Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСТЭАЛО́ГІЯ

(ад астэа... + ...логія),

1) раздзел анатоміі, які вывучае будову, развіццё і змены касцявога шкілета. Вылучаюць астэалогію агульную, прыватную (пра развіццё і будову асобных касцей), параўнальную, узроставую. Агульная астэалогія вывучае фіз.-хім. якасці косці, тканкавы, клетачны і субклетачны ўзроўні структурнай арганізацыі, уплыў розных фактараў на працэсы росту і перабудовы косці. Сучасныя даследаванні ў галіне астэалогіі звязаны з пошукамі спосабаў уплыву на працэсы рэгенерацыі, вызначэннем прычын эктапічнага росту, ацэнкай характару марфалагічных змяненняў пры трансплантацыі касцей. Прыватная астэалогія грунтуецца на вывучэнні анат. прэпаратаў і выкарыстанні метадаў даследавання шкілета жывога чалавека (рэнтгенаграфія, камп’ютэрная тамаграфія, ядзерна-магнітны рэзананс).

2) Астэалогія ў антрапалогіі вывучае варыяцыі памераў і формы чалавечага шкілета ў цэлым, а таксама асобных яго касцей. Даныя астэалогіі выкарыстоўваюць таксама ў палеанталогіі, расазнаўстве і інш.

С.Л.Кабак.

т. 2, с. 60

АСТЭАМАЛЯ́ЦЫЯ

(ад астэа... + грэч. malakia мяккасць),

размякчэнне і дэфармацыя касцей з прычыны парушэння мінер. абмену пераважна ў касцявой тканцы. Найчасцей бывае ў жанчын, асабліва ў 2-й пал. цяжарнасці. Пры парушэннях фосфарна-кальцыевага абмену найперш пашкоджвае косці таза і ніжніх канечнасцяў. Прыкмета астэамаляцыі: вельмі празрысты малюнак касцей. Лячэнне: паўнацэннае харчаванне, багатае на вітаміны A, D, C, солі кальцыю, фосфару і бялок; лячэнне асн. захворвання. Астэамаляцыя ў жывёл клінічна праяўляецца зніжэннем апетыту, кульгавасцю, псаваннем зубоў, скрыўленнем або прагінаннем пазваночніка, пераломамі касцей.

т. 2, с. 60

АСТЭАМІЭЛІ́Т

(ад астэа... + грэч. myelos мозг),

інфекцыйнае запаленне касцявога мозгу і ўсіх слаёў косці. Неспецыфічны астэаміэліт выклікаецца гнаяроднымі мікробамі, спецыфічны туберкулёзнай, бруцэлёзнай, сіфілітычнай і інш. палачкамі. Узбуджальнікі астэаміэліту трапляюць у косць праз кроў (гематагенным шляхам) з аддаленага гнойнага ачага (фурункула, абсцэсу і інш.), праз пашкоджаныя тканкі (адкрытыя пераломы, раненні), з інфіцыраваных тканак (гнойнае запаленне суседняга сустава). Захворванню садзейнічаюць траўмы, пераахаладжэнні, ператамленні, авітамінозы і інш. Пры астэаміэліце ў косці парушаецца кровазварот, закупорваюцца сасуды (трамбоз); косць, пазбаўленая жыўлення, мярцвее. Участкі амярцвелай тканкі паступова адрываюцца і выдаляюцца праз свішчы з гноем. Адрозніваюць астэаміэліт востры гематагенны і хранічны. Востры астэаміэліт пачынаецца раптоўна: высокая тэмпература, дрыжыкі, ірвота, часты пульс, зацямненне свядомасці. Там, дзе пашкоджана косць, узнікае прыпухласць, чырванее скура. Калі гной прарываецца, тэмпература спадае, агульны стан хворага паляпшаецца. Ускладненні: гнойныя запаленні суставаў (артрыты), пераломы касцей, вывіхі, сепсіс, пашкоджанні ўнутр. органаў. Востры астэаміэліт можа пераходзіць у хранічны з перыядычнымі абвастрэннямі. Лячэнне вострага астэаміэліту — тэрапеўтычнае, хранічнага — хірургічнае, фізіятэрапеўтычнае.

А.У.Руцкі.

т. 2, с. 60

АСТЭАЦЫ́ТЫ

[ад астэа... + ...цыт(ы)],

спелыя клеткі глыбінных слаёў касцявой тканкі, якія знаходзяцца ў поласцях яе асн. рэчыва (адросткі — у канальцах, што адыходзяць ад такіх поласцяў) паблізу крывяносных сасудаў. Удзельнічаюць у фарміраванні гідроксіапатыту і астэону.

т. 2, с. 60

АСТЭНАСФЕ́РА

(ад грэч. asthenēs слабы + сфера),

Гутэнберга слой, слой паніжанай вязкасці ў верхняй мантыі Зямлі, які падсцілае літасферу. Вылучаюць па паменшанай скорасці праходжання сейсмічных хваляў і павышанай электраправоднасці адносна літасферы і астатняй мантыі. Астэнасфера складзена з перыдатытаў, рэчыва якіх знаходзіцца ў пластычным і вязкім стане, можа цячы і ствараць гідрастатычную раўнавагу (ізастазію). Пад акіянамі пашырана ўсюды з глыб. 50—70 км, пад кантынентамі адзначана з глыб. 80—100 км, найб. выразная — у тэктанічна актыўных зонах стараж. платформаў і пад маладымі платформамі. Пад астраўнымі дугамі астэнасфера шматслойная (поліастэнасфера). Рэчыва астэнасферы ў такіх структурах часткова расплаўлена (на 1—10%). Пад стабільнымі ўчасткамі стараж. шчытоў і дакембрыйскіх пліт выяўлена не ўсюды. Ніжняя мяжа астэнасферы знаходзіцца на глыб. 250—300 км (да 400 км). На тэр. Беларусі астэнасфера вылучаецца пад Беларускай антэклізай на глыб. 200—210 км (магутнасць 20—30 км) і пад Прыпяцкім прагінам на глыб. 90—100 км (магутнасць да 140 км). Рэчыва астэнасферы ўдзельнічае ў фарміраванні пакладаў карысных выкапняў, з ёй звязаны працэсы магматызму і метамарфізму.

Астэнасфера адкрыта ў 1914 Дж.Барэлам. Першае пацвярджэнне яе існавання атрымаў у 1926 Б.Гутэнберг (адсюль другая назва). Ён паказаў, што ў астэнасферы адбываюцца працэсы, якія выклікаюць гарызантальныя і вертыкальныя рухі блокаў літасферы.

Г.І.Каратаеў.

т. 2, с. 60

АСТЭ́НДЭ

(Ostende),

горад на ПнЗ Бельгіі, у правінцыі Зах. Фландрыя. 69 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел — канцавы пункт трансеўрапейскіх аўтадарог і чыг. магістраляў; важны порт на Паўночным м. (паромам звязаны з г. Дуўр, Вялікабрытанія). База рыбалавецкага флоту. Суднабудаванне і суднарамонт, хім., харч. прам-сць. Вытв-сць сетак і канатаў. Развядзенне вустрыц. Музеі. Буйны прыморскі кліматычны і бальнеалагічны курорт краіны.

т. 2, с. 60

АСТЭНІ́Я

(грэч. astheneia),

стан, які характарызуецца павышанай стамляльнасцю, частай зменай настрою, раздражняльнасцю, слабасцю, гіперэстазіяй, плаксівасцю, вегетатыўнымі парушэннямі, дрэнным сном. Узнікае ў выніку разумовага ператамлення або псіхічнай траўмы. Блізкі да астэніі астэнічны стан, які з’яўляецца сімптомам шэрагу хваробаў. Прафілактыка: правільная арганізацыя рэжыму працы і адпачынку.

т. 2, с. 60

АСТЭО́МА

(ад астэа... + ...ома),

дабраякасная пухліна з касцявой тканкі. Адрозніваюць астэому зубчастую, астэому з коркавага пласта і губчатага рэчыва (пераважна на сцегнавой і плечавой касцях) і астэому з суцэльнага кампактнага касцявога рэчыва (пашкоджваюцца пераважна плоскія косці чэрапа). Захворванне можа быць працяглым, але бессімптомным, іншы раз выяўляюць астэому выпадкова пры рэнтгеналагічным даследаванні хворага. Лячэнне хірург. (акрамя маленькіх астэом).

т. 2, с. 60

АСТЭО́Н

(ад грэч. osteon косць),

гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.

т. 2, с. 60

АСТЭРАКАЛАМІ́Т

(Asterocalamites),

дрэвападобная расліна, якая адносіцца да членістасцябловых з позняга дэвону, ранняга карбону. Вонкавая паверхня сцябла мае падоўжныя рэбры, якія прадаўжаюцца ў сумежных міжвузеллях. Лісце ў кальчаках, якія паўторна разгаліноўваюцца, генератыўныя органы ў выглядзе рыхлых шмат’ярусных стробілаў.

т. 2, с. 60