АЛЬТЭРНАРЫЁЗЫ,

інфекцыйныя хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду альтэрнарыя. Крыніца інфекцыі — заражаныя насенне, расліны і пасляўборачныя рэшткі. Альтэрнарыёзы рэзка зніжаюць ураджайнасць, усходжасць насення, захаванасць пладоў. На Беларусі найб. шкаданосны альтэрнарыёз капусты — чорная плямістасць. Пашкоджвае ўсе наземныя ч. расліны, асабліва насеннікі, лісце і струкі якіх пакрываюцца цёмным напыленнем. Насенне робіцца шчуплае або зморшчваецца і засыхае. На лісці качаноў утвараюцца цёмныя плямы, тканкі якіх паступова адміраюць. Пашырэнню хваробы спрыяе вільготнае надвор’е. Альтэрнарыёз морквы — чорная гніль, пашкоджвае расліны ў час росту і пры захоўванні, асаблівыя страты наносіць насеннікам. На ўсходах хвароба праяўляецца ў выглядзе чорнай ножкі, пазней лісце жаўцее, вяне і засыхае. У сховішчах морква чарнее і гніе. Альтэрнарыёз бульбы і памідораў выяўляецца на лісці, сцяблах, чаранках, пладах. Альтэрнарыёз вядомы таксама на збожжавых, бабовых культурах, яблыні, грушы, агрэсце, табацы. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, пратручванне насення, знішчэнне раслінных рэшткаў і інш.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)