АНТЫДЭПРЭСА́НТЫ
(ад анты... + лац. depressio прыгнечанасць),
лекавыя псіхатропныя сродкі для папярэджання або нейтралізацыі псіхічных і фіз. расстройстваў, якія суправаджаюць стан дэпрэсіі. Паляпшаюць настрой, здымаюць трывогу і напружанасць, павышаюць псіхічную актыўнасць, нармалізуюць агульны тонус, сон, страваванне, рухомасць арганізма. Многія з іх несумяшчальныя з асобнымі відамі ежы, асабліва з ужываннем у час лячэння спіртных напіткаў (магчыма развіццё калапсу). Асобныя антыдэпрэсанты на пач. этапе выкарыстання запавольваюць скорасць рэакцыі і ўспрымання сітуацый, таму пры назначэнні выключаюць магчымасць кіравання трансп. сродкамі або выканання складаных тэхн. аперацый.
т. 1, с. 396
АНТЫДЭТАНА́ТАР,
хімічнае злучэнне, якое дабаўляюць у маторнае паліва для прадухілення яго дэтанацыі ў цыліндрах рухавікоў. Найб. пашыраны тэтраэтылсвінец (ТЭС — «этылавая вадкасць»), яго канцэнтрацыя ў паліве менш за 1%. Маторнае паліва з ТЭС (этыліраванае) таксічнае, пры рабоце з ім патрэбны меры перасцярогі.
т. 1, с. 396
АНТЫЁХ III Вялікі
(грэч. Anciochos Megas; 242—187 да н.э.),
цар дзяржавы Селеўкідаў (223—187), праўнук Селеўка І. У 212—205 падпарадкаваў парфян і Бактрыю, у 203 адваяваў у Егіпта Палесціну. Пацярпеўшы паражэнне ад Рыма ў Сірыйскай вайне 192—188, заключыў мір, т.зв. Апамейскі дагавор 188, пасля якога Селеўкідскае царства стала другараднай дзяржавай. Забіты ў Элімаідзе ў час рабавання яго войскамі храма бога Бэла.
т. 1, с. 396
АНТЫІДЭА́Л,
уяўленні аб чалавеку і яго дзейнасці, аб адносінах паміж людзьмі і арганізацыі грамадства, якія супрацьлеглыя поглядам на дасканалае; процілеглы ідэалу. Антыідэал мае элемент адноснасці. Тое, што разглядаецца як антыідэал аднымі людзьмі і сац. групамі, членамі пэўнага грамадства або людзьмі пэўнай эпохі, можа ўспрымацца як ідэал іншымі, і наадварот. Так, сталінізм і фашызм — антыідэал для людзей з дэмакр. мысленнем і ідэалы — для людзей з таталітарнымі ўстаноўкамі. Ёсць антыідэалы рэалістычныя (паддаюцца ажыццяўленню) і абсалютныя (не могуць быць дасягнуты ў рэчаіснасці — антыутопія). Антыідэал — неабходная форма мыслення. Разам з ідэалам антыідэал выконвае рэгулятыўную функцыю ў дзейнасці людзей, у т. л. і ў кіраванні грамадскімі працэсамі.
Г.А.Антанюк.
т. 1, с. 397
АНТЫКААГУЛЯ́НТЫ [ад анты... + лац. coagulans (coagulantis) які вядзе да згусання] у медыцыне, лекавыя сродкі, якія памяншаюць скорасць згусання крыві і перашкаджаюць утварэнню тромбаў. Уплыў антыкаагулянтаў прамога дзеяння (гепарын, гірудзін і інш.) адбываецца праз зніжэнне актыўнасці трамбіну ў крыві, антыкаагулянты ўскоснага дзеяння (дыкумарын, пелентан, фенілін і інш.) — праз парушэнне працэсаў утварэння трамбіну ў печані. Выкарыстоўваюцца пры інфарктах, тромбафлебітах, трамбатычных і эмбалічных інсультах, пасля хірург. ўмяшання і інш. Проціпаказаны пры цяжарнасці, язвавай і нырачнакамянёвай хваробах, схільнасці да крывацёкаў.
т. 1, с. 397
АНТЫКАДО́Н
(ад анты... + кадон),
участак малекулы транспартнай рыбануклеінавай кіслаты (тРНК). Складаецца з трох нуклеатыдаў, якія маюць незамешчаныя вадародныя сувязі. Антыкадон камплементарны адпаведнаму кадону матрычнай рыбануклеінавай кіслаты (мРНК) і таму спецыфічна звязваецца з ім. Узаемадзеянне кадон — антыкадон, што адбываецца на рыбасомах у працэсе трансляцыі, забяспечвае правільнае размяшчэнне кожнай амінакіслаты ў поліпептыдным ланцугу пры біясінтэзе бялку.
т. 1, с. 397
«АНТЫКАМІНТЭ́РНАЎСКІ ПАКТ»,
дагавор паміж Германіяй і Японіяй, заключаны 25.11.1936 у Берліне на 5 гадоў. Пад знакам барацьбы з Камінтэрнам аформіў блок 2 дзяржаў, якія імкнуліся да гегемоніі ў свеце. Сакрэтнае пагадненне да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» прадугледжвала сумесную барацьбу супраць СССР. Да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» далучыліся Італія (6.11.1937), Венгрыя і марыянетачная «дзяржава» Маньчжоў-Го (24.2.1939), Іспанія (27.3.1939). Пакт садзейнічаў развязванню 2-й сусв. вайны і ў 1939—40 ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл. Берлінскі пакт 1940). Пасля пралангацыі пакта 25.11.1941 на 5 гадоў да яго далучыліся яшчэ некалькі краін. Перамога краін Антыгітлераўскай кааліцыі ў 2-й сусв. вайне спыніла існаванне «Антыкамінтэрнаўскага пакту».
т. 1, с. 397
АНТЫКАРАЗІ́ЙНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці для аховы паверхні металічных вырабаў ад карозіі. Найб. пашыраныя антыкаразійныя пакрыцці: з металаў (хрому, цынку, нікелю, высакародных металаў і інш.) і іх сплаваў; з хім. злучэнняў металаў (аксіды, карбіды, нітрыды, фтарыды і інш.); з палімерных (фторпластавыя, поліэтыленавыя, поліізабутыленавыя, полівінілхларыдныя) і лакафарбавых пакрыццяў, а таксама кансервацыйныя замазкі (напр., бітум). Эфектыўнасць антыкаразійных пакрыццяў вызначаецца хім. і фазавым саставам, дасканаласцю будовы, трываласцю счаплення пакрыцця з асновай матэрыялу.
Антыкаразійныя пакрыцці бываюць анодныя ці катодныя адносна матэрыялу, які ахоўваюць. Анодныя змяншаюць, прадухіляюць карозію, катодныя могуць павялічваць яе, але пры гэтым паляпшаюць фіз.-мех. якасці матэрыялаў. Антыкаразійныя пакрыцці наносяць фарбаваннем, гальванічным, плазмавым, вакуумным, іонна-плазмавым і электрафарэтычнымі метадамі, хім. асаджэннем з газавай фазы і раствораў, плакіраваннем. Выбар метаду залежыць ад патрэбнага спалучэння матэрыялаў пакрыцця і асновы, неабходнай таўшчыні пакрыцця, магчымасці і неабходнасці яго аднаўлення ў эксплуатацыі. На Беларусі стварэннем антыкаразійных пакрыццяў займаюцца Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Бел. політэхн. акадэмія, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі.
А.У.Белы.
т. 1, с. 397
АНТЫКВА́Р
(ад лац. antiquarius аматар, знаўца старажытнасцяў),
збіральнік і прадавец стараж. прадметаў, твораў мастацтва, рэдкіх кніг і інш. рэчаў.
т. 1, с. 397
АНТЫКЛІНА́ЛЬ
(ад анты... + грэч. klinō нахіляю),
антыклінальная складка, складка пластоў горных парод, павернутая пукатасцю ўгару, з больш стараж. пародамі ў ядры. Найб. уласцівыя складкавым горным сістэмам Зямлі. Бывае прамая, нахіленая, ляжачая, перакуленая. Месца перагіну пластоў наз. замком антыкліналі (скляпеннем), бакі — крыламі. Антыкліналі, у якіх адносіны шырыні да даўжыні складаюць 1/3, наз. брахіантыкліналямі, круглаватыя ў плане антыкліналі — купаламі. На Беларусі пашыраны ў пародах крышт. фундамента (Ваўкавыская, Івацэвіцка-Вілейская, Пружана-Ашмянская) і платформавага чахла, пераважна ў дэвонскіх саляносных, подсцільных і перакрываючых іх адкладах Прыпяцкага прагіну (Васілевіцкая, Мышанская, Старобінская і інш.), дзе ўзніклі ў выніку разломных і галакінетычных рухаў у познім палеазоі і мезазоі.
М.А.Нагорны.
т. 1, с. 397