АНГІДРЫ́Т
(ад ан... + грэч. hydōr вада),
1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.
2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.
т. 1, с. 343
АНГІЛЕ́ЙКА Фёдар, бел. гравёр па дрэве канца 17 — пач. 18 ст. Прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Аўтар гравюр у кн. «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Часослов сиречь Последованию службы» (1703), выдадзеных у друкарні М.Вашчанкі (Магілёў). Гравюрам Ангілейкі характэрна прастата тэхн. прыёмаў і нескладанасць кампазіцыі, што збліжае іх з творамі нар. мастацтва.
т. 1, с. 343
АНГІ́ЛЬЯ,
Ангуіла (Anguilla), уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс. чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).
Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадукгаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін. дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
т. 1, с. 343
АНГІ́НА
(лац. angina літар. ўдушша),
вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.
В.А.Быстрэнін.
т. 1, с. 343
А́НГІРАС,
у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі вялікі мудрэц; пасрэднік паміж багамі і людзьмі, родапачынальнік паўбагоў-ангірасаў. Ангіраса лічаць трэцім сынам Брахмы, аўтарам многіх гімнаў «Рыгведы», з яго імем звязваюць вобраз заканадаўца і астранома.
т. 1, с. 344
АНГІЯ...
(ад грэч. angeion сасуд),
першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «сасуд», «сасудзістая сістэма», напр. ангіялогія, ангіяспазма.
т. 1, с. 344
АНГІЯГРА́ФІЯ
(ад ангія... + ...графія),
метад рэнтгеналагічнага даследавання крывяносных і лімфатычных сасудаў пасля ўвядзення ў іх кантрастнага рэчыва. Дазваляе выявіць стан сасудаў, а таксама паталаг. працэсы ў органах, звязаныя са зменамі кровазабеспячэння або лімфазвароту.
т. 1, с. 344
АНГІЯЛІ́НІ Каэтан
(1748, Італія — 1816),
архітэктар. Жыццё і творчасць Ангіяліні звязаны з Беларуссю. Вучыўся ў Балонні і Вероне. У 1784 пераехаў у Полацк. З 1786 у Віцебску, выкладаў франц. мову, у 1789—96 — тэорыю архітэктуры ў калегіуме езуітаў. У 1796—97 жыў у Оршы. Вярнуўшыся ў Віцебск, выкладаў архітэктуру і кіраваў буд-вам касцёлаў. Стваральнік алтара ў Віцебскім езуіцкім касцёле. У 1803—05 жыў у Полацку, потым выехаў у Італію.
т. 1, с. 344
АНГІЯЛО́ГІЯ
(ад ангія... + ...логія),
раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.
Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.Гарвей, італьян. М.Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.В.Абрамовіч, А.Я.Мітрашэнка, М.Ю.Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.Г.Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.Е.Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.М.Грышын, А.А.Марціновіч).
Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.Дз.Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавянозная пластыка (А.У.Шот, І.А.Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.М.Саўчанка, У.П.Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.А.Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.У.Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.М.Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.М.Падгайскі). Гл. таксама ў арт. Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.
І.М.Грышын.
т. 1, с. 344
АНГІЯСПА́ЗМА
(ад ангія... + спазма),
перыядычнае спазматычнае звужэнне прасвету артэрый, што прыводзіць да абмежаванага кровазабеспячэння (ішэмія) адпаведнага органа або тканкі. Узнікненню спрыяюць інтаксікацыя (алкаголь, нікацін), прафесійныя шкоднасці (вібрацыя, серавуглярод, свінец і інш.), пераахаладжэнне, ачагі факальнай інфекцыі, псіхатраўмы. Часта бывае ў паталагічна змененых сасудах, асабліва пры атэрасклерозе і гіпертанічнай хваробе. Працяглая спазма сасудаў сэрца можа выклікаць стэнакардыю і быць прычынай інфаркту міякарда. Пры ангіяспазме назначаюць спазмалітычныя прэпараты, лечаць асн. хваробу.
т. 1, с. 344