АНГА́РСКІ КРАЖ,
у Расійскай Федэрацыі, на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я, пераважна ў бас. р. Ангара. Даўж. каля 800 км. Выш. да 1022 м. Складаецца з паралельных градаў з выраўнаванымі міжрэччамі. На ПнУ — лістоўнічная тайга, на ПдЗ — хваёвыя лясы з масівамі піхтава-кедравай тайгі.
т. 1, с. 342
АНГАРЫ́ДА,
мацярык, які існаваў на месцы Паўн. Азіі ў 2-й палавіне палеазою і пачатку мезазою. Утварыўся ў выніку герцынскага тэктагенезу, што злучыў у адзіны кантынент Сібірскую і Кітайска-Карэйскую стараж. платформы і некат. зоны байкальскай і каледонскай кансалідацыі. На Пд аддзяляўся морам Тэтыс ад Гандваны, у выніку распаду якой да Ангарыды далучыліся Аравійская пліта і Індыйская платформа і ўтварыўся суперкантынент Еўразія.
т. 1, с. 342
АНГА́РЫЯ
(грэч. angareia),
1) у Рымскай імперыі, Візантыі, дзяржавах сярэдневяковай Еўропы (імперыі Каралінгаў, Балгарыі, Польшчы і інш.) дзярж. ямская павіннасць — пастаўка ўючнай жывёлы для дзярж. перавозак. У 13—14 ст. у Візантыі і Балгарыі ангарыя ўключала і інш. павіннасці (работа на буд-ве дарог, мастоў, крэпасцяў).
2) У Візантыі, феад. Італіі і некаторых інш. краінах Еўропы паншчына і інш. павіннасці на карысць землеўладальніка. З) У міжнар. праве захоп дзяржавай, якая ваюе, у сваіх портах гандл. суднаў нейтральных краін для выкарыстання ў ваен. мэтах (перавозкі войскаў, узбраення і інш.).
т. 1, с. 342
АНГАРЭ́ЦІС
(сапр. Алекса Зігмас Іонавіч; 25.6.1882, в. Абялупяй Вілкавішкскага р-на, Літва — 22.5.1940),
дзеяч Кампартыі Літвы і Беларусі, гісторык. Чл. С.-д. партыі Літвы з 1906. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1909 зняволены ў турму, у 1915 сасланы на Ангару (адсюль псеўданім). У 1917 чл. Петраградскага к-та РСДРП(б). Са снеж. 1917 нам. камісара па літоўскіх справах пры Наркамнацы. У 1919 нарком унутр. спраў Літ.-Бел. ССР, чл. Прэзідыума, у 1920 чл. Палітбюро ЦК КП(б)ЛіБ. З вер. 1920 сакратар Замежнага бюро ЦК КПЛ, з 1921 прадстаўнік КПЛ у Выканкоме Камінтэрна, з 1923 чл. Палітбюро ЦК КПЛ. У 1926—35 сакратар Інтэрнац. кантрольнай камісіі Камінтэрна. Аўтар «Гісторыі рэвалюцыйнага руху і барацьбы рабочых Літвы» (т. 1—2, 1921). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
т. 1, с. 342
АНГЕ́ЛІНА Праскоўя Мікітаўна
(12.1.1913, в. Старабешава Данецкай вобл. — 21.1.1959),
трактарыстка, арганізатар (1933) і брыгадзір першай у СССР жаночай трактарнай брыгады. Скончыла Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1940). Двойчы Герой Сац. Працы (1947, 1958). Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—58. Дзярж. прэмія СССР 1946.
т. 1, с. 342
А́НГЕЛЫ,
дынастыя візант. імператараў у 1185—1204. Прыйшлі да ўлады пасля звяржэння Андраніка І Камніна. Заснавальнік дынастыі Ісак II (правіў у 1185—95 і ў 1203—04); прадстаўнікі: Аляксей III (брат Ісака II, 1195—1203), Аляксей IV (сын Ісака II, правіў разам з ім у 1203—04). Складаныя ўнутр. і знешнія паліт. абставіны, сепаратызм правінцый, нянавісць насельніцтва Канстанцінопаля да апошніх з Ангелаў, якія падтрымлівалі крыжаносцаў, прывялі да звяржэння дынастыі.
т. 1, с. 342
АНГЕ́ЛЬНСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, тое, што англерская парода.
т. 1, с. 342
АНГЕМІТО́НІКА
(ад ан... + гемі... + грэч. tonos тон),
гукавая сістэма, заснаваная на беспаўтонавых гукавых суадносінах. Разнавіднасці ангемітонікі — 3-, 4-, 5-ступенная (пентатоніка) у аб’ёмах кварты, квінты, а таксама актавы, малой сексты, септымы. Тыповая інтанацыя — трыхорд у кварце (напр., рэ-фасоль). На ангемітоннай, у прыватнасці пентатоннай, сістэме засн. музыка многіх народаў (кітайцаў, манголаў, татараў, башкіраў, буратаў, шатландцаў і інш.). У слав. народаў ангемітоніка часта спалучаецца з дыятанічнымі сістэмамі, але сустракаецца і ў чыстым выглядзе, асабліва ў песенным фальклоры стараж. пласта.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. гр. М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977.
З.Я.Мажэйка.
т. 1, с. 342
АНГІДРЫ́ДЫ,
хімічныя злучэнні; вытворныя арган. і неарган. кіслот, якія ўтвараюцца пры іх дэгідратацыі. Ангідрыды неарган. кіслот — аксіды кіслотаўтваральных элементаў [напр., серны ангідрыд (SO3), фосфарны (P2O5), вугальны (CO2) і інш.] можна атрымліваць таксама акісленнем простых рэчываў; ангідрыды арган. кіслот [напр., воцатны ангідрыд (CH3CO)2O, малеінавы (C2H2CO2)2O] — кандэнсацыяй іх вытворных. Ангідрыды гідралізуюцца да адпаведных кіслот. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў, таксама як асушальнікі, ацыліруючыя сродкі.
т. 1, с. 343