АНГІЯТЭНЗІ́Н,
ангіятанін, гіпертэнзін, біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.
т. 1, с. 344
АНГКО́Р,
комплекс індуісцкіх і будыйскіх храмаў, палацаў, вадасховішчаў і адводных каналаў каля г. Сіемрэап (Камбоджа). Пабудаваны ў 9—13 ст. Выяўлены ў джунглях у 19 ст.
Захаваліся руіны стараж. сталіц Камбоджы Яшодхарапуры (засн. ў канцы 9 ст.) і АнгкорТхома (засн. ў канцы 12 ст.—1432, пл. 7,9 км², цэнтр. храм Баён) — каменныя цокалі драўляных палацаў, «храмы-горы» ў выглядзе ступеньчатых пірамід, у т. л. буйнейшы Ангкор-Ват (каля 1113—50; пл. 1300 м х 1500 м, вышыня 66 м). Вызначаецца строга геам. планам, велічнай гармоніяй кампазіцыі: «храм-гару» абкружаюць галерэі з каланадамі, павільёнамі варот і вуглавымі вежамі. Багатае скульпт. ўбранне Ангкору: рэльефы з батальнымі і быт. сцэнамі, фігурамі міфалагічных істот, у Ангкор-Тхоме гіганцкія твары багоў на вежах варот і храма Баён. Сілуэт вежаў Ангкор-Вата змешчаны на гербе Камбоджы.
Літ.:
Маршаль А. Ангкор: Пер. з фр. М., 1964.
т. 1, с. 344
АНГЛАСАКСО́НСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ,
заваяванне Брытаніі паўн.-герм. плямёнамі англаў, саксаў, ютаў і фрызаў у 5—6 ст. Іх пірацкія напады на Брытанію з сярэдзіны 5 ст. змяніліся перасяленнем у прыбярэжныя раёны і ў глыб краіны. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне брытаў і кельтаў, большая частка Брытаніі да канца 6 ст. была заваявана, а брыты знішчаны, заваяваны або выцеснены ў Шатландыю, Уэльс і на кантынент. Склаліся англасаксонскія каралеўствы Кент, Уэсекс, Сусекс, Эсекс, Усх. Англія, Нартумбрыя, Мерсія.
т. 1, с. 346
АНГЛАСА́КСЫ,
агульная назва германскіх плямёнаў — англаў, саксаў, ютаў і фрызаў, якія заваявалі ў 5—6 ст. кельцкую Брытанію (гл. Кельты). У 7—10 ст. у працэсе змяшання гэтых плямёнаў склалася англасаксонская народнасць, што ўвабрала і кельцкія элементы. Пазней англасаксы змешваліся з датчанамі і нарвежцамі, якія пасяліліся на ПнУ і У Англіі, і пасля Нармандскага заваявання Англіі 1066 з выхадцамі з Францыі, што стала пачаткам фарміравання англ. народнасці (гл. Англічане).
т. 1, с. 346
А́НГЛА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1812—14.
Выклікана гандл.-эканам. супярэчнасцямі паміж Англіяй і ЗША, а таксама захопніцкай палітыкай пэўных амер. колаў у адносінах да Канады. Зачэпкай да вайны паслужылі захопы і вобыскі англ. флотам амер. суднаў у адкрытым моры. У чэрв. 1812 ЗША аб’явілі вайну Англіі. Англічане перакінулі свае войскі ў Паўн. Амерыку. На моры Англія панесла значныя страты, але і спробы амерыканцаў уварвацца ў Канаду поспеху не мелі. Перамогі на азёрах Эры (вер. 1813) і Шамплейн (вер. 1814) забяспечылі ЗША кантроль над важнымі воднымі шляхамі. Англ. войскі блакіравалі ўзбярэжжа ЗША, у жн. 1814 захапілі Вашынгтон, аднак развіць наступленне не змаглі. Баявыя дзеянні амер. войскаў набылі характар барацьбы за захаванне незалежнасці краіны. У 1814 у г. Гент (Бельгія) падпісаны дагавор, які аднавіў даваен. становішча.
т. 1, с. 344
А́НГЛА-АРГЕНЦІ́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1982,
Фалклендская вайна, ваенныя дзеянні паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй у крас.—чэрв. 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы і в-аў Паўд. Георгія. Спасылаючыся на свае гіст. правы, Аргенціна 2—3 крас. высадзіла дэсант на Фалклендскія а-вы і Паўд. Георгію. Англ. гарнізон (каля 100 чал.) і губернатар а-воў былі высланы на радзіму. У адказ брыт. ўрад разарваў адносіны з Аргенцінай і адправіў да Фалклендаў ваен. эскадру (каля 40 баявых караблёў з 10 тыс. марскіх пехацінцаў). Міжнар. намаганні па мірным вырашэнні канфлікту пацярпелі няўдачу. У выніку баявых дзеянняў (канец крас. — май) патоплены аргенцінскі крэйсер «Хенераль Бельграна» і англ. эсмінец «Шэфілд». 21 мая пачаўся штурм Фалклендскіх а-воў. 15 чэрв. аргенцінскія войскі капітулявалі. Аргенціна страціла 1300 чал., Англія — 250 забітымі і 300 параненымі. Вялікабрытанія стварыла на а-вах ваен.-паветр. і ваен.-марскую базы з 7-тысячным гарнізонам. Паражэнне Аргенціны прывяло да звяржэння ўлады ваенных у краіне.
т. 1, с. 345
А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.
т. 1, с. 345
А́НГЛА-БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА
(АБТ). Заснавана ў 1954 у Лондане членамі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, дзеячамі бел. эміграцыі і англ. навукоўцамі-беларусістамі для пашырэння ведаў пра Беларусь сярод англічан. Разам з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны ў Лондане з’яўляецца цэнтрам бел. навук.-культ. жыцця ў Англіі. У 1965—88 выпускала «The Journal of Byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»),
у якім славісты ЗША, Ізраіля, Германіі, Англіі, Польшчы друкавалі артыкулы па гісторыі, палітыцы, культ. праблемах жыцця бел. народа. З 1966 АБТ арганізуе штогадовыя курсы лекцый па гісторыі л-ры і культуры Беларусі. Супрацоўнічае з Асацыяцыяй славістаў ун-таў Вялікабрытаніі, Брыт. Нац. Асацыяцыяй усх.-еўрап. даследаванняў, удзельнічае ў міжнар. канферэнцыях і кангрэсах славістаў. Выдала кн. апавяданняў С.Яновіча (1974), «Беларускую граматыку» П.Мэё (1976, на англ. мове), зб. вершаў М.Багдановіча, А.Гаруна, З.Бядулі (1983, на бел. і англ. мовах). Прэзідэнты АБТ: Л.Гарлех (1965—73), А.Макмілін (з 1974), старшыні: О.Герберт (1965—73), Д.Джоліф (1974—80), Дж.Дзінглі (з 1981).
А.С.Ляднёва.
т. 1, с. 345
А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.
т. 1, с. 345
А́НГЛА-БУ́РА-ЗУЛУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1838—40,
захопніцкая вайна бурскіх і англ. каланізатараў супраць плямёнаў зулу на Пд Афрыкі. Ваен. дзеянні пачаліся ў крас. 1838. У снеж. буры з дапамогай англ. каланістаў нанеслі паражэнне зулусам. Пасля высадкі англ. рэгулярных войскаў зулускія кіраўнікі заключылі з іх камандаваннем пагадненне (сак. 1839), паводле якога землі на Пд ад р. Тугела адыходзілі бурам. На гэтай тэр. створана бурская рэспубліка Натал. На пач. 1840 буры аднавілі ваен. дзеянні і разграмілі зулускія войскі. У лют. 1840 да рэспублікі Натал далучаны землі паміж рэкамі Тугела і Блэк-Умфалозі.
т. 1, с. 345