АНТРО́ПАЎ Аляксей Пятровіч
(25.3.1716, С.-Пецярбург — 23.6.1795),
рускі жывапісец-партрэтыст. Вучыўся ў «Канцылярыі ад будаўніцтва» ў Пецярбургу (з 1732) у А.М.Мацвеева, з 1739 працаваў там у «жывапіснай камандзе» ў І.Я.Вішнякова. Удзельнічаў у размалёўцы палацаў у Пецярбургу (1744—50), яго прыгарадах і ў Маскве, Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Партрэты Антропава часткова звязаны з традыцыямі парсуны, жывапіснымі прыёмамі барока, адметныя праўдзівасцю характарыстык (А.Ізмайлавай, 1759, атамана Ф.І.Краснашчокава, 1761, Пятра III, 1762, і інш.).
т. 1, с. 393
АНТРЫ́Т
(ад лац. antrum пячора, поласць + ...im),
запаленне слізістай абалонкі і касцявых сценак поласці соскападобнага адростка скроневай косці — антрума. Назіраецца ў дзяцей першых месяцаў жыцця. Узнікае як ускладненне вострага сярэдняга атыту, іншы раз ад агульнага знясілення арганізма (пры таксічнай дыспепсіі, пнеўманіі). Падстава на падазрэнне антрыту — цяжкі, зацяжны, востры атыт і завушны абсцэс пасля прарыву гною з антрума. Лячэнне хірургічнае.
т. 1, с. 393
АНТРЭ́
[ад франц. entree уваход, выхад (на сцэну)],
1) у цырку — першапачаткова з’яўленне клоуна на манежы. У сучасным цырку сюжэтная, размоўная ці пантамімічная сцэнка, якую выконвае клоун. Складаецца з рэпрызаў, эксцэнтрычных і буфанадных трукаў, элементаў пародыі і пантамімы.
2) У балеце — уступная частка разгорнутага па-дэ-дэ (па-дэ-труа), выхад аднаго ці некалькіх выканаўцаў.
т. 1, с. 393
АНТРЭМО́Н
(Entremont),
стараж. кельта-лігурыйскі абарончы і культавы цэнтр каля г. Экс-ан-Праванс (Францыя), сталіца плямёнаў соліяў. Пабудаваны ў 3 ст. да н.э., разбураны рымлянамі ў 124 да н.э. Гар. сцены з вежамі, складзеныя з каменных блокаў, захаваліся на выш. да 4 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі чатырохвугольных каменных дамоў, каналізацыі. У найб. высокім месцы знаходзілася свяцілішча, дзе захаваліся каменныя слупы з выявамі мужчынскіх, жаночых і дзіцячых галоў, рэшткі шматлікіх скульптур — фігур воінаў і, верагодна, багоў.
т. 1, с. 393
АНТРЭПРЫ́ЗА
(франц. entreprise),
прыватнае відовішчнае прадпрыемства (тэатр, цырк і інш.), якое створана і ўзначальваецца антрэпрэнёрам.
т. 1, с. 394
АНТРЭПРЭНЁР
(ад франц. entrepreneur прадпрымальнік),
уладальнік, арандатар, гаспадар прыватнага відовішчнага прадпрыемства (т-ра, цырка і інш.) — антрэпрызы або арганізатар гастрольных турнэ труп і асобных акцёраў. У Зах. Еўропе вядомыя з сярэдзіны 16 ст., на Беларусі — з 1770-х г. Апрача камерцыйных існавалі антрэпрэнёры, звязаныя з т-рам творчымі адносінамі: антрэпрэнёр-акцёр (Р.Бёрбедж, Англія), антрэпрэнёр-рэжысёр (М.Райнгарт, Германія), антрэпрэнёр-драматург (Ж.Б.Мальер, Францыя) і інш. Першым бел. антрэпрэнёрам быў І.Буйніцкі. Функцыі антрэпрэнёра выконвалі Ф.Ждановіч і У.Галубок.
т. 1, с. 394
АНТРЭСО́ЛЬ
(франц. entresol),
1) верхні паўпаверх, убудаваны ў аб’ём асн. паверха; характэрны для асабнякоў і сядзібных дамоў 18—19 ст. Выкарыстоўваюцца і ў інтэр’ерах сучасных грамадскіх збудаванняў, музеяў, выставачных залаў, тэатральных, клубных і інш. будынкаў.
2) Верхняя частка пакоя, падзеленая на 2 паўпаверхі. З) У сучасным жылым доме — паліца пад столлю кватэры.
т. 1, с. 394
АНТУА́Н
(Antoine) Андрэ (31.1.1858, г. Лімож — 19.10.1943),
французскі рэжысёр і акцёр, тэарэтык т-ра. Арганізатар і дырэктар свабоднага т-ра (1887—95) і Т-ра Антуана (1897—1906), дырэктар т-ра «Адэон» (1906—14). З 1914 працаваў у кіно, займаўся тэатр. крытыкай. Прыхільнік і прапагандыст эстэт. прынцыпаў Э.Заля, адстойваў рэалізм у тэатр. мастацтве. Выступаў супраць рамесніцкай «касавай» драматургіі, за ўключэнне ў рэпертуар парыжскіх т-раў прагрэс. франц. і замежнай драмы. Паставіў інсцэніроўкі паводле рамана бр. Ганкур, п’есы Ж.Рэнара, Л.Талстога («Улада цемры», 1888), Г.Ібсена («Здані», 1890), Г.Гаўптмана («Ткачы», 1893) і інш. Выступаў супраць штампаў у акцёрскім і рэжысёрскім мастацтве. Характарны акцёр, майстар мізансцэны. З лепшых роляў: Освальд («Здані»), Акім («Улада цемры») і інш.
Літ.:
Антуан А. Дневники директора театра, 1887—1906: Пер. с фр. М.; Л., 1939.
т. 1, с. 394
АНТЫ...
(грэч. anti...),
прыстаўка, якая абазначае процілегласць, варожасць у адносінах да чаго-н., накіраванасць супраць чаго-н., тое, што і «проці...», напр., антыбіётыкі, антыгены.
т. 1, с. 394
А́НТЫ
(грэч. Antai),
назва аб’яднання ўсх.-слав. плямёнаў у творах візант. і гоцкіх пісьменнікаў 6 — пач. 7 ст. Засялялі стэп і лесастэп паміж Днястром і Дняпром. Асн. занятак — земляробства; пераважала сельская абшчына. Працэс складвання дзяржавы, які пачаўся ў 3—4 ст., не быў завершаны. Вядомы правадыры («рэксы») антаў — Бож, Ардагаст, Пірагаст, Межамір і інш. Мелі моцную ваен. арг-цыю. У 4 ст. ваявалі з готамі, у 6 ст. — з Візантыяй і аварамі. На пач. 7 ст. аб’яднанне распалася.
т. 1, с. 394