЗША. Мазамбіку, Бразіліі, Афганістане, М’янме, Расіі, Казахстане і інш.

Турмалін.

т. 16, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)