Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСІМЕ́ТРЫ́Я,

адсутнасць ці парушэнне сіметрыі.

т. 2, с. 29

АСІМІЛЯЦЫ́ЙНАЯ ЁМІСТАСЦЬ экалагічнай сістэмы, колькасць шкодных рэчываў, якую экасістэма здольная за адзінку часу назапасіць, разбурыць (перапрацаваць) і вывесці за свае межы без парушэння нармальнага яе функцыянавання. На велічыню паказчыка асіміляцыйнай ёмістасці ўплываюць мноства прыродных і антрапагенных фактараў, фіз. і хім. ўласцівасці рэчываў, але вызначальная роля належыць біял. працэсам. напрыклад, пры практычнай ацэнцы асіміляцыйнай ёмістасці акіяна найперш улічваюць працэсы акіслення арган. забруджвальнікаў і біял. асаджэння.

т. 2, с. 29

АСІМІЛЯ́ЦЫЯ

(ад лац. assimilatio прыпадабненне),

зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.

2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз. акамадацыяй.

3) У біялогіі тое, што анабалізм.

4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.

т. 2, с. 29

АСІМПТАТЫ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ у матэматыцы, параўнальна простая элементарная функцыя, набліжана роўная (з любой папярэдне зададзенай дакладнасцю) больш складанай функцыі пры імкненні яе аргумента да пэўнага значэння (напр., пры вял. значэннях аргумента). Напрыклад, пры x→0 ln (1 + x) ~ x, sin x ~ x, калі ўраўненне y = kx — асімптатычны выраз функцыі y = f(x) пры малых значэннях x, то такую функцыю можна вызначыць як f(x) = kx + a(x), дзе a(x)→0 пры x→0. У самым агульным выпадку асімптатычны выраз — гал. член больш складаных (і дакладных) набліжаных выразаў, якія наз. асімптатычнымі шэрагамі або раскладаннямі. Выкарыстоўваецца ў лікавых задачах у матэматыцы, механіцы, фізіцы.

т. 2, с. 30

АСІМПТО́ТА

(ад грэч. asymptōtos які не супадае) крывой з бесканечнай галінай, прамая, да якой гэта галіна неабмежавана набліжаецца. напрыклад, асімптота гіпербалы y = 1/x — восі каардынат Ox і Oy. Крывая можа перасякаць сваю асімптоту (напр., графік затухальных ваганняў) або зусім не мець асімптоты (напр., парабала). Калі графік функцыі y = f(x) пры вялікіх х мае асімптоту, што вызначана ўраўненнем y = kx + b, то гэту функцыю можна вызначыць як f(x) = kx + b + a(x),

дзе a(x)→0 пры x→∞. Выкарыстоўваецца ў матэм. аналізе.

т. 2, с. 30

АСІ́НА,

таполя дрыжачая (Populus tremula), лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.

Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.

т. 2, с. 30

АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́,

асіннікі, драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс. га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.

т. 2, с. 30

АСІНАГАРАДО́К,

вёска ў Беларусі, у Казлоўшчынскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 50 км на У ад Паставаў, 200 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Навадруцк. 224 ж., 93 двары (1995). Пакроўская царква.

т. 2, с. 30

АСІ́НАЎКА,

возера ў Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Мёры. Пл. 1,16 км², даўж. 3,85 км, найб. шыр. 0,52 км, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Пл. вадазбору 31,1 км².

Схілы спадзістыя, на ПдУ і ПдЗ стромкія. Берагі нізкія, парослыя хмызняком, на ПнУ сплавінныя. Дно карытападобнае з упадзінамі і падняццямі. У паўн. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глей і сапрапель. Расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ворань і Мёрскае.

т. 2, с. 30

АСІ́НАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Пуцькаўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобласці. Цэнтр саўгаса «Асінаўскі». За 20 км на У ад Чавусаў, 65 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Верамейкі. 305 ж., 123 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. Воінаў.

т. 2, с. 30