Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́НГЛА-БУ́РСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1902,

захопніцкая вайна Англіі супраць бурскіх рэспублік Паўд. Афрыкі Трансвааль і Аранжавая. Англія імкнулася захапіць землі, багатыя золатам і алмазамі, забяспечыць брыт. панаванне на вялізнай тэр. ад Каіра да Кейптаўна. Падставай да вайны з’явілася адмова прэзідэнта Трансвааля даць выбарчыя правы англ. каланістам. 11.10.1899 пачаліся ваен. дзеянні, на пачатку якіх буры атрымалі некалькі перамог. Аднак вял. перавага ў жывой сіле і тэхніцы дазволіла англічанам у 1900 акупіраваць рэспублікі. Буры разгарнулі партыз. барацьбу, але, не атрымаўшы чаканай дыпламат. дапамогі з боку Германіі, Францыі і Расіі, спынілі супраціўленне. Паводле мірнага дагавора 31.5.1902 Аранжавая і Трансвааль далучаны да Брыт. імперыі і сталі англ. калоніямі. У 1910 іх тэр. ўвайшлі ў англ. дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз.

т. 1, с. 345

А́НГЛА-ГАЛА́НДСКІЯ ВО́ЙНЫ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

выкліканы гандлёва-эканамічным і каланіяльным саперніцтвам Англіі і Галандыі. Вяліся ў асн. на моры. Першая англа-галандская вайна (1652—54) пачалася з-за прыняцця англ. парламентам Навігацыйнага акта 1651, накіраванага супраць галандскага пасрэдніцкага гандлю. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1654 Галандыя прызнала Навігацыйны акт. Другая англа-галандская вайна (1665—67) аб’яўлена Галандыяй у адказ на захоп (1664) англічанамі галандскай калоніі ў Паўн. Амерыцы — Новага Амстэрдама. Паводле Брэдскага міру 1667 Новы Амстэрдам перайшоў да Англіі, апошняя вярнула Галандыі захоплены ў час вайны Сурынам. У трэцяй англа-галанскай вайне (1672—74) на баку Англіі выступіла Францыя. Перамога Галандыі над англа-франц. флотам пры Тэкселе (1673) і інш. абставіны прымусілі Англію выйсці з вайны. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1674 заставаўся правамоцны Брэдскі трактат 1667.

т. 1, с. 345

А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЕ МАРСКО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ 1935.

Заключана 18 чэрв. ў выглядзе абмену нотамі паміж англ. міністрам замежных спраў С.Хорам і спец. упаўнаважаным А.Гітлера І.Рыбетропам. Паводле пагаднення Германія атрымала права мець флот, роўны 35% танажу агульнага водазмяшчэння флоту Брыг. імперыі, падводны флот — у межах 45% танажу падводных лодак краін Брыт. імперыі і ў далейшым магла давесці свой падводны флот да ўзроўню брытанскага. Пагадненне парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дэнансавана фаш. Германіяй у крас. 1939 ва ўмовах падрыхтоўкі Германіі да 2-й сусв. вайны.

т. 1, с. 345

А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1938 аб ненападзенні. Падпісана 30 вер. ў Мюнхене брыт. прэм’ер-міністрам Н.Чэмберленам і А.Гітлерам адразу пасля заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. Фактычна ўзмацніла пазіцыі фаш. Германіі, давала ёй поўную свабоду дзеянняў, чым садзейнічала развязванню 2-й сусв. вайны.

т. 1, с. 345

А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1954.

Падпісана 19 кастр. ў Каіры. Прадугледжвала вывад англ. войскаў з зоны Суэцкага канала на працягу 20 месяцаў, давала Англіі права 7 гадоў карыстацца Суэцкай базай. Да чэрв. 1956 эвакуацыя англ. войскаў завершана. У сувязі з удзелам Англіі ў кастр.ліст. 1956 (разам з Францыяй і Ізраілем) у нападзенні на Егіпет яго ўрад 1.1.1957 ануляваў пагадненне, пазбавіўшы тым самым Англію ваен.-стратэг. пазіцый у Егіпце.

т. 1, с. 345

А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936 аб дружбе і саюзе. Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн. ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-ІРА́КСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1922, 1926, 1930, 1948, 1955.

Дагавор 1922, заключаны на 20 гадоў, фактычна аформіў мандатную залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі. Дагавор 1926 прадаўжаў тэрмін дзеяння папярэдняга да 1950 (калі Ірак да гэтага часу не стане чл. Лігі Нацый, што аўтаматычна пазбаўляла яго англ. мандата). Дагавор 1930 падпісаны на 25 гадоў, прадугледжваў адмену мандата і прызнаваў суверэнітэт Ірака (уступіў у сілу ў 1932 пасля прыняцця Ірака ў Лігу Нацый); фактычна захаваў залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі ў знешняй палітыцы і ваен. справах. Дагавор 1948 прадугледжваў стварэнне «камісіі сумеснай абароны», тэр. Ірака заставалася базай англ. узбр. сіл. Пагадненне 1955 захоўвала кантроль Англіі над іракскай арміяй і ваенна-паветр. базамі; англ. ваенна-паветр. сілы заставаліся ў Іраку. Дэнансавана 24.3.1959 урадам Іракскай рэспублікі пасля Іракскай рэвалюцыі 1958.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-ІРЛА́НДСКАЯ У́НІЯ 1801,

пагадненне аб саюзе Англіі і Ірландыі. Заключана 7.6.1800 у г. Дублін; набыло сілу 1.1.1801. Ініцыіравана Англіяй пасля задушэння ірл. паўстання 1798. Ірландыя станавілася часткай Злучанага каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі, яе парламент скасоўваўся, краіна магла пасылаць 100 дэпутатаў у палату абшчын і 32 — у палату лордаў брыт. парламента. Апошні атрымаў права выдаваць законы для Ірландыі, а англ. палата лордаў ператваралася ў вярх. апеляцыйную інстанцыю для ірл. судоў. Ірландыя стала англ. правінцыяй. Гэта выклікала новую хвалю нац.-вызв. руху ірландцаў, у т. л. выступленне ў 1803 пад кіраўніцтвам Р.Эмета.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-ІРЛА́НДСКІ ДАГАВО́Р 1921.

Падпісаны 6 снежня прадстаўнікамі ўрада Ірл. Рэспублікі і англ. ўрада. Заключаны ва ўмовах вызв. вайны ірл. народа (1919—21) супраць англ. ўладарання, меў кампрамісны характар. Паўд. і Цэнтр. Ірландыі (26 графстваў), якая стала называцца Ірл. Свабоднай дзяржавай, надаваўся статус дамініёна. Паўн. ч. краіны — Ольстэр — заставалася ў складзе Вялікабрытаніі. У 1949 Ірландыя (без Ольстэра) абвешчана рэспублікай.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1840—42

(т.зв. першая «опіумная» вайна),

агрэсіўная вайна Англіі супраць Кітая з мэтай захапіць рынак і дамагчыся паліт. ўплыву на Кітай. Зачэпкай да яе стала знішчэнне кіт. урадам вял. партыі кантрабанднага опіуму, канфіскаванага ў замежных гандляроў. Летам 1840 англ. войскі блакіравалі з мора кіт. парты, захапілі в-аў Сянган (Ганконг) і ў жн. 1842 наблізіліся да Нанкіна. Паводле Нанкінскага дагавора 1842 Англія атрымала в-аў Ганконг, значную кантрыбуцыю, 5 партоў Кітая сталі адкрытымі для англ. гандлю. Вайна была пачаткам ператварэння Кітая ў паўкалан. дзяржаву.

т. 1, с. 346