Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́НТЫ (лац. antae) у архітэктуры, выступы падоўжных сцен будынка, якія агароджваюць уваход. Найбольш часта сустракаюцца ў стараж.-грэч. храмах, тып якіх атрымаў назву «храм у антах».

т. 1, с. 394

АНТЫАЗАНА́НТЫ,

хімічныя рэчывы, якія павышаюць устойлівасць гумы да разбурэння (растрэсквання) пад уздзеяннем атм. азону. Падзяляюцца на хімічнаактыўныя (рэагуюць з азонам з большай скорасцю, чым макрамалекулы каўчуку) і інертныя (утвараюць на паверхні вырабу эластычную ахоўную плёнку, напр., парафін, воск і інш.). Уваходзяць у гумавую сумесь пры яе вытв-сці (1—3% ад масы каўчуку) ці іх наносяць на паверхню вырабу.

т. 1, с. 394

АНТЫАКСІДА́НТЫ,

антыакісляльнікі, прыродныя ці сінтэтычныя рэчывы, якія затрымліваюць акісляльныя працэсы ў арган. рэчывах. Механізм дзеяння найб. пашыраных антыаксідантаў (амінаў араматычных, фенолаў, нафтолаў, сульфідаў, фасфітаў) заснаваны на іх уласцівасці абрываць ланцуговую хімічную рэакцыю акіслення ў выніку ўзаемадзеяння з актыўнымі радыкаламі і прамежкавымі прадуктамі. Прадухіляюць, напр., старэнне палімераў, асмаленне паліва, прагарканне тлушчаў і інш. Некаторым антыаксідантам уласцівы сінергізм. Прыродныя антыаксіданты — вітаміны Е, выкарыстоўваюцца ў харч. прам-сці.

т. 1, с. 394

АНТЫА́РХІ

(Antiarchi),

падклас вымерлых панцырных рыб кл. пласцінаскурых. Вядомы з сярэдняга і позняга дэвону ўсіх мацерыкоў. 2 атрады. Жылі ў прэсных і саленаватых вадаёмах. Тыповыя прадстаўнікі антыархаў — батрыялепісы (Bothriolepis). На Беларусі рэшткі антыархаў выяўлены ў Аршанскай і Прыпяцкай упадзінах у пясчана-гліністых і гліністакарбанатных пародах сярэдняга дэвону.

Даўж. да 1 м. Адрозніваюцца ад прадстаўнікоў падкл. артрадыраў размяшчэннем пласцінак панцыра. Частка тулава, галавы і грудных плаўнікоў укрыта касцявым панцырам, хваставая — луской. Збліжаныя ючы размяшчаліся ў агульнай арбіце на спінным баку галаўнога панцыра. Сківіцы слабыя, у выглядзе 2 пар тонкіх пласцінак, 1—2 спінныя плаўнікі, хваставы — гетэрацэркальны. Прыродныя бентафагі.

т. 1, с. 394

АНТЫ́Б

(Antibes),

кліматычны курорт у Францыі. На У ад Канаў, на ўзбярэжжы Міжземнага мора, каля падножжа Прыморскіх Альпаў. Развіваецца з пач. 20 ст. Субтрапічны клімат з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой, хваёвыя лясы, пясчаны пляж спрыяльныя для адпачынку і лячэння агульнасаматычных хвароб. Буйны цэнтр маст. керамікі, кветкаводства і міжнар. турызму. Музеі, бат. сад, цэнтр зімовага спорту.

т. 1, с. 394

АНТЫБА́КХІЙ

(грэч. antibakcheios),

у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 2 доўгіх і 1 кароткага.

т. 1, с. 394

АНТЫБІЁТЫКІ

(ад анты... + грэч. bios жыцце),

арганічныя рэчывы, што ўтвараюцца ў мікраарганізмах і ў невял. дозах прыгнечваюць жыццядзейнасць інш. мікраарганізмаў, вірусаў і клетак. Да антыбіётыкаў адносяць таксама раслінныя (фітанцыды) і жывёльнага паходжання рэчывы з антымікробным дзеяннем. Вядома каля 4 тыс. антыбіётыкаў, у мед. практыцы выкарыстоўваецца каля 60 (першы клінічна эфектыўны антыбіётык пеніцылін адкрыты англ. мікрабіёлагам А.Флемінгам у 1929).

Паводле хім. прыроды антыбіётыкі належаць да розных груп злучэнняў: вугляродзмяшчальныя (неаміцын, канаміцын, стрэптаміцын, амінагліказіды і інш., антыбіётыкі групы рыстаміцыну — ванкаміцын), макрацыклічныя лактоны (эрытраміцын, алеандаміцын, паліены), хіноны і блізкія да іх рэчывы (тэтрацыкліны, антрацыкліны), пептыды і пепталіды (пеніцыліны, інтэрферон, граміцыдзін С, актынаміцыны) і інш. Паводле механізма дзеяння адрозніваюць антыбіётыкі, якія парушаюць сінтэз клетачных абалонак бактэрый (пеніцыліны і інш.), бялкоў (тэтрацыкліны, хлорамфенікол і інш.), нуклеінавых кіслот (проціпухлінныя антыбіётыкі — аліваміцын, рубаміцын, кармінаміцын і інш.), разбураюць цэласнасць цытаплазматычных мембран (паліены) і біяэнергет. працэсаў (граміцыдзін С). Антыбіётыкі могуць мець шырокі спектр дзеяння (уплываюць на грамдадатныя і грамадмоўныя бактэрыі, напр. тэтрацыкліны) і вузкі (актыўныя пераважна да грамдадатных мікробаў, напр. пеніцылін, рыфампіцын).

На лек. і гасп. мэты антыбіётыкі атрымліваюць гал. чынам мікрабіял. сінтэзам на аснове бактэрый і мікраскапічных грыбкоў (пераважна актынаміцэтаў), частку — хім. сінтэзам або хім. мадыфікацыяй прыродных антыбіётыкаў. Выкарыстоўваюць на лячэнне інфекц. хвароб чалавека, жывёл і раслін, для паскарэння росту і развіцця маладняку, як кансерванты, пры вывучэнні тонкіх механізмаў біяхім. пераўтварэнняў, праблем анкалогіі і функцыянавання жывых клетак.

Літ.:

Молекулярные основы действия антибиотиков: Пер. с англ. М., 1975;

Handbook of Antibiotic Compounds. Vol. 1—7. Boca — Batorn, 1980—81.

т. 1, с. 394

АНТЫВАЕ́ННЫ РУХ,

гл ў арт. Пацыфізм.

т. 1, с. 395

АНТЫВІТАМІ́НЫ

(ад анты... + вітаміны),

рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.

т. 1, с. 395

АНТЫГАНІ́ДЫ,

дынастыя цароў Македоніі ў 306—168 да н.э. Заснавальнік Антыгон І Аднавокі

[306—301] — палкаводзец Аляксандра Македонскага; абвясціў царом сябе і свайго сына Дэметрыя І Паліяркета [306—286]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Антыгон II Гонат [283—239],

Дэметрый II [239—229], Антыгон III Досан [229—221], Філіп V [221—179]. Апошні з Антыганідаў Персей скінуты рымлянамі і ўзяты ў палон у 168 да н.э.

т. 1, с. 395