Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬТШУ́ЛЬ Алена Барысаўна

(н. 4.4.1964, Мінск),

бел. спартсменка (міжнар. стаклетачныя шашкі). Скончыла Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1985). Чэмпіёнка (1980, 1982—84, 1986), віцэ-чэмпіёнка (1979, 1987) свету ў асабістым першынстве. Чэмпіёнка СССР у асабістым першынстве (1978, 1979, 1982). Пераможца і прызёр усесаюзных спаборніцтваў. З 1991 жыве ў Германіі.

т. 1, с. 285

АЛЬТЫМЕ́ТР,

гл. ў арт. Вышынямер.

т. 1, с. 285

АЛЬТЫПЛА́НА

(Altiplano),

заходняя частка ўнутр. пласкагор’я Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі, у Перу і Балівіі. Займае катлавіны (днішчы) вял. азёраў, якія існавалі ў плейстацэне. Ляжыць на выш. 3300—3800 м. Алювіяльныя раўніны, азёры — Тытыкака і Паапо, саланчакі Уюні і Кайпаса (рэшткі стараж. азёраў), вулканічныя плато і асобныя масівы (да 5300 м). Клімат высакагорны, трапічны. Сярэднямесячныя т-ры ад 6 да 11 °C. Альтыплана — вобласць унутр. сцёку, гал. р. Дэсагуадэра. На Пн, дзе выпадае 500—700 мм ападкаў за год, — горны злакавы стэп, на З і Пд (ападкаў да 300 мм) — пустынная і паўпустынная расліннасць. Альтыплана — найб. заселеная ч. Балівіі.

т. 1, с. 285

АЛЬТЭРА́ЦЫЯ

(ад лац. alteratio змяненне) у музыцы, 1) павышэнне або паніжэнне ступені асн. гукарада без змены яе назвы. Знакі альтэрацыі: ♯ (дыез, павышэнне на паўтон),

♭ (бемоль, паніжэнне на паўтон), 𝄪 (дубль-дыез, павышэнне на тон), ♭♭ (дубль-бемоль, паніжэнне на тон), ♮ (бекар, адмаўленне ад папярэдняга павышэння ці паніжэння гуку). Знакі альтэрацыі, выстаўленыя ў пач. нотнага радка пры ключы, дзейнічаюць ва ўсіх актавах, пакуль іх не зменяць, знакі альтэрацыі перад нотай (выпадковыя) — толькі ў адной актаве ў межах аднаго такта.

2) У вучэнні аб гармоніі — адзін з тыпаў храматыкі (гл. Храматызм).

т. 1, с. 285

А́ЛЬТЭРМАН

(Altermann) Тэадор Юр’евіч (24.11.1885, в. Равіла, Эстонія — 31.3.1915),

эстонскі акцёр. Творчую дзейнасць пачаў у 1902. Адзін з арганізатараў і акцёр (з 1906) т-ра «Эстонія». Стварыў яркія вобразы Лео Саалепа і Пійбілехта («Няўлоўны цуд» і «Дамавік» Э.Вільдэ), Барона («Скупы рыцар» А.Пушкіна), Атэла, Гамлета (аднайм. п’есы У.Шэкспіра). Ігра Альтэрмана вылучалася майстэрствам пераўвасаблення, унутранага маналога. Як рэжысёр паставіў «Няўлоўны цуд», «Маскарад» М.Лермантава, «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага і інш.

т. 1, с. 285

АЛЬТЭРНАНТЭ́РА

(Alternanthera),

тэлантэра, род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 200 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі некалькі відаў: альтэрнантэра рознакаляровая (A. versicolor), прыемная (A. amabilis), прыгожая (A. amoena) і інш., вырошчваюцца ў адкрытым грунце як лісцева-дэкаратыўныя.

Адна-, шматгадовыя травяністыя або паўкустовыя расліны. Лісце прадаўгавата-авальнае, цэласнае, рознага колеру — ружова-бурае, цёмна-фіялетавае, жоўта-зялёнае, на сонцы набывае асабліва яркую афарбоўку. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у коласападобных або галоўчатых суквеццях. Размнажаюцца чаранкамі. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве.

т. 1, с. 285

АЛЬТЭРНАРЫЁЗЫ,

інфекцыйныя хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду альтэрнарыя. Крыніца інфекцыі — заражаныя насенне, расліны і пасляўборачныя рэшткі. Альтэрнарыёзы рэзка зніжаюць ураджайнасць, усходжасць насення, захаванасць пладоў. На Беларусі найб. шкаданосны альтэрнарыёз капусты — чорная плямістасць. Пашкоджвае ўсе наземныя ч. расліны, асабліва насеннікі, лісце і струкі якіх пакрываюцца цёмным напыленнем. Насенне робіцца шчуплае або зморшчваецца і засыхае. На лісці качаноў утвараюцца цёмныя плямы, тканкі якіх паступова адміраюць. Пашырэнню хваробы спрыяе вільготнае надвор’е. Альтэрнарыёз морквы — чорная гніль, пашкоджвае расліны ў час росту і пры захоўванні, асаблівыя страты наносіць насеннікам. На ўсходах хвароба праяўляецца ў выглядзе чорнай ножкі, пазней лісце жаўцее, вяне і засыхае. У сховішчах морква чарнее і гніе. Альтэрнарыёз бульбы і памідораў выяўляецца на лісці, сцяблах, чаранках, пладах. Альтэрнарыёз вядомы таксама на збожжавых, бабовых культурах, яблыні, грушы, агрэсце, табацы. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, пратручванне насення, знішчэнне раслінных рэшткаў і інш.

т. 1, с. 285

АЛЬТЭРНА́РЫЯ

(Alternaria),

род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Больш за 100 відаў. Пашырана па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 10 відаў: паслёнавая (A. solani), капусная (A. brassicae), агурковая (A. cucumerina), парэю (A. porri), каранёвая (A. radicina), чаргаваная (A. tenuis) і інш. Сапратрофы. Узбуджальнікі альтэрнарыёзаў с.-г. раслін. Выклікаюць сухую і мокрую гніль пладоў і агародніны ў час вегетацыі і асабліва пры захоўванні, мікозы чалавека і жывёл.

Міцэлій шматклетачны, гаплоідны, развіваецца ў тканках або паверхневы, бясколерны, з узростам набывае аліўкавы ці аліўкава-буры колер. Размнажаецца канідыямі. Канідыяльны напыл аксамітны, кропкавы, аліўкавы або чорны. Альтэрнарыі зімуюць міцэліем у глебе, на раслінных рэштках.

т. 1, с. 286

АЛЬТЭРНАТЫ́ВА

(франц. alternative ад лац. alter адзін з двух),

неабходнасць выбару аднаго з двух або некалькіх рашэнняў (магчымасцяў), якія ўзаемавыключаюць адно аднаго. Кожную з гэтых магчымасцяў часам называюць альтэрнатывай.

т. 1, с. 286

АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,

асобны від працоўнай дзейнасці, якім замяняецца тэрміновая ваенная служба. Альтэрнатаўная служба датычыцца грамадзян, што прыгодныя да ваен. службы ва ўзбр. сілах, але па сваіх рэліг., пацыфісцкіх перакананнях або інш. прычынах не могуць прымяняць зброю і баявую тэхніку і адмаўляюцца ад ваен. службы. Грамадзяне, якія знаходзяцца на альтэрнатыўнай службе, працуюць санітарамі, даглядаюць састарэлых і інш. Альтэрнатыўная служба існуе ў многіх краінах (напр., Бельгіі, Галандыі, Германіі, Францыі і інш.).

т. 1, с. 286