БЕ́РХТЭСГАДЭН
(Berchtesgaden),
горнакліматычны курорт у Германіі паблізу граніцы з Аўстрыяй (на. Пд ад г. Зальцбург). Размешчаны ў міжгорнай катлавіне Усх. Альпаў. Як курорт і цэнтр турызму развіваецца з 19 ст. Мяккая зіма і цёплае лета, ахаванасць ад вятроў, насычанае азонам чыстае паветра ствараюць умовы, спрыяльныя для лячэння неспецыфічных хвароб органаў дыхання, малакроўя, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Цэнтр зімовага спорту.
т. 3, с. 123
БЕ́РЦА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,42 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 3,83 км. Пл. вадазбору 9 км².
Схілы катлавіны ў ніжняй частцы стромкія, пясчаныя, парослыя лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пн і Пд нізкія, пад лесам. Дно плоскае, да глыб. 2 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадае ручай, пратокай злучана з воз. Дубра.
т. 3, с. 123
БЕРЦЬЕ́
(Berthier) Луі Аляксандр (20.11.1753, г. Версаль, Францыя — 1.6.1815),
ваенны і дзярж. дзеяч Францыі, маршал (1804). Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША (1775—83). З 1789 нач. штаба нац. гвардыі Версаля. У 1792—95 удзельнічаў у задушэнні мяцяжоў у Вандэі. У 1796—97 нач. штаба, у 1797—98 камандуючы франц. Італьянскай арміяй. Ваенны міністр (1799, 1801—07) і нач. штаба пры Напалеоне. З 1814 на службе ў Людовіка XVIII. Распрацаваў асновы штабной службы, прынятыя пазней усімі еўрап. Арміямі. У час «ста дзён» Напалеона скончыў самагубствам.
т. 3, с. 123
БЕРЦЭ́ЛІУС
(Berzelius) Ёнс Якаб (20.8.1779, Веверсунда, каля г. Лінчэпінг, Швецыя — 7.8.1848),
шведскі хімік і мінералог. Чл. Каралеўскай шведскай АН (1808), яе прэзідэнт (1810—18). Скончыў Упсальскі ун-т (1801). У 1802—32 працаваў у Медыка-хірургічным ін-це ў г. Стакгольм. Адкрыў хім. элементы цэрый, селен, торый. Стварыў электрахім. тэорыю хім. роднасці, на яе аснове пабудаваў класіфікацыю элементаў, злучэнняў і мінералаў. Вызначыў ат. масы 45 хім. элементаў, увёў сучасныя сімвалы хім. элементаў, прапанаваў тэрмін «каталіз». Аўтар падручнікаў па хіміі.
Літ.:
Соловьев Ю.И., Курнной В.И. Якоб Берцелиус: Жизнь и деятельность. 2 изд. М., 1980.
т. 3, с. 124
БЕ́РШТАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
Бярштанскае возера, у Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Котра, за 36 км на ПнЗ ад г. Шчучын. Пл. 1,68 км², даўж. 3,36 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 17 м. Пл. вадазбору 43 км².
Схілы тэрасаваныя, разараныя, месцамі парэзаныя ярамі, частка пад хваёвым лесам. Берагі стромкія, паўд.-ўсх. спадзістыя. Дно сапрапелістае. З астравы агульнай пл. 0,09 га. Каля берагоў і на водмелях зарастае. Пратокай злучана з р. Котра, упадаюць р. Рудна і меліярац. канал.
т. 3, с. 124
БЕ́РШТЫ,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Котра і на беразе воз. Берштаўскае. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі «Бершты» Гродзенскага ВА «Хваля». За 44 км на ПнЗ ад Шчучына, 55 км ад Гродна, 21 км ад чыг. ст. Парэчча. 240 ж., 110 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1460. У 15—16 ст. тут быў двор вял. князёў ВКЛ, у 1496 адбыўся сойм ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1886 — 936 ж., 117 двароў, нар. вучылішча, фельчарскі пункт. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Берштах 387 ж, 140 двароў.
У вёсцы базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік драўлянага дойлідства 19 ст. — царква. Каля Берштаў выяўлены стаянкі мезаліту, нёманскай культуры неаліту і бронзавага веку. У 1889 каля Берштаў знойдзены адзін з найб. манетных скарбаў 17 ст. на Беларусі (каля 6 тыс. манет).
т. 3, с. 124
БЕ́РЫ
(Berry, Berri),
гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Шэр, Эндр, часткова Алье. Пл. 14,3 тыс. км². Нас. каля 600 тыс. чал. (1990). Гал. горад Бурж. Рэльеф узгорысты і нізкагорны. Клімат умераны. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіта маш.-буд. (у т. л. с.-г.), авіябуд., харч., хім., тэкст. (шарсцяная), шкларобчая, керамічная прам-сць. Гал. прамысл. цэнтры Бурж, Шатару, В’ерзон, Ісудзён. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжавых, садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак.
т. 3, с. 124
БЕ́РЫ,
нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з буйнейшых у свеце. На шэльфе, паўд. ч. на сушы. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1964, распрацоўка мацерыковай ч. з 1967, марской ч. з 1971. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1055 млн. т. Паклады на глыб. 2,2—2,3 км. Шчыльн. нафты 876 кг/м². Нафтаправод да порта Рас-Танура.
т. 3, с. 124
БЕРЫ́Л
(грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію ВеО, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
т. 3, с. 124
БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць берылій у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Гал. мінералы: берыл, фенакіт, бертрандыт, гельбертрандыт, хрызаберыл, гельвін, гентгельвін, эўклаз, лейкафан і інш. Радовішчы эндагенныя постмагматычныя. Аксіду берылію ВеО у берыліевых рудах ад 0,05—0,09 да 0,7%. Радовішчы ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Мексіцы, ПАР і інш.
т. 3, с. 124