Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУРБАЛЁТ,

лятальны апарат, у якога неабходная для палёту пад’ёмная сіла ствараецца турбарэактыўным рухавіком, а аэрадынамічныя паверхні адсутнічаюць. Цяга рухавіка забяспечвае яго ўзлёт і пасадку, а гарыз. цяга ствараецца за кошт кіравання вектарам цягі (нахілу Т.). Устойлівасць і кіравальнасць Т. забяспечваюць струменныя і газавыя рулі кіравання.

т. 16, с. 39

ТУРБАРЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,

кампрэсарны паветрана-рэактыўны рухавік, у якім для павышэння ціску рабочага цела выкарыстоўваецца турбакампрэсар.

Прадукты згарання паліва паступаюць на турбіну, мучаную валам з кампрэсарам, расшыраюцца і выконваюць работу, неабходную для сціскання паветра ў кампрэсары. Патэнцыяльная энергія газаў за турбінай забяспечвае стварэнне рэактыўнай цягі пры выцяканні газаў з рэактыўнага сапла. Выкарыстоўваюцца (на звышгукавых самалётах) Т.р. з фарсажнай камерай згарання, якая павялічвае цягу на 50%.

Схема турбарэактыўнага рухавіка: 1 — уваходная адтуліна; 2 — кампрэсар; 3 — камера згарання; 4 — турбіна; 5 — фарсажная камера; 6 — сапло.

т. 16, с. 39

ТУРБАХО́Д,

самаходнае судна, рухачы якога прыводзяцца ў дзеянне паравой (паратурбаход) або газавай турбінай. Першы паратурбаход пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1894 (у Расіі ў 1904). У трансп. флоце газатурбаходы з’явіліся ў 1951.

т. 16, с. 39

ТУРБЕЛЯ́РЫІ,

клас плоскіх чарвей, гл. Раснічныя чэрві.

т. 16, с. 39

ТУРБІДЫМЕ́ТРЫЯ (ад лац. turbidus мутны + ...метрыя),

метад колькаснага аналізу, заснаваны на вымярэнні інтэнсіўнасці святла, аслабленага пры яго праходжанні праз суспензію аналізуемага рэчыва. Вымярэнні праводзяць з дапамогай колераметраў ці спектрафатометраў. Разнавіднасць Т. — турбідыметрычнае цітраванне, пры якім даследаванае рэчыва цітруюць растворам асаджальніку. Пункт эквівалентнасці знаходзяць па максімуму памутнення. Т. выкарыстоўваюць для аналітычнага вызначэння іонаў сульфітаў, фасфатаў, хларыдаў, сульфідаў і інш. Гл. таксама Нефеламетрыя.

т. 16, с. 39

ТУРБІ́Н Мікалай Васілевіч (3.12.1912, с. Тума Клепікаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 22.7.1998),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і генетыкі. Акад. Нац. АН Беларусі (1953). Акад. УАСГНІЛ (1967). Д-р біял. н. (1943), праф. (1948). Засл. дзеяч нав. Беларусі (1972). Скончыў Варонежскі с.-г. ін-т (1935). З 1945 у Ленінградскім ун-це. У 1953—63 дырэктар Ін-та біялогіі АН Беларусі. З 1965 дырэктар Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. З 1971 акад.-сакратар аддз. раслінаводства і селекцыі УАСГНІЛ. У 1974—80 дырэктар НДІ прыкладной малекулярнай біялогіі і генетыкі УАСГНІЛ. Навук. працы па пытаннях тэорыі гетэрозісу і метадах гетэрозіснай селекцыі раслін, тэорыі відаўтварэння, філас. пытаннях генетыкі.

Тв.:

Периодический отбор в селекции растений. Мн., 1976 (разам з Л.​У.​Хатылёвай, Л.​М.​Камінскай);

Гетерозис и радиоустойчивость растений. Мн., 1977 (разам з У.​Г.​Валодзіным, І.​А.​Гардзеем).

В.​Ф.​Ермакоў.

М.В.Турбін.

т. 16, с. 39

ТУРБІ́НА (франц. turbine ад лац. turbo віхар, вярчэнне),

лапатачны (лопасцевы) рухавік. які ператварае энергію рабочага цела (пары, вадкасці або газу) у мех. энергію вярчэння вала. У залежнасці ад характару рабочага цела адрозніваюць газавую турбіну, гідраўлічную турбіну, паравую турбіну; у залежнасці ад прынцыпу дзеяння — актыўную турбіну і рэактыўную турбіну. Асн. часткі Т.: нерухомыя накіравальныя (сапловыя) прыстасаванні (энергія рабочага цела ператвараецца ў кінетычную); ротары з лапаткамі ці рабочыя колы з лопасцямі (кінетычная энергія рабочага цела ператвараецца ў мех. работу вярчэння вала). Гл. таксама Энергетычнае машынабудаванне.

Схема турбіны: 1 — рабочае цела; 2 — накіравальныя лапаткі; 3 — рабочае кола; 4 — вал.

т. 16, с. 39

ТУРБІНА́ Любоў Мікалаеўна (н. 17.7.1942, г. Ашгабат),

бел. паэтэса, літаратуразнавец, перакладчык. Дачка М.В.Турбіна. Канд. біял. н. (1971). Скончыла БДУ (1964), Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1980). Працавала ў Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі, у 1984—2000 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. З 2001 у Маскве. Друкуецца з 1974. Піша на рус. і бел. мовах. У зб-ках паэзіі «Вуліца маленства» (1981), «Горад кахання» (1988), «Наша надзея жывая, калі плачам...» (1991) творы пра каханне, асэнсаванне лёсу свайго пакалення, эмацыянальнасць. Даследуе праблемы параўнальнага літ.-знаўства, бел.-цюркскія літ. сувязі. На рус. мову пераклала асобныя творы М.​Багдановіча, Р.​Барадуліна, Г.​Каржанеўскай, М.​Стральцова і інш.

т. 16, с. 39

ТУРБІ́ННАЕ БУРЭ́ННЕ,

спосаб праходкі свідравін з дапамогай турбабура. Выкарыстоўваецца для бурэння ў асн. нафтавых і газавых свідравін і дазваляе бурыць звышглыбокія свідравіны.

Турбабур уяўляе сабой шматступеньчатую турбіну, вал якой круціць долата непасрэдна ці праз рэдуктар. Турбіна прыводзіцца ў дзеянне гліністым растворам. які пад ціскам падаецца ў свідравіну па трубах. Адна- і шматсекцыйныя турбабуры выкарыстоўваюцца для бурэння свідравін дыяметрам да 600 мм. Іл. гл. да арт. Буравы інструмент.

т. 16, с. 39

ТУРБУЛЕ́НТНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ (ад лац. turbulentus бурны, бязладны),

цячэнне вадкасці ці газу, пры якім асобныя часцінкі рухаюцца неўпарадкавана, па складаных траекторыях. Скорасць, т-ра, ціск і шчыльнасць асяроддзя характарызуюцца пры гэтым хаатычнымі флуктуацыямі. Ад ламінарнага цячэння адрозніваецца інтэнсіўным перамешваннем, цеплаабменам, вял. значэннямі каэф. трэння, размеркаваннем усярэдненай скорасці па сячэнні патоку (пры Т.ц. ў трубцы макс. значэнне скорасці патоку перавышае яе сярэдняе значэнне ў 1,23 раза, пры ламінарным — у 2 разы) і інш. Цячэнне становіцца турбулентным, калі яго Рэйнальдса лік перавышае крытычнае значэнне. У прыродзе і тэхніцы большасць цячэнняў вадкасцей і газаў турбулентныя.

Да арт. Турбулентнае цячэнне. Формы цячэнняў: а — ламінарнае, б — турбулентнае цячэнні.
Да арт. Турбулентнае цячэнне. Профіль усярэдненай скорасці: а — пры ламінарным. б — пры турбулентным цячэннях.

т. 16, с. 40